1 июля исполняется 60 лет 32-й ракетной дивизии и микрорайону 5-го городка в Поставах

Общество

Першае і адзінае месца службы

Сёння спаўняецца 60 гадоў 32-й ракетнай дывізіі і 5-му гарадку ў Паставах. З абодвума юбілярамі цесна звязана жыццё былога афіцэра Юрыя Копасава і яго жонкі Алены.

У наш райцэнтр, дзе стаяў штаб дывізіі, маладая сям’я прыехала ў 1972 годзе, адразу пасля заканчэння Юрыем Пермскага інжынерна-каманднага ваеннага вучылішча. Сын ветэрана Вялікай Айчыннай у іншай прафесіі сябе і не бачыў.

Успамінаюць, што Пастаў нават на карце не знайшлі, таму да першага і, так сталася, адзінага месца службы дабіраліся, слаба ўяўляючы пункт назначэння. Спачатку прыляцелі з перасадкамі ў Віцебск, а ўжо з абласнога цэнтра ехалі на таксі. Паабедалі ў сталоўцы, і адразу ж малады афіцэр пайшоў прадстаўляцца начальству, а яго жонка засталася чакаць з чамаданам на баскетбольнай пляцоўцы.

— Мяне назначылі на капітанскую пасаду — начальнікам электраагнявога аддзялення. Месяц далі на вывучэнне наземнага варыянта баявога ракетнага комплексу, які быў на ўзбраенні ў Касцянях, — узгадваў Юрый Копасаў. — У вучылішчы мы знаёміліся з больш сучаснымі ўзорамі, таму на БРК-63 я спачатку глядзеў, быццам машыніст электравоза на цялегу, у якую запрэжаны конь. Але хутка ва ўсім разабраўся, і пасля здачы экзамена на допуск да самастойнай працы пачалося сапраўднае армейскае жыццё з дзяжурствамі, камандзіроўкамі, вучэннямі. Дома бываў толькі ў выхадныя, і гэта было сапраўдным святам для сям’і.

Алена і Юрый Копасавы з мадэллю ракетнай устаноўкі

Уся служба Юрыя Копасава прайшла ў 346-м гвардзейскім палку, толькі ў трох розных яго дывізіёнах. Таксама на працягу ваеннай кар’еры ён займаў пасаду памочніка штаба дывізіі па разведцы. За гэты час неаднойчы з нуля асвойваў новыя комплексы, якія паступалі на ўзбраенне. Асабліва запомніліся разнастайныя вучэнні і палявыя выхады.

— Па камандзе «Заняць баявыя пасты!» дзяжурная змена накіроўвалася на стартавую пазіцыю, дзе кожная батарэя ўстанаўлівала ракету на пускавы стол і далучала яе да паліўных і электрычных магістраляў, рыхтуючы да пуску. Потым усё вярталася ў зыходнае становішча, — працягваў. — На занятках па запраўцы ракеты палівам апраналіся ў спецадзенне: касцюм ракетчыка, гумовыя боты, процівагаз. Калі накіроўваліся ў палявы раён, дарога ачаплялася, каб ваенная тэхніка магла рухацца без перашкод. А каб ніхто не бачыў комплексаў, перасоўваліся толькі ноччу. Пры гэтым вулічнае асвятленне адключалася, а на фары машын устанаўліваліся святломаскіровачныя казыркі.

— Пры транспарціроўцы ракет грукат стаяў неверагодны. Мы з цікавасцю выбягалі на вуліцу, але ўбачыць што-небудзь было немагчыма, — уключаецца ў размову Алена Копасава, якая з першага і да апошняга дня раздзяляла з мужам цяжкасці службы.

Алена Мікалаеўна амаль 40 гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у СШ №2. Уваходзіла ў склад жаночага савета дывізіёна, а потым узначальвала жаночы савет дывізіі. Яго ўдзельніцы арганізоўвалі святы для дзяцей і дарослых, дапамагалі тым, у чый дом прыйшла бяда. Пры аб’яднанні дзейнічаў клуб «Яраслаўна». На яго пасяджэнні запрашалі цікавых суразмоўцаў: ветэранаў вайны, мадэльераў, цырульнікаў. Ра­зам чаявалі, дзяліліся рэцэптамі і сакрэтамі.

А якімі цікавымі і насычанымі былі выхадныя! Сумесна з сем’ямі саслужыўцаў Копасавы ладзілі пікнікі, збіралі лясныя дары, гулялі ў футбол. Заўжды дапамагалі адно аднаму. З усімі падтрымліваюць сувязь і сёння. Іх дзеці ўжо даўно дарослыя, жывуць асобна. Дачка Насця выбрала, як мама, прафесію настаўніцы і разам з мужам выехала за мяжу. Сын Дзяніс пайшоў па слядах бацькі і прысвяціў сябе службе ў арміі. Зараз ён — камандзір палка ў Кіраўскай вобласці Расіі, палкоўнік.

Да ваеннай пенсіі Юрый Сяргеевіч не даслужыў 2 гады — распаўся Савецкі Саюз. Прапаноўвалі перавесціся ў Расію, але ён вырашыў звольніцца ў запас. «Мы, можна сказаць, толькі пачалі жыць па-людску», — патлумачылі выбар Копасавы. І больш за ўсё ім не хацелася пакідаць 3-пакаёвую кватэру, якую толькі нядаўна атрымалі і якой не маглі нарадавацца. Зразумець іх не цяжка: да гэтага сям’я змяніла некалькі службовых кватэр, пажыла на здымнай і ў інтэрнаце. У апошнім нават не распакоўвалі чамаданы і толькі за год змянілі 7(!) пакояў. Дарэчы, адзін з іх размяшчаўся там, дзе зараз адкрыты музей 5-га ваеннага гарадка ў СШ №4, у стварэнні якога быў актыўна задзейнічаны Юрый Сяргеевіч.

Пасля службы ва Узброеных Сілах Юрый Копасаў працаваў у Белдзяржстраху, СШ №2 настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі, а пасля выхаду на пенсію ўзначаліў пярвічную арганізацыю ветэранаў 32-й ракетнай дывізіі. У яе складзе 28 чалавек, найстарэйшы — ветэран вайны Барыс Сямашка, які для ўсіх з’яўляецца прыкладам аптымізму і справядлівасці. Былыя ракетчыкі прымаюць актыўны ўдзел у грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, ладзяць сумесныя ветэранскія сустрэчы, віншуюць сяброў з днём нараджэння, збіраюцца ў святы. Планавалі, што сёлета сустрэнуцца з былымі саслужыўцамі з іншых гарадоў і вернуцца ва ўспамінах у маладосць.

— На жаль, святкаванне юбі­лею дывізіі адкладзена з-за каранавіруса, але гэта не нагода для суму, — робіць выснову Юрый Копасаў. — Жадаю ўсім ветэранам 32-й дывізіі моцнага здароўя, доўгага жыцця, бадзёрасці і часцей сустракацца. Са святам!

 Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:

Выпускник Военной академии поставчанин Александр Петух получил лейтенантские погоны и диплом


Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.