Во время бури в д. Курополье никто не пострадал, уцелели и постройки

Важное Экология

Падкінула клопатаў бура

У мінулую пятніцу па журналісцкіх справах накіравалася ў Кураполле. Як толькі звярнулі з цэнтральнай дарогі да вёскі, убачылі паламаныя бярозы, якія перашкаджалі руху, і старшыню Курапольскага сельскага Савета Мікалая Яльчыка з бензапілой.

— Дабавіла бура клопатаў! — пачаў апавядаць пра наступствы вячэрняга шквалістага ветру Мікалай Мікалаевіч. — Мой тэлефон не змаўкаў з самай раніцы: людзі расказвалі, што ў каго здарылася, прасілі дапамогі. Добра, што стыхія не нарабіла вялікай бяды: ніхто не пацярпеў, уцалелі пабудовы. Трэба толькі прыб­раць паламаныя ды вывернутыя з каранямі дрэвы. Прасіў дапамогі ў жыллёва-камунальнай службы, але яе работнікі вельмі занятыя. Ды і бясплатна ніхто рабіць не будзе. Таму ўзяўся за гэту справу сам, падключыў рабочага па абслугоўванні будынкаў Віктара Тамашэвіча, які дагэтуль абкошваў прыдарожныя палосы.

У Койрах, Васілінах, Андронах, Целяках зламаныя дрэвы ў асноўным падалі на дарогу і стваралі перашкоды для руху транспарту. Вялізная бяроза ў Кураполлі абарвала правады лініі электраперадачы. Ухіленнем гэтага пашкоджання займаліся работнікі раёна электрасетак.

— Непагода разбушавалася ў чацвер прыкладна ў 20.30, — расказваў начальнік РЭС Аляксандр Скрыцкі. — Шквалісты вецер, лівень і сталі прычынай надзвычайнай сітуацыі. За чатыры гадзіны былі пашкоджаны 38 высакавольтных ліній. 34 падключылі хутка, а з чатырма прыйшлося нямала папрацаваць. Асабліва доўга ліквідоўвалі прарывы недалёка ад адміністрацыйнага будынка Лынтупскага лясніцтва: елка парвала правады на чатырох пралётах. Брыгада энергетыкаў працавала з вечара да 10 гадзін раніцы. Паступіла 48 заявак па бытавых сетках. У асноўным гэта паваленыя дрэвы і накіданыя на правады ветрам галіны ў Пешкаўцах, Гогаве, Кураполлі, Свіранах, Міськіх.

Ледзь не суткі быў абясточаны ўніверсам «Цэнтральны» на плошчы ў райцэнтры. Там з-за навальніцы выйшаў са строю сілавы трансфарматар. Ён знаходзіцца на балансе Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Але кіраўніцтва папрасіла дапамогі ў РЭС. Добра, што трансфарматар быў у наяўнасці — спатрэбіўся час толькі на замену.

— Нашы работнікі разумелі сітуацыю і ахвяравалі ўласным часам, — працягваў Аляксандр Скрыцкі. — У чатырох брыгад у чацвер у 17 гадзін закончыўся рабочы дзень, а ў 21.00 мы іх зноў тэрмінова выклікалі. Людзі былі задзейнічаны да раніцы пятніцы. Толькі пайшлі на адпачынак, як нашай дапамогі папрасілі суседзі з Браслаўскага раёна: там бура вельмі моцна пашкодзіла электрасеткі ў раёне Відзаў. Сваімі сіламі браслаўчанам справіцца з наступствамі было няпроста. На выручку прыйшлі энергетыкі з суседніх раёнаў.

— Напружанай была пятніца і для работнікаў камунальнай службы, — гаварыў намеснік дырэктара УП ЖКГ Пастаўскага раёна Сяргей Пляшкун. — Некалькі бяроз вывернула з каранямі ў скверы паміж вуліцамі Юбілейнай і Чырвонаармейскай, у мікрараёне 5 гарадка і на выездзе з горада ў бок Браслава. Пазбегнуць большых наступстваў дапамагло тое, што вясной мы выканалі вялікі аб’ём работ па спілоўванні дрэў і абрэзцы старых галін.
У ноч з чацвярга на пятніцу на тэрыторыі раёна адбыліся два пажары. У райцэнтры, па вуліцы Пралетарскай, згарэў хлеў, а ў аграгарадку Камаі — дом. У ім загінула 85-гадовая гаспадыня. Прычыны пажараў высвятляюцца. Але найбольш верагодная версія — удар маланкі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.