Посмотрите, какую красоту создали Марина Скридлевская и ее семья возле дома в аг. Хотилы

Важное Общество

Жыць прыгожа!

Ой, чаму менавіта да нас заглянула прэса?! — разгубілася Марына Скрыдлеўская, калі я патлумачыла мэту свайго прыезду. — У нашых Хацілах столькі прыгожых двароў і кветнікаў!

І гэта сапраўды так. Некаторыя адрасы я запісала. Але ад Марыны не адступілася: уразіла зялёная акультураная прастора ля дома, аздобленая дрэвамі, дэкаратыўнымі кустарнікамі, кветкавымі астраўкамі. Чаго тут толькі няма: вялізныя піхта і бяроза, старыя разгалінаваныя яблыні і маладзенькія саджанцы, «шарэнга» вішань, вінаградная лаза… Аднак ніякай скучанасці, усяму — сваё месца. А градкі з агароднінай увогуле «схаваліся» за гаспадарчай пабудовай і буяюць зяленівам. Наталяюцца сонцам ля парніка з памідорамі прыгажуні-лілеі. Пышная гартэнзія ля калодзежа аздобілася бухматымі белымі шапкамі і, напэўна, пачувае сябе каралевай. Раскошны белы клемаціс, абвіўшы веранду дома, напаўняе паветра прыемным тонкім водарам. Ды хіба магчыма пералічыць усе расліны, выпеставаныя дбайнымі гаспадарамі! Пасадзіць, паліць, падкарміць, прапалоць, апрацаваць супраць шкоднікаў, падрэзаць, абкасіць — толькі паспявай упраўляцца. Знаходзяцца ідэі і час на іх увасабленне і ў стварэнні малых архітэктурных форм.

Гэта хата мужавых бацькоў, якіх ужо няма ў жывых, — расказвае Іосіфаўна. — Дом перайшоў нам у спадчыну. І хаця жывём у кватэры ў райцэнтры, пастаянна гаспадарым тут. Працы хапае як мне, так і мужу, сынам. Але нам у вёсцы падабаецца, і ёсць дзе адпачыць. Хадзем да рэчкі, пакажу самае любімае месца не толькі нашай сям’і, але і гасцей.

Рэчка — побач. Пераходзім дарогу і спускаемся да яе. Які цудоўны, абвіты дзікім плюшчом (жывая сцяна!), куточак! Лазенька, альтанка са столікам і лаўкамі, кампазіцыі з каменя, шэзлонг, лодка на вадзе. Бабёр і той аблюбаваў гэтае месца і, набраўшыся нахабства, нават у нашай прысутнасці вынырнуў, ускаламаціўшы ваду, зыркнуў навокал і тут жа знік.

Паглядзіце, Паша ствалы дрэўцаў абматаў дротам, каб такі госць не згрыз іх, — паказвае. — І ўвогуле ён і сыны шмат зрабілі па добраўпарадкаванні сядзібы.

Марына працуе медсястрой у АДРАЦ «Ветразь», Павел — старшыня Ярэўскага сельскага Савета. Выхавалі двух годных сыноў, адзін з якіх ужо стварыў сваю сям’ю. Калі мы ад’ехалі ад дома, я заўважыла, як у двор павярнула маладая пара з малым дзіцем на руках. Пазней, у тэлефоннай размове, Марына патлумачыла: «Гэта быў наш старэйшы сын Жэня, нявестка Каця і любімая ўнучачка Элінка. А малодшы, Юра, пасля заканчэння ўніверсітэта і магістратуры зараз праходзіць тэрміновую службу ў арміі. І, вядома ж, марыць хутчэй вярнуцца дадому».

А дом — гэта не толькі гарадская бацькоўская кватэра, але і куточак на хацілаўскай зямлі, дзе жылі і працавалі бабуля з дзядулем і які зараз у ідэальным стане ўтрымліваецца іх нашчадкамі.

Ствараць прыгажосць і жыць пры­гожа — хіба гэта не класна?

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава



Читайте также:
«В этом году у мамы особенно много петуний, а папа держит фазанов». Семья Васильевых из д. Голбея
На пруду на въезде в 6-й городок поселилась лебединая семья
В Трабутишках спасали аистенка по кличке Пушок. И спасли!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.