У оператора по доращиванию молодняка СП «Дуниловичи-агро» Екатерины Шитько свои методы работы

Сельское хозяйство

Пад песні Баскава і Наталі ў вазе цяляткі прыбылі

Зацікавіліся, дзе такая «тэхналогія»? На сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра». А ўкараніла яе аператар па дарошчванні маладняку Кацярына Шыцько.

Безумоўна, у гэтых радках прысутнічае перабольшанне. Гадаванцы Кацярыны Фёдараўны добра прыбываюць у вазе дзякуючы кармам ды выключнаму старанню работніцы. Але папулярныя песні, сапраўды, гучаць у цялятніку.

— Чула па радыё, што каровы даюць больш малака, калі грае музыка, — дзеліцца Кацярына Шыцько. — Падумала, што яна карысная і для цялятак. А мне весялей працаваць.

Зараз у групе 52 цяляці ва ўзросце ад 2 да 4 месяцаў, у кожнай клетцы — па 2-3. «Мае Бельчыкі, Чарнушкі, — ахвотна паказвае сваіх гадаванцаў Фёдараўна. — А вось інвалідзік. Бачыце: шыйка скрыўленая. Яго асабліва шкадую. Ды ўсіх люблю. Магу і пацалаваць у пыску. А калі захварэе каторы, то нават плачу».

Жывёлавод Кацярына Шыцько з СП «Дунілавічы-агра»

Каб выратаваць цяляці ад хваробы, яна не абмяжоўваецца дапамогай спецыялістаў. Сама запарвае дубовую кару і поіць жывёлінку гэтым настоем, прывозіць з дому і дае яйкі.

Кацярына завіхаецца ў цялятніку цэлы дзень. Таму і вынікі выдатныя: гадаванцы добра прыбываюць у вазе, 100-працэнтная іх захаванасць. А які парадак у памяшканні! «Люблю, каб было чыста, — казала жывёлавод. — Рэгулярна мяняю ў клетках подсціл. Клапачуся, каб у кармушках заўсёды было сена, камбікорм, гатую пойла. Цяляткі ж як малыя дзеці. Таму і догляду патрабуюць асаблівага».

— Група ў Кацярыны складаная. Сюды трапляюць цяляткі, якіх адымаем ад кароў, — тлумачыла галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Эма Гасюк. — Іх трэба прывучыць да паення з вядра, паядання сена і камбікорму, што няпроста. Акрамя таго, яна сама на цялежцы і гной з памяшкання вывозіць. Фізічная нагрузка вялікая, але Кацярына нястомная працаўніца. Іншы раз загадчыца фермы або я просім, каб пасядзела, адпачыла, але яна заўсёды знаходзіць сабе занятак. Нават выхадных не бярэ. Перажывае, што ніхто не дагледзіць цялятак так, як сама.

Пры агульным стажы работы ў жывёлагадоўлі два дзесяцігоддзі Кацярына Шыцько ў Дунілавічах толькі год. Яна жыве ў Косаўшчыне. Працавала ў райаграсэрвісе. Калі пачаўся працэс яго банкруцтва, антыкрызісны кіраўнік прапанаваў жанчыне работу на ферме ў Кейзіках або Дунілавічах. Выбрала Дунілавічы. Тут ёй зараз прапануюць і жыллё. Аднак адмаўляецца, не хоча пакідаць сваю вёску. І кожны дзень разам з механізатарамі ездзіць на працу на транспарце сельгаспрадпрыемства за 25 кіламетраў. Шчыруе на сваім рабочым месцы з 7 гадзін раніцы да 7-мі вечара, а летам — яшчэ даўжэй.

— Але мне гэта няцяжка, — гаворыць руплівіца. — Працу сваю вельмі люблю. Добра зарабляю. Абеды і надвячоркі гаспадарка дае ўсяго за 10% ад іх кошту. Як не старацца?

Я глядзела на сыценькіх цялятак, выключную чысціню ў памяшканні, слухала галоўнага заатэхніка, Кацярыну і думала: было б у сельскай гаспадарцы больш такіх патрыётак (не пабаюся гэтага слова), то і паказчыкі гаспадаркі атрымлівалі б намнога вышэйшыя.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.