А нам лётаць ахвота
Вядомая прыказка сцвярджае, што курыца — не птушка… Яе з лёгкасцю абвяргаюць куры, якіх вы бачыце вось на гэтым фотаздымку. Яны аблюбавалі дрэва, нібы курасадню ў куратніку.
Як расказалі гаспадары хатніх птушак, узбірацца на такую вышыню для іх гадаванцаў — справа звычайная. Больш за тое, яны з лёгкасцю ўзлятаюць амаль на вяршыні сосен, елак і іншых насаджэнняў, якія растуць на ўчастку, «качуюць» з дрэва на дрэва. Такія цікавыя экзэмпляры атрымаліся ў выніку скрыжавання парод «фенікс» і «нямецкія рабыя».
Птушак кормяць зернем і камбікормам. Для іх пабудаваны куратнік, але туды курэй не загнаць: замест жыцця ў камфортных умовах яны выбралі волю. Нясуцца і выседжваюць яйкі таксама там, дзе захочуць. «Абы на поўдзень не адляцелі», — жартуюць гаспадары. І не без падстаў: незвычайных курэй у іх каля 40 галоў. Такой вялікай чарадой не страшна і ў вырай адправіцца.
Вераніка Філановіч