Фоторепортаж: В Поставах отпраздновали День Независимости Беларуси

Главное Общество

Свята з асаблівым сэнсам

Трэцяга ліпеня наша краіна адзначыла Дзень Незалежнасці. Урачыстасці з нагоды галоўнага свята прайшлі ў вялікіх і маленькіх населеных пунктах Беларусі. Подзвіг пакалення пераможцаў, дзякуючы якому мы сёння жывём пад мірным небам нашай прыгожай Бацькаўшчыны, разам з іншымі гарадамі традыцыйна ўшанавалі і Паставы.

У прыбраным да свята райцэнтры прайшло некалькі мерапрыемстваў. Распачаў іх у 10 гадзін выпуск радыёгазеты «Памяць аб’ядноўвае пакаленні». У «эфіры» — музычныя віншаванні ад народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус». У выкананні артыстаў з дынамікаў на плошчы Леніна гучалі знакамітыя «Журавли», «На безымянной высоте», «Сестра милосердия», «Маки», папуры на песні ваенных часоў.

Побач — у кінавідэазале — у мірным паядынку за перамогу ў раённым шахматным турніры змагаліся 14 удзель­нікаў шахматнага клуба «Гамбіт». Гульня вялася па швейцарскай сістэме і была цікавай, драматычнай і непрадказальнай. Пераканаўча перамог ветэран шахматнага руху Авенір Чырванец, выйграўшы ўсе 7 тураў. На другім месцы з 5 ачкамі замацаваўся Юрый Катовіч. Замкнула тройку лідараў шасцікласніца СШ №2 Ева Іванова (4,5 ачка). Прызёры адзначаны дыпломамі аддзела спорту і турызму райвыканкама і каштоўнымі падарункамі. Моцную і змястоўную гульню таксама паказалі выпускнікі трэцяй і першай школ райцэнтра Мацвей Курашэвіч і Руслан Жытковіч, крыху саступіўшы лідарам спаборніцтва.

Каля будынка райвыканкама аддзяленне ДАІ АУС і райкам БРСМ зладзілі сумесную акцыю. Падчас яе інспектар дарожна-патрульнай службы Вадзім Філіповіч і баец мала­дзёжнага атрада аховы правапарадку «Дазор» Дзіма Будзь­ко віншавалі вадзіцеляў са святам і ўручалі ім бутаньеркі з яблыневай квеценню і чырвона-зялёнай стужкай.

Галоўная дзея — тэатралізаваны мітынг-рэквіем «Жыць, каб памятаць» — таксама разгарнулася на плошчы. Ёй папярэднічала ўскладанне вянкоў і кветак да брацкай магілы ў скверы па вуліцы Чырвонаармейскай.

Мужнасць і гераізм, праяўленыя савецкім народам на франтах і ў тыле ворага, услаўляюць мемарыялы і помнікі, манументы і абеліскі, пастаўленыя па ўсёй краіне. Ля пахаванняў воінаў-вызваліцеляў немагчыма не ўзгадваць, якой цаной здабыта Вялікая Перамога. На яе алтар наша Беларусь паклала жыцці больш чым двух мільёнаў сваіх грамадзян. За часы акупацыі ў раёне знішчана 5,5 тысячы мірных жыхароў, спалена 77 вёсак, вывезена на прымусовыя работы ў Германію 1 800 чалавек.

Дзень Незалежнасці — свята велічы нашай краіны, сімвал міру, нацыянальнага адзінства і шчаслівай будучыні беларускага народа, — гаварыў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. — Перамога дасталася нашым бацькам і дзядам вельмі цяжка. Задача нашага пакалення — прыкласці максімальныя намаганні, каб сваёй добрасумленнай працай і годнымі ўчынкамі прымножыць спадчыну, якую нам пакінулі нашы продкі. Шчыра віншую са светлым святам! Жадаю дабра, цеплыні і выдатнага настрою не толькі ў гэты дзень, але і заўсёды.

На долю нашых продкаў выпаў суровы салдацкі лёс. Іх подзвігу моладзь райцэнтра прысвяціла акцыю «Свечка памяці». Пад пранікнёныя вершаваныя радкі, якія дэкламавалі два чытальнікі, дзяўчаты пранеслі запаленыя лампадкі па Алеі славы. А Ганна Антух выканала песню «Белая ластаўка». Завяршыўся мітынг-рэквіем ускладаннем кветак і вянкоў да абеліска, хвілінай маўчання і ружэйным салютам.

 

 

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.