Бывший малолетний узник Ольга Сергеевна Януш и спустя десятилетия помнит все пережитое

75 лет Победы

Яна ведае цану міру

Вольга Сяргееўна Януш — чалавек вядомы ў Варапаеве. У гарпасёлак прыехала ў 1953 годзе пасля заканчэння Віцебскага педінстытута. Тут выйшла замуж за былога франтавіка, нарадзіла і выхавала дваіх дзяцей. 34 гады выкладала чарчэнне і рысаванне ў мясцовай школе. Але нават не ўсе былыя вучні ведаюць пра тое, якім цяжкім было яе дзяцінства, што прыпала на гады Вялікай Айчыннай, колькі гора абрынулася падчас ваеннага ліхалецця. А ёй самой усё перажытае помніцца і праз дзесяцігоддзі. Паслухаем былога малалетняга вязня і задумаемся над тым, як дорага, што над намі мірнае неба, і як варта цаніць тое, што маем.

Была нядзеля, і мама панесла прадаваць малако ў Віцебск, за 8 кіламетраў ад нашай вёскі Ананіна. Тата пайшоў на работу. У доме заставаліся я, брат і сястра, — успамінае Вольга Сяргееўна 22 чэрвеня 1941 года. — Раптам чуем крыкі ля калгаснай канторы, якая знаходзілася непадалёк. Вайна! Тэрмінова склікалі хлопцаў, маладых мужчын і адпраўлялі на калгасных машынах у віцебскі ваенкамат. Галасілі дзеці і жанчыны. Прыбегла з горада спалатнелая мама…

Пад вечар у вёску ўвайшлі немцы. Сталі забіраць у людзей жывёлу. Грузілі яе на машыны і некуды адпраўлялі. У нас быў вялікі адкормлены парсюк. Мама стала ў дзвярах хлява, раскінула рукі, не пускаючы захопніка. Я ўчапілася за яе падол. Але немец схапіў мяне за карак і адкінуў убок. Затым рэзка адпіхнуў маму. Парсюка забралі. На шчасце, засталася карова, бо знаходзілася не ў хляве, а ў полі.

Ананіна была вялікай вёскай, людзі жылі не бедна, таму немцы добра пажывіліся. Тут жа размясцілі і свой штаб, абраўшы пад яго прасторны дом Зязюлькіных. Гаспадароў выгналі.
Бацькі начавалі ў лазні, трое дзяцей туліліся ў радні. Многія хаты захопнікі разабралі, а бярвенне выкарысталі для абуладкавання бункераў. Астатнія — спалілі. Вёска ператварылася ў жудаснае папялішча.

А жыхароў вывезлі ў Германію на прымусовыя работы, — працягвала сумны аповед Вольга Януш. — Цэлы год мы знаходзіліся ў лагеры Дахау. Немцы ўзводзілі бліндажы. Вязні дастаўлялі каменне: дарослыя — на насілках, малыя — вёдрамі. Праца знясільвала, а харчаванне — суп з крапівы ды маленькі кавалачак хлеба. Многія памерлі.

Затым вязняў сталі забіраць да сябе баўэры, якім патрабавалася рабочая сіла. Сям’ю Зязюлькіных разлучылі: бацьку і маці забраў адзін гаспадар, дзеці трапілі да розных. «Мы плакалі, прасіліся быць разам, але нас ніхто не слухаў, — выцірае слёзы з вачэй мая суразмоўца. — Сястры Марыі пашанцавала трапіць да спагаднай немкі, і ёй жылося лягчэй. А я і брат Вася нагараваліся. Мы з ім зрэдку бачыліся. Угаворваў збегчы з ім ад сваіх гаспадынь. Але куды мы маглі ўцячы ў чужой варожай краіне? Яго білі, з мяне гаспадыня здзекавалася пастаянна. Суседзі — пажылая пара немцаў — бачылі гэта і злітасцівіліся нада мной: прапанавалі перайсці да іх. Але для гэтага трэба было забраць у гаспадыні суправаджальную картачку, а яна нізашто не аддала б яе. Прыйшлося выкрасці. На наступны дзень пайшлі з дзедам-суседам ва ўправу, расказалі пра здзекі. Туды выклікалі і маю гаспадыню. Як жа яна лютавала! Казала: «Не паспела я цябе на чорным варанку адправіць назад, у Дахау. Там бы цябе жывой спалілі!» А ў тых немцаў, якія забралі мяне, я акрыяла. Яны былі спагадныя. Шкадавалі мяне, не перагружалі працай. Нават у адным пакоі з іх дачкой спала».

Вязняў фашызму вызвалілі амерыканскія войскі. І была прапанова адправіцца ў ЗША на пастаяннае месца жыхарства. Але бацька Вольгі прыняў рашэнне, што сям’я вернецца толькі на радзіму, хаця і на голыя камяні. Дабіраліся ў Віцебск доўга і цяжка: з чэрвеня па лістапад. Эшалоны з учарашнімі вязнямі суткамі стаялі на запасных пуцях, бо найперш перапраўлялася баявая тэхніка. Даймаў голад, таму нярэдка здзяй­снялі набегі на агароды, якія знахо­дзіліся непадалёк чыгункі.

Дадому мы прыехалі з адным кілаграмам аўсянкі, — як сёння, памятае той час Вольга Сяргееўна. — Мама галасіла: «Не загінулі ў Германіі, дык тут памром з голаду». Выратавала тое, што тата ў пачатку вайны паспеў закапаць у лесе па мяшку пшаніцы, ячменю і бобу. Безумоўна, усё пратухла. Аднак перамылі, высушылі, змалолі і ўжывалі ў ежу. Я, сястра і брат пайшлі працаваць у Віцебск на пякарню. Ноч стаялі на змене, а раніцай атрымлівалі па бохану хлеба. Жылі ў лазні і ў склепе, якія ўцалелі ад агню. Сталі будаваць дом.

Пасляваенны час быў цяжкім і галодным. Але пакрысе знявечаная, зруйнаваная родная зямля залечвала раны, напаўнялася жыццём. Людзі працавалі, не ведаючы стомы, верылі ў лепшую будучыню. І сёння для Вольгі Сяргееўны Януш, як і для іншых яе равеснікаў, Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — найгалоўнейшыя святы. Бо яна ведае цану і міру, і незалежнасці.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Что писали газеты «Комсомольская правда», «Правда» и «Совецкі шлях» (сейчас «ПК») о Победе 75 лет назад?
Наказ потомкам Победы от последних ветеранов Великой Отечественной войны Поставщины
На счету партизанки Ларисы Совко десятки подорванных единиц техники и зданий



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.