Цана памылкі
«Паставы-ПМЦ»—«Дарожнік-Мясакамбінат» (Орша) — 0:1
Ужо ў пачатку матча наша каманда адчула, што гуляе з фаварытам першынства. Летась аршанцы дэбютавалі ў абласным турніры, прабіліся ў чвэрцьфінал і саступілі там будучаму чэмпіёну. Гульню яны пачалі са шчыльнага прэсінгу пастаўчан, у якіх да таго ж узніклі сур’ёзныя праблемы на задняй лініі з-за адсутнасці трох асноўных цэнтральных абаронцаў. На замену ім выйшлі маладыя рэзервісты Станіслаў Гіль і Дзяніс Казлоў.
Пастаўчане пачалі памыляцца ў перадачах і аддалі цэнтр поля саперніку. Некалькі разоў ад непрыемнасцей выратаваў каманду варатар Андрэй Чашун і нападаючы Андрэй Вілейта. Лёс паядынку вырашыўся на 18-й хвіліне. Аршанцы ўмела разыгрылі штрафны ўдар, і іх вопытны паўабаронца Уладзімір Склязноў адправіў мяч у сетку — 0:1.

Часу адыграцца ў пастаўчан было дастаткова. Ды і сапернік стаміўся, разлічваў толькі на контратакі. Адна з іх магла ў канцоўцы стаць выніковай. Хоць нашым і ўдалося стварыць тры галявыя моманты, але ўдача ад іх адвярнулася. «Дарожнік-Мясакамбінат» адстаяў свае вароты і перамог.
Засмучанымі пакінулі поле Чашун, Танана, Гіль, Казлоў (Хараў), Камісарчук, У. Дубін (Давідоўскі), Павініч (Д. Зелянкевіч), Карага (к),
Р. Зелянкевіч (Кабяк), Ясюковіч, Вілейта.
У 5-м туры ў нашай групе ў тройцы лідараў замацавалася каманда Міёр, якая атрымала валявую буйную перамогу (8:2) над суседзямі з Верхнядзвінска. Матч лепяльчан з ФК «Глыбокае» быў перанесены, а пастаўчане засталіся на 4-м прамежкавым месцы. Ва ўсходняй групе паядынкі завяршыліся так: «Прадцэнтр» (Віцебск)—«Ніва» (Талачын) — 2:1, «Днепр» (Дуброўна)—«Газавік» (Віцебск) — 0:2, ФК «Сянно»—«Дзецкасельскі» (Гарадок) — 1:3.
Цяпер 8 каманд пачнуць з чвэрцьфіналу барацьбу за Кубак вобласці па футболе. Нашы за гэты трафей змагацца не будуць, а сканцэнтруюцца на другім крузе першынства.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя
Читайте также:
На СТК «Озерки» работает дневной лагерь для детей и подростков «Следопыт»
В атаке вся команда. ФК «Поставы-ПМЦ»—«Двина» (Верхнедвинск) — 6: 0
Чемпионат Витебской области по футболу. ФК «Глубокое»—ФК «Поставы-ПМЦ»— 1:2