Замдиректора СП «Дуниловичи-Агро» Валентин Должонок уже 60 лет с землей на ты

Общество

Вернасць зямлі захоўвае на працягу 60 гадоў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Валянцін Далжонак.

У сераду з намеснікам начальніка па раслінаводстве ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццянай Андрэевай, галоўным спецыялістам аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці Валерыем Мурзам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксеем Філімонавым накіраваліся ў Дунілавічы, каб павіншаваць Валянціна Францавіча з юбілеем. Па дарозе ўдакладнілі, дзе шу­каць імянінніка. А ён, аказваецца, па справах прыехаў у райцэнтр. Сустрэчу назначылі на беразе Мядзелкі.

— Люблю прыроду, — гаварыў юбіляр. — Таму прымаць віншаванні ў такой абстаноўцы яшчэ больш прыемна. Кабінетная работа не па мне. Можа, таму і не падаўся ў горад, а прыкіпеў да вёскі. На якіх бы пасадах ні працаваў, больш часу праводзіў у полі, дбаў пра тое, каб зямля прыносіла плён.

Радзіма Валянціна Далжонка — Норыца. І цяпер не пустуе бацькоўская хата — у ёй жыве брат. Як і большасць равеснікаў, Валянціна з дзяцінства цягнула да тэхнікі. Закончыў Пастаўскае прафтэхвучылішча, да службы ў арміі паспеў пакаштаваць механізатарскага хлеба. Адслужыўшы, задумаўся пра далейшую вучобу і паступіў у Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вярнуўся ў саўгас «Дунілавіцкі» на пасаду механіка. А калі ажаніўся, перабраўся ў калгас «Праўда» з цэнтрам у Янчуках. Кіраўніцтва гаспадаркі вы­дзеліла маладой сям’і дом у ціхай і прыгожай вёсачцы Гайдукі. У 1997 годзе Валянціна Далжонка абралі старшынёй мясцовага калгаса.

— Калі «Праўдай» кіраваў Ула­дзімір Морнеў, гаспадарка славілася высокімі ўраджаямі і важкімі надоямі, — успамінаў Валянцін Далжонак. — Потым старшыні мяняліся, людзі сталі пакідаць вёскі, узнікла праблема з кадрамі. Тым не менш і сёння з удзячнасцю ўспамінаю добрасумленнасць, старанне даярак Веры Курцэвіч, Эмы Парневіч, Надзеі Пяткоўскай, яе мужа Міхаіла, які быў высакакласным электрыкам. На такіх вяскоўцах усё трымалася.

8 гадоў таму «Праўду» далучылі да «Дунілавіч-агра», а Валянціну Далжонку прапанавалі стаць намеснікам дырэктара. Пасада клопатная. Але Францавіч ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі.

— Як толькі я ўзначаліў «Дунілавічы-агра», Валянцін Францавіч адразу стаў маёй і правай, і левай рукой, — гаварыў дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — У яго багаты вопыт работы ў сельскай гаспадарцы, карыстаецца аўтарытэтам сярод членаў калектыву і кіраўнікоў іншых гаспадарак. Цаню яго высокія дзелавыя якасці, гаспадарчы падыход да любой справы. Ён аператыўна і адказна вырашае ўсе пастаўленыя перад ім задачы.

А надзейным тылам з’яўляецца сям’я. Жонка 38 гадоў адпрацавала бухгалтарам. Разам выхавалі двух годных сыноў. Андрэй — выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, закончыў магістратуру і аспірантуру, Аляксандр — ляснічы Валкоўскага лясніцтва. Дзеці — частыя госці ў бацькоўскім доме ў Гайдуках. Падчас кожнага іх прыезду ўсіх радуе ўнучак Арцём, якому ў верасні споўніцца два гады.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.