Пилигримы Поставщины посетили святое место в Будславе

Духовность

Марыя туліла ўсіх да сябе

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня на дарогах, якія вядуць да Будслава, звычайна бывае ажыўлена. З розных куточкаў нашай краіны, з замежжа ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай накіроўваюцца пілігрымы. Гэтай традыцыі амаль 30 гадоў.

Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі біскупы Беларусі прынялі рашэнне перанесці будслаўскі фэст на пазнейшы час. Урачыстасць ладзілася на парафіяльным узроўні і праходзіла крыху ў іншым фармаце. Тым не менш тыя, чыё сэрца рвалася да Марыі і Яе Сына, рушылі ў гэта святое месца на розных відах транспарту.

Тры святары і адзін брат законны выйшлі пехатой з Баранавіч 23 чэрвеня і на восьмы дзень дасягнулі мэты. 27 чэрвеня некалькі пілігрымаў адправіліся ў дарогу з Браслава. У гэты ж дзень з Лагішына на матацыклах выехалі тры святары-байкеры. Стартаваўшы ад лагішынскага санктуарыя Каралевы Палесся, яны пабывалі ў святынях і маліліся перад цудадзейнымі абразамі Маці Божай у Брэсце, Тракелях, Гудагаі, Браславе, Бялынічах. Па дарозе збіралі малітоўныя інтэнцыі вернікаў, каб данесці іх да Бога праз заступніцтва Багародзіцы. 70-гадовы пробашч Чырвонага касцёла (Мінск) Уладзіслаў Завальнюк у якасці транспартнага сродку выбраў монакола. Рухаўся з хуткасцю прыкладна 25 кіламетраў у гадзіну, праз 5-7 км рабіў прыпынак на 15-20 хвілін. У дарозе праводзіў святую Імшу, абрад адарацыі Найсвяцейшага сакраманту.

Маладыя велапілігрымы з Пастаў

Пабывалі на ўрачыстасцях у Будславе і шматлікія пастаўчане. Група моладзі разам з ксяндзом Эдуардам Сінкевічам пераадолела больш за 80 кіламетраў за адзін дзень на веласіпедах.

— Ініцыятарам велапілігрымкі быў ксёндз Эдуард, — расказваў адзін з яе ўдзельнікаў Мацвей Цалко. — Я, Мацвей Яморскі, Марк Хмяльніцкі, Стас Буцневіч неаднойчы ездзілі ў Будслаў з бацькамі, удзельнічалі ў пешых пілігрымках. Сёлета вырашылі паспрабаваць на веласіпедах. Эмоцыі зашкальваюць! Надвор’е было камфортным, толькі на некаторых участках дарогі рухаліся супраць ветру. У Мядзеле да нас далучыліся яшчэ двое пастаўчан. Не перадаць словамі, якую ра­дасць адчулі, убачыўшы вежы будслаўскага касцёла.

Многія вернікі адправіліся на будслаўскі фэст на аўтамабілях.

Цяжка падлічыць, колькі разоў я быў у Будславе, — расказваў Віталій Улыбін. — Любіў пешыя пілігрымкі. Сёлета эпідэміялагічная сітуацыя змяніла фармат фэсту. Але сэрца падказвала: трэба ехаць. Будслаў нібы магніт прыцягвае да сябе, тут пануе незвычайная атмасфера, прасякнутая Божай любоўю, у якую хочацца акунуцца. 1 ліпеня на святой Імшы віталі пешых пілігрымаў з Івянца, Маладзечна, Гудагая, велапілігрымаў з Пастаў, сям’ю з маленькім дзіцяткам з Мінска, якая таксама прыбыла на веласіпедах. Сустрэў шмат землякоў. Убачыў адну нашу парафіянку Лізавету Кімстач, якая, як даведаўся пазней, у Будслаў ішла адна… Марыя туліла ўсіх да сябе.

Лізавета Кімстач

Пазней я сустрэлася з Лізаветай Кімстач. З ёй неаднаразова даводзілася бываць у розных святых месцах Беларусі, летась разам крочылі ў Будслаў.

— Вельмі люблю пілігрымаваць, — расказвала жанчына. — Цікава знаёміцца з новымі святынямі, пазнаваць іх гісторыю. У Будслаў хадзіла чатыры разы. Марыла пра арганізаваную пілігрымку і сёлета. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы. А мне так хацелася трапіць да Матачкі Божай Будслаўскай! Адлегласць для мяне — не перашкода, таму вырашыла ісці. Рухалася праз Лучай, Дунілавічы, Валкалаты, Ілава. Некаторыя знаёмыя дзівіліся, маўляў, як я адна ішла. Не адна! З Езусам! Выходзіла ў дзень урачыстасці Пятра і Паўла. Пабыла на святой Імшы, прыняла камунію і без трывогі адправілася ў дарогу. Ведала, што дэвізам сёлетняй урачыстасці, якая праходзіла пад знакам 100-гадовага юбілею Святога Яна Паўла II, сталі словы яго біскупскага і папскага служэння «Марыя, я ўвесь Твой». Я таксама цалкам даверылася Маці Божай. Не хацела нікому дачукаць, таму начавала пад адкрытым небам. Ад камароў мела крэм, для адпачынку — спецыяльны дыванок пілігрыма. У дарозе малілася аб спыненні эпідэміі, моцы Божай для медработнікаў, здароўі для хворых, ласцы неба для памерлых, суцяшэнні і веры ў вечнае жыццё для тых, хто перажывае смерць блізкіх, дзякавала Пану Богу за пражытыя гады. Мне амаль 70, але здароўе дазволіла пераадолець няблізкі шлях. Пілігрымка ў адзіноце дапамагла яшчэ больш наблізіцца да Бога, пазнаць Яго волю і прысутнасць у маім жыцці. Прыемна было, калі ў Будславе да мяне падыходзілі землякі, у тым ліку ксёндз Эдуард. Ён падарыў майку з надпісам «Паставы—Будслаў».

Анна Анішкевіч
Фота Віталія Улыбіна і з сайта catholic.by



Читайте также:

В Воропаевском приходе к Пасхе напекли имбирных пряников в виде яйца (+видео)
27 мая умер бывший пробощ прихода Святого Антония Падуанского Анджей Ян Возняк



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.