Зрабіць рамонт і зарабіць
10 чэрвеня ў Пастаўскай гімназіі, СШ №1 і №3 прыступілі да работы вучнёўскія атрады лагера працы і адпачынку, створанага на базе першай гарадской школы.
У кожным атрадзе па 10 вучняў, якія перайшлі ў 11-ы клас і якім споўнілася 16 гадоў. У СШ №3 імі кіруе настаўнік працоўнага навучання Сяргей Маслоўскі.

— Набраць неабходную колькасць жадаючых заняцца касметычным рамонтам школы было няцяжка, — расказваў Сяргей Яўстаф’евіч. — У лагер запісаліся 2 дзяўчыны і 8 хлопцаў. Я раздзяліў іх на групы па 3-4 чалавекі, кожнай з якіх даю фронт работ. З яго размеркаваннем мне дапамагае загадчык гаспадаркі школы Пётр Абушны. Пачыналі з таго, што вымылі ўсе класы і кабінеты, навялі парадак на спартыўнай пляцоўцы — зрэзалі лапатамі траву ўздоўж бегавых дарожак, каб яны не зарасталі. Таксама пабялілі столь у настаўніцкай, завяршаем афарбоўку падлогі ў старым корпусе школы, дзе размяшчаюцца пачатковыя класы. Адначасова белім сцены ў спартзале. Думаю, за дзень-два закончым гэту работу і прыступім да пабелкі і афарбоўкі галоўнага корпуса і спартыўных збудаванняў у двары.
Усе рамонтныя работы вядуцца з захаваннем тэхнікі бяспекі і неабходных санітарна-гігіенічных норм. Штораніцы начальнік атрада праводзіць з вучнямі абавязковы інструктаж, сочыць за тым, каб школьнікі, занятыя афарбоўкай, праз кожныя паўгадзіны рабілі невялікі перапынак і выходзілі на вуліцу падыхаць свежым паветрам. Вялікая ўвага надаецца асабістай гігіене, у прыватнасці мыццю рук. Адміністрацыя навучальнай установы забяспечыла старшакласнікаў ахоўнымі маскамі і папяровымі ручнікамі.
У школу хлопцы і дзяўчаты прыходзяць бліжэй да 9 гадзін. Снедаюць, атрымліваюць неабходныя ўказанні і прыступаюць да работы. У 12.30 абед. Затым пасляабедзенны адпачынак і спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы: гульні ў футбол, валейбол, гутаркі на розныя тэмы, экскурсіі ў горадзе. Дамоў школьнікі адпраўляюцца ў 16 гадзін. Такі распарадак дня цалкам іх задавальняе.
Мне давялося пагутарыць з Аляксандрай Марцінай і Ксеніяй Семянас. Дзяўчаты прызналіся: рады, што запісаліся ў лагер. Па-першае, ёсць чым заняцца на канікулах. А па-другое, можна зарабіць грошы на кішэнныя расходы. Кожны з членаў атрада адкрыў асабісты рахунак у Беларусбанку, на які ў ліпені-жніўні паступіць уласная, няхай і не вельмі вялікая, зарплата.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также: