Сёлетняй вясной у Паставах з’явіліся 3 новыя аб’екты са штучнага пакрыцця: мядзведзь на плошчы Леніна, раяль каля ДШМ імя А. Тызенгаўза і алені ў парку паміж вуліцай Юбілейнай і мікрараёнам 5-га гарадка. Нядаўна ў аздабленне двух першых унесены апошнія штрыхі. Спачатку «зацвіў» раяль, а на мінулым тыдні гаспадаром квітнеючай бочкі стаў мядзведзь.
Як і чакалася, малыя архітэктурныя формы сталі месцам прыцяжэння для многіх людзей. Аднак іх увага да арт-аб’ектаў не заўсёды бывае са знакам «плюс». Асабліва пакутуюць у гэтым сэнсе алені, бо і малы і стары ўвесь час імкнуцца асядлаць іх, нібы плануюць «отчаянно ворваться прямо в снежную зарю».
— Такія дзеянні мяжуюць з вандалізмам, і на гэта проста немагчыма глядзець, — не першы раз чую ад неабыякавых жыхароў райцэнтра. — А галоўнае — зробіш заўвагу, а на яе ніяк не рэагуюць.
І праўда, з такімі адносінамі лясныя прыгажуны доўга не працягнуць, таму што фігуры ўнутры пустыя: пад штучным пакрыццём — адзін каркас. А значыць, яны разлічаны толькі на тое, каб каля іх фатаграфаваліся.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара