Животноводы Поставщины. Оператор по откорму крупного рогатого скота ОАО «Новоселки-Лучай» Оксана Кураш

Сельское хозяйство

Па 925 грамаў у суткі прыбывалі ў красавіку гадаванцы аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аксаны Кураш.

Прыйшоўшы на работу, Аксана, як заўсёды, найперш агледзела сваіх гадаванцаў, любімцам пачасала пыскі і шыйкі, потым прынялася чысціць стойлы. І калі яе паклікала загадчыца фермы Наталля Мацур, нямала ­здзівілася. Яшчэ больш збянтэжылася, убачыўшы старшынь прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Славаміра Шапеля і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава. А яны завіталі на ферму, каб выканаць прыемную місію — павінша­ваць Аксану з заваяваннем другога месца ў абласным спаборніцтве сярод аператараў па доглядзе і адкорме буйной рагатай жывёлы, уручыць ёй дыплом II ступені і грашовую прэмію.

— Сюрпрыз прыемны, — казала жанчына. — Хаця я ніколі не стаўлю за мэту быць у перадавіках, проста старанна выконваю свае абавязкі. Працаваць інакш не дазваляе сумленне. Мне ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца. На ферме — 8 груп адкормачнікаў, кожная з аператараў шчыруе.

У Навасёлкі Аксана прыехала 10 гадоў таму з Міёрскага раёна следам за раднёй. А першай была цётка Ева Качан. Яна перацягнула да сябе спачатку сястру Раісу — Аксаніну маці (абедзве працавалі аператарамі машыннага даення кароў, цяпер на заслужаным адпачынку). Затым перабралася да іх і Аксана. Памяняўшы прапіску, змяніла і прафесію. У Міёрах яна была лабарантам на маслазаводзе. Прывыкаць да новых абавязкаў было няпроста, бо работа на ферме значна адрозніваецца ад заводскай. Але стымулам служылі створаныя тут добрыя ўмовы працы, жыллё з выгодамі, якое выдзеліла ёй кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай», годная зарплата. У Навасёлках Аксана сустрэла сваё сапраўднае каханне — Сяргея Вараб’я, ён працуе на амкадоры.

Аксана Кураш заваявала другое месца ў абласным спаборніцтве сярод аператараў па доглядзе і адкорме буйной рагатай жывёлы

— А першы мой шлюб аказаўся няўдалым, — уздыхае Аксана Кураш. — Адной прыйшлося выхоўваць двух сыноў. Цяпер Арцём служыць у Гомелі ў пагранічных войсках, Віталій — другакурснік Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа. Падрастаюць дзве дачушкі ад Сяргея: Вікторыя закончыла першы клас Навасёлкаўскай школы, а Валерыя сёлета ўпершыню сядзе за парту. Добра, што амаль насуп­раць жыве мама, яна заўсёды гатова прыгледзець за дзяўчынкамі, а я магу спакойна працаваць. Побач шчыруюць дзве мае родныя цёткі — маміны сёстры Жанна Захарэвіч і Марына Граковіч. Слесарам на гэтай жа ферме працуе брат Руслан. Для мяне шмат значыць, што ўся радня побач.

Цялятак у групу Аксана набірае ў месячным узросце і даглядае іх на працягу 3-4 месяцаў, пакуль тыя не набяруць вагу прыблізна 250 кілаграмаў. Цялушак адпраўляе на ўзнаўленне статка, а бычкоў — на мяса. Цяпер у яе групе амаль 160 галоў, у кожнай клетцы — па 8. У жывёлы збалансаваны рацыён, кармы высокай якасці. За станам здароўя гадаванцаў пільна сочыць і своечасова аказвае дапамогу галоўны ветурач Аляксандр Жытковіч.

Сіл і старання Аксана не шкадуе, таму і поспех не прымушае сябе доўга чакаць.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.