За прафесіяналізм і спагаду
У пятніцу медработнікі Пастаўшчыны змянілі белыя халаты на прыгожыя строі і сабраліся ў райвыканкаме, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды за асабісты ўклад у барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.
Прадстаўнікоў Пастаўскай ЦРБ і санітарнай службы раёна вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён выказаў шчырыя словы падзякі медыкам за іх самаадданую працу падчас пандэміі каранавіруса, калі ім давялося змагацца за жыцці і здароўе людзей у аўральным рэжыме.


— Я выдатна ведаю, у якіх няпростых умовах вам прыйшлося лячыць невядомае да гэтага захворванне, — гаварыў Юрый Кісялёў. — Не было стандартных падыходаў, адпрацаваных алгарытмаў дзеянняў. І тут на першы план выйшлі ваш прафесіяналізм, адказнае стаўленне да справы, жаданне дапамагчы чалавеку. Размаўляючы з тымі, каго вы вярнулі да жыцця ў нашай бальніцы, зразумеў, што адным са складальнікаў рэцэпта выздараўлення былі вашы ўважлівасць і спагаднасць да пацыентаў. Мне людзі так і казалі: «Медыцынскія работнікі мяне выняньчылі, усялілі надзею ў тое, што папраўлюся». На вышыні была і санітарная служба, якая адпрацоўвала ўсе ачагі інфекцыі.

Разам з тым Юрый Мікалаевіч адзначыў, што барацьба с COVID-19 не завершана. Пакуль мы гаворым толькі пра ліквідацыю ўспышкі захворвання і вяртанне да звычайнага рэжыму работы бальніцы. Але і гэта ўжо вялікая перамога. Такое меркаванне раздзяляе і галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы. Ён узгадаў, у якіх няпростых умовах давялося працаваць калектыву апошнія 4 месяцы, якія былі зроблены захады да эфектыўнага лячэння каранавіруснай інфекцыі.
— Я ганаруся ўсім калектывам і лічу, што заахвочаны павінен быць кожны, — сцвярджаў Уладзімір Чакавы. — Не магу не адзначыць зладжаную каардынацыйную работу на ўзроўні мясцовай улады, цеснае ўзаемадзеянне з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, АДРАЦ «Ветразь», шпіталем. У няпростых умовах словам і справай нас падтрымалі неабыякавыя людзі, якія ахвяравалі бальніцы 52 тысячы рублёў. Гэта амаль максімальная сума па Віцебскай вобласці. Яны выкарыстаны на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы медыкам і неабходнага абсталявання для лячэння віруса.
У пацвярджэнне слоў падзякі і ацэнкі напружанай працы ва ўмовах пандэміі шэраг медыцынскіх работнікаў адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.
Вераніка Філановіч
Фота аўтара
Читайте также:
Поставские медики рассказали про работу в условиях COVID-19
Противостоять вместе! Поставчане активно помогают медикам в борьбе с коронавирусом
Как не поддаться панике во время пандемии СОVID-19? Советы психолога