Найперш – матэрыяльны стымул
Каб трапіць у студатрад, які з 1 ліпеня шчыруе на «Паставымэблі», навучэнцам каледжа і школьнікам давялося вытрымаць вялікую канкурэнцыю. Атрымаць пуцёўку на вытворчасць пашчасціла 10 юнакам.
— Атрад мае назву «Маладзёжны» і носіць імя героя Савецкага Саюза Васілія Сідарэнкі, — уводзіла ў курс справы першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская, пакуль мы ішлі ад прахадной завода ў бок зборачнага цэха. — Набор у першы і другі склад атрада (другі будзе працаваць у жніўні) пачаўся ў красавіку. І як толькі першая «партыя» юнакоў прыступіла да работы, запрацавала «сарафаннае радыё», стварыўшы яшчэ большы ажыятаж. Даведаўшыся, што байцы студатрада акружаныя ўвагай і клопатам завадчан, за сваіх дзяцей прыходзяць прасіць не толькі бацькі, але і бабулі. Будзем вельмі ўдзячныя дырэктару «Паставымэблі» Сяргею Лацецкаму, калі пойдзе нам насустрач і павялічыць колькасць другога складу з 10 да 15 чалавек.
У цэху зборкі за двума сталамі па-суседстве старанна забіваюць заглушкі ў крэслы 6 студатрадаўцаў. Адзін з іх — Аляксандр Шыцько. Пасля заканчэння 9-ці класаў хлопец набывае ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы спецыяльнасці трактарыста-машыніста, слесара па рамонце аўтамабіляў і вадзіцеля, а таксама запісаўся на платныя курсы па падрыхтоўцы зваршчыкаў. На іх аплату і плануе патраціць летні заробак. Кажа, працаваць не цяжка. Да таго ж сагравае думка пра будучую зарплату. «За месяц абяцаюць 400 рублёў», — падзяліўся сваімі чаканнямі Аляксандр.
Матэрыяльны стымул вельмі важны і для Віталія Ульянава, таксама навучэнца каледжа. На заводзе ён ужо, лічы, свой — працуе трэці сезон. «Дома сядзець сумна, — разважаў. — А тут ёсць магчымасць і зарабіць, і з равеснікамі правесці час. Грошы «спушчу» на ўсялякую дробязь».
А вось Максім Чарапкоўскі з СШ №3 на першы самастойны заробак мае больш сур’ёзныя планы: гэтыя грошы стануць часткай зберажэнняў, якія школьнік адкладвае на набыццё ўласнага аўтамабіля. Што і казаць, падыход рацыянальны.
На процілеглым баку цэха гатовую прадукцыю ўпакоўваюць баец студатрада Мікіта Пурлан і зборшчык мэблі Віктар Лісіца.
— Як напарнік? — пытаюся ў рабочага.
— Маладзец! Стараецца, — адказвае Віктар Лісіца. — Зрэшты, як і іншыя. За мной не замацаваны канкрэтны баец — кожны дзень яны мяняюцца. Усе працуюць добра. Чакаем у будучым на заводзе.
За ўпакоўкай мэблі мы засталі і камандзіра атрада Арцёма Жолуда. Хлопец родам з Глыбоцкага раёна, вучыцца ў нашым каледжы. Ён не толькі задзейнічаны на зборцы і ўпакоўцы, але і сочыць за наведвальнасцю, якасцю выканання абавязкаў студатрадаўцамі, а таксама за іх самаадчуваннем, што сёлета набыло асаблівую актуальнасць. Ва ўсім яму дапамагае камісар атрада Дзмітрый Будзько. На заводзе ён упершыню. «Хачу зарабіць грошай, даведацца, як працуе адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў, — расказваў Дзмітрый, які шліфаваў маленькія крэслы ў цэху пафарбоўкі. — Запісаўся ў атрад разам з аднакласнікам. Усім задаволены». У абавязкі камісара, апроч арганізацыі працоўнага часу байцоў, уваходзіць ідэалагічная работа, арганізацыя іх вольнага часу. У пачатку месяца ён узахвоціў студатрадаўцаў паўдзельнічаць у велапрабегу, прысвечаным «Дню вышыванкі».
Падчас жніва запрацуе сельскагаспадарчы атрад. Ён аб’яднае 30 байцоў на сушылках ААТ «Хацілы-агра». Пра стварэнне аналагічных вядуцца перагаворы з «Навасёлкамі-Лучаем» і «Сцягам Перамогі-агра».
— У нас зараз гарачая пара: заказамі забяспечаны на 100%, і вытворчасць наладжана ў 3 змены. Таму студатрадаўцам рады, — паведаміў дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі, які рабіў абход прадпрыемства. — Яны і нам дапамогуць, і вопыт набудуць. Байцы працуюць з 8 да 16 гадзін з перапынкам на абед. Курыруе работу атрада майстар зборачнага ўчастка Тамара Шырокая.
Вераніка Філановіч
Фота аўтара
Читайте также:
Альфред Малец стал лауреатом республиканского конкурса в номинации «Руководитель года»
Воропаевские булочки снова в продаже! Татьяна Лешкович открыла собственную мини-пекарню
Что изменилось на ПУП «Завод Белит» с приходом нового директора Игоря Прохоренко?