4 года назад 9 семей из Миорского района переехали на ПМЖ в д. Ковзаны

Общество

Укараняюцца ў Коўзанах

Чатыры гады таму за 2 месяцы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» пераехала 9 сямей з Міёрскага раёна. Усе яны пасяліліся ў Коўзанах. У нядзелю я пабывала ў Врублеўскіх.

Сваё 18-годдзе Оля не забудзе ніколі: тады яна пазнаёмілася з Андрэем. Адразу ўзніклі ўзаемныя сімпатыі. Затым Андрэй праходзіў тэрміновую службу, а яна яго верна чакала. Ра­зам ужо 16 гадоў. Сямейнае жыццё пачыналі на Міёршчыне — радзіме мужа. Уладкаваліся ў адну з найлепшых прыгарадных гаспадарак, атрымалі дом. Згодна з калектыўным дагаворам, мелі магчымасць выку­піць яго, адпрацаваўшы 10 гадоў. Таму ўкладвалі сродкі ў рамонт, абуладкоўвалі на свой густ. Але памяняўся старшыня — і ўсё пайшло наперакос: перасталі выплачваць заработную плату, каб выкупіць жыллё, стажу трэба было ўжо 15 гадоў.

Зарплату не плацілі па паўгода, — расказвала Оля. — У нас школьніцай на той час была адна Наташа, а ў некаторых сем’ях — і па двое-трое дзяцей. Іх трэба было да навучальнага года сабраць. А за што? Жанчыны бралі вёдры і ішлі на яльнянскія балоты збіраць журавіны. А гэта нялёгкая работа.

Станоўчыя водзывы пра жыццё і парадкі ў Пастаўскім раёне ўпершыню пачулі ад былога кіраўніка нашай гаспадаркі Антона Чарвінскага, які ў той час быў назначаны начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, — успамінаў Андрэй. — Але пакінуць ранейшае месца жыхарства было цяжка. Першымі ў «Навасёлкі-Лучай» «у разведку» паехалі Арлоўскія. Запрасілі і мяне. Пагутарыўшы з дырэктарам гаспадаркі Юрыем Шымчыкам, адчулі: ён — Гаспадар з вялікай літары. І рызыкнулі.

Хутка за Андрэем прыехаў яго брат Станіслаў і сястра Алена з сем’ямі. З Браслаўскага раёна перабралася Оліна сястра Іра. Тыя, хто абуладкаваўся на новым месцы раней, бралі да сябе на кватэру іншых, пакуль у тых ішоў рамонт жылля. Жанчынам далі работу на рабатызаванай ферме, мужчынам даверылі магутную тэхніку. Сёння прозвішчы Аляксандра Арлоўскага, Уладзіміра Скавародкі, Руслана Найдзёнка, Ігара Савуця, Алены Крук, Наталлі Болтач, Жанны Францкевіч, Ірыны Грышчанкі перыядычна ў ліку перадавікоў раёна.

Зразумела, працаваць трэба ўсюды, — гаварыў Андрэй. — Але тут маё старанне добра аплачваецца. Напрыклад, сёлета ў перыяд пасяўной атрымаў пад 2 тысячы рублёў. За час работы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» мы змаглі сабраць грошай на пакупку дома, правесці ваду, паравое ацяпленне, зрабіць рамонт. У хуткім часе думаем перасяліцца.

Оля загадвае складам гаруча-змазачных матэрыялаў. Абое любяць зямлю. Каля дома немалы прыся­дзібны ўчастак, добрыя ўмовы для вя­дзення гаспадаркі. На падворку ёсць уся хатняя жыўнасць. Задумак па абуладкаванні дома, тэрыторыі вакол яго яшчэ шмат. Упэўненая, што такія мэтанакіраваныя і працавітыя людзі, як Андрэй і Оля Врублеўскія, паступова іх ажыццявяць.

У гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для нармальнага жыцця, — расказвалі. — Забяспечваюць сенам, у калектыўным севазвароце садзім бульбу. Не ўдалося ўратаваць карову — зноў жа выручыла кіраўніцтва. Арганізаваны падвоз дзяцей у школу і дзіцячы садок. Наша Наташа сёлета закончыла 9 класаў, а Дзіма збіраецца ў першы.

У Коўзаны я наведалася ў нядзелю пад вечар. Тым не менш сабраць ра­зам усіх былых міёрцаў не атрымалася: большасць мужчын яшчэ былі на палетках, некаторыя гаспадыні заступілі на змену на ферму. Для фотаздымка з радасцю прыбеглі з гульнёвай пляцоўкі малодшыя дзеці, на веласіпедах пад’ехалі старэйшыя.

Мы тут як вялікая радня! — гаварылі жанчыны. — З некаторымі па-суседстве жылі і раней. Таму тут са сваімі абжывацца было намнога лягчэй. Працаваць па зменах няпроста: прыходзіш з начной, адпраўляеш дзяцей у школу, са­дзік, хапае хатніх клопатаў. Але ў кватэрах выгоды, не трэба цеп­ліць печкі, насіць ваду. Сумленна працаваць стымулюе годная зарплата, якая своечасова выплачваецца, увага з боку кіраўніцтва. У Юрыя Францішкавіча, яго спецыялістаў ёсць нейкі асаблівы падыход да людзей. А за дабрыню хочацца плаціць дабрынёй.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В Поставах на центральной площади появилась районная Доска почета
Четыре жительницы Поставщины награждены орденом Матери (обновлено)
Семья Зубко из д. Юньки победила в республиканском конкурсе «Властелин села»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.