«Все необходимое в одном месте». В 6 городке в Поставах открылся новый магазин «Санта»

Главное Общество

З наваселлем!

47 новых працоўных месцаў, 400 квадратных метраў гандлёвай плошчы, больш за 7 тысяч найменняў тавару — гэта ўсё пра новы магазін «Санта», які 19 чэрвеня адкрыўся ў мікрараёне шостага гарадка.

З-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі было вырашана не праводзіць традыцыйнага ўрачыстага адкрыцця з пераразаннем чырвонай стужкі. Тым не менш у работнікаў і наведвальнікаў настрой быў святочны: наваселле як ніяк!

…А палове другой. Праз паўгадзіны «Санта» расчыніць свае дзверы для гараджан, якія актыўна збіраюцца ля новага, самага буйнога ў мікрараёне магазіна. Пакуль ёсць магчымасць у спакойнай абстаноўцы прайсціся па гандлёвай зале і пагаварыць з прадстаўнікамі вядомай ва ўсёй Беларусі брэсцкай сеткі магазінаў.

— Для жыхароў Пастаў гэта першае знаёмства з «Сантай», і мы добра да яго падрыхтаваліся, — адзначыла рэгіянальны менеджар кампаніі «Санта Рытэйл» Ірына Матоліна. — З нуля ўзвялі і абуладкавалі будынак, паклапаціліся пра шырокі асартымент і якасць прадуктаў. Канкурэнцыя ў галіне гандлю сёння высокая нават у такім невялікім горадзе, як Паставы. Заваяваць любоў і давер пакупнікоў мы можам толькі пры ўмове ўзорнай працы. Наш гонар — уласная вытворчасць: выпечка, піца, салата, грыль, ролы, паўфабрыкаты… Пакупнікі любяць нашу сетку і за тое, што тут прадаюцца дзясяткі відаў марской рыбы і морапрадуктаў.

Загадчыца магазіна Святлана Лапіна з прадаўцамі Ірынай Мароз і Вікторыяй Слабковіч

Сёння людзі эканомяць не толькі грошы, але і час — хочуць купіць усё неабходнае ў адным месцы. 22 чэрвеня ў гэтым будынку адкрыўся яшчэ і магазін бытавой хіміі і парфюмерыі. Таму рабіць пакупкі гараджанам яшчэ зручней.

Асабліва шмат клопатаў у дзень адкрыцця магазіна было ў яго загадчыцы Святланы Лапінай.

— Па першай адукацыі я — педагог. Спачатку працавала ў школе, але потым мяне цалкам «паглынуў» гандаль, — расказвала яна. — Адвучылася на эканаміста, атрымала вопыт працы за мяжой — у Фінляндыі, пэўны час шчыравала ў гэтай галіне ў нашым райцэнтры.

Работа вельмі адказная, але развівацца ў ёй мне вельмі цікава. Галоўнае, што ёсць калектыў, з якім можна паспяхова працаваць. Дарэчы, работнікаў у новы магазін мы набіралі ў тым ліку і праз упраўленне па працы райвыканкама. Такім чынам да нас уладкаваліся каля двух дзясяткаў чалавек. Усяго створана 47 працоўных месцаў — да работы ў магазіне прыступілі  адміністратары, прадаўцы, кандытары, повары… Разам мы будзем імкнуцца стаць найлепшай гандлёвай кропкай у горадзе, бо для гэтага ёсць усе перадумовы.

Сярод першых пакупнікоў — пастаўчанка Ірына Протас са сваім сынам

Гандлёвую залу хутка запаўняюць некалькі соцень першых пакупнікоў. Выстройваецца чарга аматараў італьянскай піцы, яшчэ цёплых булачак. Шмат людзей у рыбным, малочным аддзелах.

Ля вітрын з дзіцячым харчаваннем заўважаю нямала шматдзетных сем’яў. Прадукты выбіралі мамы і таты з трыма-чатырма дзецьмі. І не дзіўна: апошнія гады ў мікрараёне актыўна ўзводзіцца жыллё, у тым ліку сацыяльнае.

Інфраструктура ў 6-м гарадку зараз развіваецца як ніколі імкліва, і гэта не можа не цешыць мясцовых жыхароў. Будуецца новы садок, адзін за адным адкрываюцца сучасныя гандлёвыя аб’екты. Адразу тры магазіны зусім нядаўна распачалі работу ў адрамантаваным будынку былога маладзёжнага цэнтра «Юнацтва». У адным з іх, прадуктовым, вялікі выбар свежага ахало­джанага мяса. У двух іншых па даступных цэнах можна ку­піць адзенне, дзіцячыя цацкі, розную драбязу для дома… У гэтым жа будынку плануецца адкрыць і піцэрыю.

Рэзка ўзрослая канкурэнцыя не можа не хваляваць індывідуальных прадпрымальнікаў. А вось хто сапраўды аказаўся ў выйгрышным становішчы, дык гэта пакупнікі. Можна не сумнявацца, што акцый і выгадных прапаноў для іх стане намнога больш: за сваіх кліентаў магазінам ужо трэба пазмагацца.

Іна Сняжкова. Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.