В Новоселковской СШ открылась выставка-музей вышивальщицы Лилии Зарецкой

Культура

«Прапісаліся» ў школе вышыўкі

У панядзелак у Навасёлкаўскай СШ адкрылася выстава-музей жыхаркі аграгарадка, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, вядомай у раёне вышывальшчыцы Ліліі Зарэцкай.

Ініцыятыва стварэння музея належыць старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанціну Мядзведзеву. А зыходным пунктам для гэтага стаў мінулагодні Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». У рамках свята ў Пастаўскім Доме рамёстваў была арганізавана выстава работ майстрыхі, пасля якой у чарговы раз паўстала пытанне: а што будзе далей з яе багатай творчай спадчынай?

— Лілія Радзівонаўна непакоілася пра тое, што вышытыя ёю рэчы могуць гадамі ляжаць дома ў шафе і іх мала хто ўбачыць, — расказваў Канстанцін Мядзведзеў. — Гэта было б няправільна. І я падумаў: трэба дапамагчы жанчыне ажыццявіць яе мару адкрыць свой музей. Пачаў шукаць варыянты памяшкання пад яго. Але ўсе не падыходзілі: былі альбо ў чыёйсьці ўласнасці, альбо ў такім стане, што патрабавалі вялікіх фінансавых укладанняў. І вось у пачатку гэтага года ўбачыў адзін пусты пакой у будынку Навасёлкаўскай школы. Пагаварыў наконт яго выкарыстання з дырэктарам навучальнай установы і атрымаў згоду. Знайшоў падтрымку і разуменне ў раённым выканаўчым камітэце. У прыватнасці, садзейнічанне ў вырашэнні пытання аказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў.

Лілія Зарэцкая з дочкамі Таццянай і Вольгай, праўнучкай Соняй у музеі

Амаль усе рамонтныя работы ў будучым музеі выканалі ўласнымі сіламі блізкія Ліліі Зарэцкай — сын і дочкі. Апошнія на свой густ размясцілі ў невялікім пакойчыку шматлікія карціны, дываны, ручнікі, палавікі і падушачкі вышывальшчыцы, сярод якіх знайшлося месца яе партрэту і больш чым дзясятку дыпломаў, грамат і падзяк. У выніку атрымалася цікава і вельмі каларытна. Калі трапляеш сюды, адразу ўражвае неверагоднае буйства фарбаў. Яны «б’юць» з усіх бакоў, бо кожны сантыметр сцен і падлогі завешаны і засцелены яркімі, самабытнымі вырабамі.

Па жаданні майстрыхі першымі наведвальнікамі выставы-музея сталі школьнікі. Ім жанчына хацела паказаць, як умелі раней працаваць і якую прыгажосць стваралі сваімі рукамі. Сярод вучняў была і праўнучка Ліліі Радзівонаўны, трэцякласніца Соня Карпава, якая падарыла бабулі кветкі. Прыйшлі таксама дочкі Таццяна Сарока, якая працуе настаўніцай у Навасёлкаўскай СШ, і Вольга Бяляева, сын Святаслаў. Прыехала даўняя сяброўка з Лучая Марыя Колесава. Дзеці з інтарэсам разглядалі і фатаграфавалі вышыўкі. Іх аўтар расказвала пра сябе і сваё захапленне, якому не здраджвае больш за 60 гадоў, дзякавала ўсім, хто дапамог стварыць музей.

— Тут сабраны першыя і найлепшыя мае работы, — гаварыла Лілія Зарэцкая. — А колькі ўсяго вышыла за сваё жыццё, цяжка пералічыць. Дома засталіся яшчэ 20 падушачак і столькі ж карцін. 15 карцін і больш чым 300 падушачак я падарыла.

Музей вышывальшчыцы стаў другім па ліку праектам, рэалізаваным мясцовай уладай сумесна са школай. Пяць гадоў назад у навучальнай установе з’явілася экспазіцыя, прысвечаная загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцам, гісторыі Навасёлак, былога калгаса імя Суворава і яго кіраўніку — Герою Сацыялістычнай Працы Алегу Валодзьку. Дзякуючы названаму музею ў вучняў школы будзе яшчэ больш магчымасцей вывучаць мінулае свайго краю не па падручніках, а наглядна. У ім можна праводзіць урокі геаграфіі, беларускай літаратуры, працоўнага навучання ў дзяўчынак. Пазнаёміцца з творчай спадчынай Ліліі Зарэцкай змогуць і іншыя яе землякі, а таксама госці аграгарадка.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:

Артисты народной эстрадной группы «25 плюс-минус» посвятили видеоклип медикам Поставщины
Это лето мы впервые встречаем без фестиваля. Но культурная жизнь в районе не затихает!
Благоустройство территории районного Дома культуры по ул. Станкевича выходит на финишную прямую


Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.