За плечами Гени Зарецкой более 80 лет, насыщенных различными событиями

Общество

Не паддаецца ўзросту і хваробам

З Геняй Іосіфаўнай Зарэцкай з Варапаева пазнаёмілася падчас рэйду назіральнай камісіі сельскага выканаўчага камітэта, якая праводзіла абследаванне домаўладанняў адзінокіх пажылых. Жанчына жыве ў невялікай утульнай кватэры амаль у цэнтры гарпасёлка. Прыходу членаў рэйдавай групы абрадавалася, з задавальненнем адказвала на іх пытанні, апавядала пра сябе.

За плячыма Г. І. Зарэцкай больш за 80 гадоў, насычаных рознымі падзеямі.

— Нарадзілася я на хутары Казіная Гара Казлоўшчынскага сельсавета, — расказвала. — Цяжкі быў час, але цудоўны. Асабліва калі стала ў дзеўкі ўбірацца. На танцы хадзіла ў суседнія Кавалі. Якія танцы ладзілі мясцовыя таленавітыя музыканты! Кавалёўская моладзь вызначалася высокай культурай і весялосцю.

Замужжа закінула дзяўчыну ажно ў Варкуту. Бацькі яе абранніка Станіслава былі мясцовымі. У свой час іх несправядліва асудзілі і саслалі на Поўнач. Яны сумавалі па малой радзіме, успаміналі землякоў і марылі, каб іх сын узяў сабе ў жонкі Юзафаву дачку Геню. У адзін з прыездаў сям’і ў водпуск маладыя сустрэліся, і каханне ўспыхнула з першага позірку.

— Варкута мне спадабалася, — успамінала Геня Іосіфаўна. — Пасля нашага хутара гэта была сапраўдная цывілізацыя. Там я атрымала прафесіі прадаўца, повара, нарадзіла двух сыноў. А затым мы вярнуліся на Варапаеўшчыну.

Геня Іосіфаўна ўладкавалася ў сістэму гандлю, муж працаваў вадзіцелем хуткай дапамогі. Абое былі «гарачыя» да работы, трымалі немалую гаспадарку, апрацоўвалі шмат зямлі. Да працы яе прывучылі бацькі. І яна сваіх дзяцей прывучала да гэтага. Сыны выраслі прыстойнымі, атрымалі адукацыю. Уладзімір выкладае фізіку ў мясцовай школе, Генадзь абуладкаваўся ў Вільнюсе. Маці радуецца іх поспехам.

— Нашы сумесныя з мужам планы перакрэсліла яго невылечная хвароба, — змахвае слёзы мая суразмоўца. — Аўдавеўшы, суцяшэнне знаходзіла ў касцёле. Разам з Ірэнай Красоўскай і Янінай Крывашанавай нас запрашалі маліцца па нябожчыках. Калі стала падводзіць здароўе, гэтаму навучыла маладых — Людмілу Батуру і Галіну Дайлідзёнак.

У 62 гады Геня Іосіфаўна ў другі раз выйшла замуж. Яна працавала разам з Іванавай жонкай. Калі тая захварэла, то ўсё раіла мужу прыгледзецца да калегі. І ён прыслухаўся парады.

— Пасля самотнага ўдовінага жыцця я зноў ажыла, зноў стала жыць за мужам, — працягвала Іосіфаўна. — Мы абое любілі работу і парадак, мелі свой трактарок, усюды — разам, дружна. І мае, і яго дзеці ехалі да нас з задавальненнем. 12 гадоў пражыла, як кажуць, як сад на пагодзе. Ды зноў было суджана аўдавець. Вось тады і купіла гэту кватэрку, а дом уступіла яго дзецям. Добра мне тут. Есць невялікі агародзік. Сын часта наведвае, пляменнікі. І з Вільнюса тэлефануюць.

У красавіку Геня Іосіфаўна збіралася паехаць да Гена­дзія на юбілей. Але з-за каранавіруса закрылі граніцу. Дзеці про­сяць маці заставацца дома. Таму вельмі сумуе па касцёле. Імшу слухае па радыёпрыёмніку, але, як прызнаецца, гэта зусім не тое ўзвышанае пачуццё, якое напаўняе сэрца ў Божым доме.

— У мяне цудоўныя суседзі, — хвалілася. — Аляксандр Рудак кожную суботу запрашае ў лазню. А калі ёсць увага ад людзей, тады і жыць весялей, нават у старасці. Малюся, каб хвароба не прыкавала да ложка. Хоць гады бяруць сваё, але я стараюся ім не паддавацца. Засумую — песню заспяваю. Як жа любіла спяваць у маладосці! Або патэлефаную дзецям, знаёмым. Шкада толькі, што мае равеснікі адыходзяць у іншы свет, няма з кім успом­ніць мінулае. А жыць цяпер добра: пенсія нядрэнная, у магазінах тавараў удосталь на любы густ (а я добра памятаю гады дэфіцыту). Сацыяльная служба ў любым выпадку прыйдзе на дапамогу.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.