Выздараўленне прыносіць пазітыў
Хірургічнае аддзяленне 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранслужбы Беларусі арыентавана на аказанне хірургічнай, траўматалагічнай, отарыналарынгалагічнай, афтальмалагічнай, уралагічнай, стаматалагічнай і гінекалагічнай дапамогі. Пацыентам яе аказваюць каля 30 супрацоўнікаў структурнай адзінкі.
Штогод у аддзяленні праводзіцца каля 600 планавых і экстранных аперацыйных умяшальніцтваў. Не адна іх сотня і на рахунку загадчыка хірургічнага блока Сяргея Дзедунова. На варце здароўя ваеннаслужачых ён стаіць ужо чвэрць стагоддзя.
Пачынаў службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў горадзе Ясным Арэнбургскай вобласці Расіі. Працаваў хірургам ардынатарска-хірургічнага аддзялення паліклінікі. А пасля распаду Савецкага Саюза вярнуўся на Радзіму — у Беларусь. Уладкаваўся ў шпіталь, дзе з 1994-га па 2012 год узначальваў хірургічнае аддзяленне. Апошнія 8 гадоў загадвае хірургічным блокам. У абавязкі Сяргея Іванавіча ўваходзіць кансультаванне пацыентаў, лячэнне стацыянарных хворых, правядзенне аперацый. Выконвае хірургічныя ўмяшальніцтвы любой складанасці — ад разразання панарыцыя да аперацый на органах брушной поласці.

— На ўзбраенні медыкаў хірургічнага аддзялення шпіталя — сучасныя УГД-апараты, фібрагастраскопы, лазер, лапараскапічная відэастойка і іншыя. Яны прызначаны рабіць аперацыі больш бяспечнымі, спрашчаць і паляпшаць дыягностыку, — пералічваў Сяргей Дзедуноў. — За мой працоўны стаж аказанне медыцынскай дапамогі значна ўдасканалілася. Для параўнання: на першым месцы службы адзіным сродкам дыягностыкі быў рэнтген.
Падначаленыя і надзейныя памочніцы Сяргея Дзедунова — старшая аперацыйная сястра Святлана Дзячэнка, аперацыйныя сёстры Ірына Жаўнярук, Алена Сапегіна, Надзея Гулікава і Надзея Долман. Яны ўваходзяць у склад аперацыйнай брыгады, рыхтуюць пацыента да аперацыі, стэрылізуюць інструмент і рыхтуюць перавязачны матэрыял. Калектыў хірургічнага блока дружны, зладжаны і ўзаемазаменны на сто працэнтаў.
— Мяркую, нават не варта агучваць, наколькі складаная і адказная ў вас работа. А што дорыць пазітыў? — пытаюся.
— Параўноўваць, у якім стане пацыент паступае ў наша аддзяленне і ў якім выпісваецца, — адказвае без разваг суразмоўца. — Гэты вынік і радуе.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара