На СТК «Озерки» работает дневной лагерь для детей и подростков «Следопыт»

Важное Спорт

«Інтэрв’ю» з возерам, лекцыі, спартландыі

Узмацніць любоў да навакольнага асяроддзя, навучыць рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, сфарміраваць экалагічную культуру — галоўныя задачы дзённага лагера «Следапыт», які аб’яднаў неабыякавых да гэтай тэмы дзяцей і падлеткаў на пляцоўцы СТК «Азёркі».

Лагер — адзін з этапаў праекта «Развіццё экалагічнага турызму і фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва Пастаўскага раёна і Віцебскай вобласці», які з пачатку года рэалізуе грамадскае аб’яднанне «Экаагратур» разам з аддзелам спорту і турызму райвыканкама і лясгасам. У хуткім часе ў яго рамках з’явяцца дзве экалагічныя сцежкі.

Выхавальнік-кансультант па экалагічных пытаннях Іна Гутар чытае лекцыю пра маркіроўку тавараў

Весела і з карысцю ў лагеры бавяць час дзеці ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Касцяк змены — 13 з 20 чалавек — склалі наведвальнікі гурткоў турызму сярэдніх школ №№1 і 2. Ведаць і любіць прыроду хлопчыкаў і дзяўчынак у гэтых гуртках вучыць Ула­дзімір Кароль. Ён і стаў адным з выхавальнікаў-кансультантаў лагера. Разам з ім экалагічным прамудрасцям дзяцей навуча­юць Іна Гутар і Святлана Паламарчук. Узначальвае лагер Наталля Сіманька. Апроч таго, сваімі ведамі ў гэтай галіне з юнымі эколагамі дзеляцца староннія эксперты — настаўнікі профільных прадметаў.

Перш чым прыступіць да работы ў «Следапыце», выхавальнікі-кансультанты займаліся на спецыяльных семінарах па праграме «Экалоджык», — паведаміла менеджар праекта Алеся Гіль. — Работа была пабудавана на аснове кнігі шведскіх аўтараў «Зялёная перспектыва. Інтэрактыўныя метады навучання экалогіі». Перавяла яе і адаптавала эксперт у галіне экалагічнага і арганізацыйнага навучання Наталля Рабава, якая і вяла семінары.

Заўтра завяршаецца першая 10-дзённая змена лагера. Яна атрымалася вельмі насычанай і цікавай. Юныя эколагі вучыліся арыентавацца на мясцовасці, разважалі пра прыроду, займаліся даследчай дзейнасцю, краязнаўствам. А атрыманыя веды замацоўвалі падчас гульняў і практыкаванняў. Не забывалі і пра актыўны адпачынак: гулялі ў лазертаг, спаборнічалі ў спартландыях, пакаралі вяровачны гарадок.

Кожны лагерны дзень быў прысвечаны адпаведнай тэматыцы. Напрыклад, у чацвер галоўнай «гераіняй» стала вада. Дзёці «бралі інтэрв’ю» ў азёр Белае і Дубок (вывучалі іх характарыстыкі і параўноўвалі), па кіслотнасці вызначалі, з якой крыніцы ўзята вада, вучыліся з розумам набываць пакупкі ў магазіне.

Уражанні неверагодныя! — дзяліўся Уладзіслаў Дзісько. — Мы набылі і тэарэтычныя, і практычныя веды. Было вельмі пазнавальна даведацца, як сартуюць смецце ў іншых краінах, што значыць тая ці іншая маркіроўка на таварах і многае іншае. Спадабалася ў лагеры і харчаванне. Абавязкова буду карыстацца атрыманымі ведамі, жыць у гармоніі з прыродай.

Падобнай думкі прытрымліваецца і Арцём Ляўко. Хлопец і раней цікавіўся тэмай экалогіі, а пасля лагернай змены плануе адказна ставіцца да сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, утылізацыі адпрацаваных батарэек.

Я — аматар рыбалкі і вельмі засмучаюся, калі даводзіцца бачыць горы смецця ля вадаёмаў, — расказваў Арцём Ляўко. — Ра­зам з сябрам прыбіраем яго, палім альбо адвозім у кантэйнеры для цвёрдых камунальных адходаў. Мы павінны клапаціцца пра прыроду, быць адказнымі спажыўцамі. Інакш планету чакае экалагічная катастрофа.

Другая змена лагера пачнецца 18 ліпеня і прадоўжыцца да 28-га.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Алесі Гіль



Читайте также:
На спортивно-туристическом комплексе «Озерки» появилась мини-птицеферма
Летний оздоровительный лагерь Андроновской ЯСБШ посещают 17 детей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.