На выездном совещании в Новоселках обсудили вопросы подготовки школы к новому учебному году

Образование

Інвестыцыі ў адукацыю

16 ліпеня ў Навасёлках адбылася выязная нарада па пытаннях падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года.

Рамонт і далейшае развіццё ўстановы адукацыі разам з дырэктарам школы Валянцінай Пяткевіч і яе намеснікам па вучэбнай рабоце Людмілай Міхалевіч абмяркоўвалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў, начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург, начальнік гаспадарчай групы цэнтра па абслугоўванні бюджэтных арганізацый Анатолій Баслык. Курыраваў нараду намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Юрый Кісялёў.

У абмеркаванні пытанняў удзель­нічаюць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых служб, бо толькі комплексны падыход можа прынесці максімальную карысць, — упэўнены Юрый Кісялёў. — Не застанецца ў баку ад падрыхтоўкі школы да навучальнага года і базавая гаспадарка, якая знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета, — ААТ «Навасёлкі-Лучай». Яе дырэктар Юрый Шымчык абяцаў прафінансаваць замену трох вокнаў у кабінеце інфарматыкі і люстраў у майстэрні.

Пачаўся абход са спартыўнай комплекснай пляцоўкі са штучным пакрыццём. Аб’ект размяшчаецца побач са школай і, як і яна, павінен прыняць наведвальнікаў першага верасня. Пакуль што пад будучую пляцоўку зроблена толька аснова, дэманціраваны старыя канструкцыі. Пра гэта паклапаціліся ААТ «Навасёлкі-Лучай», ДРБУ-132 і УП ЖКГ.

У школьных калідорах яшчэ не выветрыўся пах фарбы — з 6 па 14 ліпеня касметычны рамонт тут праводзіла вучнёўская брыгада з 8 чалавек. Разам з работнікамі ўстановы старшакласнікі памалявалі сцены і падлогу ў калідорах, спартыўнай зале і гардэробе, а ў класах да таго ж паклеілі шпалеры. Дарослыя ліквідавалі трэшчыны ў фундаменце. А вось у рамонце даху былі задзейнічаны прафесіяналы — брыгада са «СтройХома». Яна замяніла больш за 600 квадратных метраў пакрыцця. Сродкі на рамонт выдзеліў аддзел па адукацыі райвыканкама.

Завяршылася выязная нарада ў музейным кутку работ рукадзельніцы Ліліі Зарэцкай. «Аазіс» народнай творчасці адкрыўся ў школе нядаўна і будзе выкарыстоўвацца для выхавання ў моладзі пачуцця любові да сваёй культуры, гісторыі.

Мы комплексна падыходзім да вырашэння ўсіх без выключэння пытанняў, а не толькі тых, якія датычаць сацыяльных аб’ектаў, — запэўнівае Канстанцін Мядзведзеў. — У аграгарадку вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню. Гаворка ідзе не толькі пра навядзенне парадку, але і пра знос занядбаных пустых дамоў. Навасёлкі — адзін з найбуйнейшых сельскіх населеных пунктаў раёна. Тут пражывае больш за 740 жыхароў. І наша галоўная задача — сфарміраваць добрыя ўмовы для іх жыцця.

Гэтаму спрыяе і той факт, што Навасёлкі ўключаны ў праект «Вёска будучыні», які прадугледжвае развіццё і ўдасканаленне многіх аб’ектаў інфраструктуры. У прыватнасці, месца для гандлю перанесена ў больш зручнае для людзей і гандляроў. Зараз яно размяшчаецца на перасячэнні вуліц Школьнай і Маладзёжнай.

Вёска будучыні — гэта не пусты гук, — прыводзіць аргументы Юрый Кісялёў. — Распрацоўваецца архітэктурна-будаўнічы праект развіцця Навасёлак. Наступны этап — узвядзенне жылля. Абмяркоўваецца ўзнаўленне работы ў новай якасці Цэнтра сацыяльных паслуг у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Раней тут дзейнічаў сучасны аздараўленчы комплекс з водалячэбніцай, басейнам, лазняй. Развіццю інфраструктуры спрыяе і ААТ «Навасёлкі-Лучай». Напрыклад, цяпер сельгаспрадпрыемства за ўласныя сродкі прыводзіць у парадак гасцініцу па вуліцы Набярэжнай, стварыла брыгаду для пафарбоўкі агароджы на цэнтральнай вуліцы аграгарадка.

Таксама на парадку дня — набыццё яшчэ аднаго школьнага аўтобуса. Ён будзе выкарыстоўвацца для падвозу дзяцей з Коўзанаў. Пяць гадоў назад пра гэта можна было толькі марыць, бо тут не было школьнікаў увогуле. Зараз, дзякуючы будаўніцтву фермы і жылля, сюды пераяз­джаюць жыць і працаваць сем’і з іншых рэгіёнаў краіны.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара



Читайте также:
Учащиеся Поставского государственного колледжа заявили о себе на конференции в Татарстане
Что дает обязательное распределение после получения образования?
Куда обращаться за материальной помощью к новому учебному году?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.