«Зеленая жатва» в ОАО «Знамя Победы-агро» идет полным ходом

Сельское хозяйство

Для будучай зімоўкі

У чацвер на полі за Грыдзькамі па дарозе на Варапаева працавала корманарыхтоўчая тэхніка. Я спынілася, каб пацікавіцца справамі і настроем механізатараў.

Насустрач мне з аднолькавай хуткасцю, трымаючы дыстанцыю, рухаліся КГ-6 і «Беларус». Камбайн падбіраў, здрабняў і праз стралу загружаў зялёную масу ў прычэп трактара. У кабіне «Палесся» знаходзіўся добра знаёмы мне Віктар Граблеўскі.

— Так склалася, што больш чым за 30 гадоў маёй работы ў гаспадарцы сёлета ўпершыню займаюся падборам і здрабненнем скошанай травы, — расказваў. — Хоць, здаецца, з любой тэхнікай на ты, прызвычаіцца да новага агрэгата было няпроста. Але праз дзень-другі справа пайшла.

Добры настрой у Руслана Чарняўскага і Віктара Граблеўскага

З кабіны «Беларуса-3022» спусціўся Руслан Чарняўскі. Ведала, што некалькі гадоў таму ён звольніўся з ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і ўладкаваўся ў лясгас. Прыемна было зноў бачыць яго на юнькаўскіх палях.

— На перыяд сельскагаспадарчых работ мяне пастаянна каман­дзіруюць на ранейшае месца працы, — тлумачыў Руслан Чарняўскі. — Пасля таго, як гаспадарка ўвайшла ў склад аграпрамысловага аб’яднання, многае тут змянілася ў лепшы бок. Па-першае, значна павялічылася заработная плата. Менавіта з-за таго, што яна была нізкай, я і памяняў месца работы. У лясгасе працую на пілараме, але, прызнаюся, сумую па тэхніцы. Мой «Беларус» мяне дачакаўся! Цяпер задумваюся над тым, каб зноў вярнуцца да зямлі і хлебаробскай справы.

— «Зялёнае жніво» ідзе поўным ходам, — гаварыў дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Аляксандр Фалевіч. — Вядома, перашкаджаюць дажджы. Перавага аддаецца нарыхтоўцы сенажу. Скошаная трава падвяльваецца, здрабняецца і адвозіцца да сянажнай траншэі, дзе добра трамбуецца. Кожны з працэсаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэхналогіяй.

На трамбоўцы зялёнай масы вызначаюцца Сяргей Ганчароў і Анатолій Борыс

У гаспадарцы выкарыстоўва­юць усе магчымасці для таго, каб стварыць неабходны запас кармоў для жывёлы на стойлавы перыяд. Для грамадскага пагалоўя, якое ўтрымліваецца ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра», трэба нарыхтаваць 9 300 тон сенажу, больш за 8 тысяч тон сіласу. Вясенняя засуха негатыўна адбілася на росце і гушчыні траў. Ужо скошана амаль палова ад запланаванага, а вялікай колькасцю тон пакуль пахваліцца не могуць. Разлічваюць на другі ўкос і кукурузу.

На корманарыхтоўцы кожны дзень занята больш за 10 адзінак тэхнікі (касілкі, граблі, корманарыхтоўчыя комплексы, трактары). З касілкамі працуюць мясцовыя Ягор Борыс, Дзмітрый Врублеўскі і Артур Чапскас з малочнага завода. Трактарамі перавозяць зялёную масу Руслан Чарняўскі, Іван Маісееў, МАЗам — Юрый Квач. У залежнасці ад адлегласці ад поля да сянажнай траншэі вар’іруецца колькасць транспартных адзінак з малочнага завода. Каб сянаж быў добрай якасці, зялёную масу трэба добра ўтрамбаваць. Гэтым не першы год займаюцца Сяргей Ганчароў і Анатолій Борыс.

— Работа нуднаватая, — казалі. — Але некаму і гэтым трэба займацца. У нашым працэсе галоўнае — каб зялёная маса не «згарэла», каб у ёй захаваліся ўсе пажыўныя якасці. Тэмпературу і вільготнасць масы пастаянна трымаюць на кантролі работнікі ветэрынарнай службы.

Усе, хто задзейнічаны на корманарыхтоўцы, добра разуме­юць, што ад паспяховасці яе правядзення залежаць не толькі надоі малака і прывагі жывёлы, але і развіццё гаспадаркі ў цэлым. Меры, якія прымае кіраўніцтва аграпрамысловага аб’яднання на чале з Канстанцінам Гайлеўскім, даюць магчымасць справіцца з касавіцай у сціслыя тэрміны.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.