Поставчанка Анастасия Макоед создает оригинальные композиции из воздушных шаров

Общество

Фантазіі нястрыманы палёт

«Ніхто не можа сумаваць, калі ў яго ёсць паветраны шарык». Памятаеце гэту цытату Віні-Пуха з аднайменнага савецкага мультфільма? Яе праўдзівасць можа пацвердзіць маладая пастаўчанка Анастасія Макаед, якая не першы год дорыць жыхарам раёна яркія эмоцыі ў выглядзе арыгінальных кампазіцый з паветраных шароў.

— Мне 25 гадоў, я нарадзілася і вырасла ў Паставах, — расказвала Насця. — Пасля заканчэння школы паступіла ў медыцынскі каледж, але зразумела: не маё. Уладкавалася на працу барыста і адміністратарам кафэ, некаторы час была прадаўцом-кансультантам, мене­джарам… Гэта быў пошук сябе. Заўважыла, што мне вельмі падабаецца працаваць з людзьмі і што мая работа ў ідэале абавязкова павінна быць звязана з камунікацыяй.

Уласную справу Анастасія адкрыла напрыканцы 2017 года — у невялікай краме прадавала розныя атрыбуты да свята. У тым ліку і паветраныя шары.

— Я захапілася імі яшчэ чатыры гады назад, — успамінала суразмоўца. — Адна мая знаёмая неяк даслала мне фатаграфію, маўляў, глядзі, якія кветкі я зрабіла з шарыкаў, падару сяброўцы на вяселле. Гэта было так прыгожа, так незвычайна! Я і раней падобныя букеты бачыла, мне іх нават дарылі. Стала цікава, як гэта робіцца, ці змагу сама зрабіць штосьці падобнае? Праз хвілін 40 я ўжо бегала па Паставах у пошуках шарыкаў-«каўбасак» і насоса для іх. Знайшла на рынку. Па інструкцыі зрабіла першы рамонак (атрымалася, праўда, не адразу). І ўсё, мяне зацягнула…

Потым Насця пачала шукаць усемагчымую інфармацыю пра шарыкі: якіх фірмаў яны быва­юць, у каго лепшая якасць, дзе іх купіць… Спачатку вынікі свайго творчага захаплення раздорвала сябрам (нагода для гэтага магла быць любой!), мама дзяўчыны таксама дарыла ўсім букеты дачкі. Праз год прыйшло разуменне: штосьці ў гэтай справе атрымліваецца, можна паспрабаваць рабіць паветраную прыгажосць на продаж.

Пачынаць было нескладана, але вельмі страшна. Аднак дзякуючы падтрымцы сям’і (асабліва мужа, які і цяпер першы памочнік) усё атрымалася.

Сёння Анастасія прапануе кліентам зрабіць з паветраных шароў розныя фігуры і кампазіцыі, букеты, таксама займаецца афармленнем фотазон.

— Сваёй рабоце я прысвячаю вельмі многа часу, прычым як у будні, так і ў выхадныя, — адзначыла яна. — Калі не раблю заказ, то адказваю на шматлікія паведамленні ці званкі. Кліенты могуць напісаць і ў дзве гадзіны ночы. Калі не сплю, то абавязкова адказваю. Шчыра люблю тое, чым займаюся. А за што? Тут хочацца ўзгадаць сітуацыю, калі я адвозіла шарыкі аднаму заказчыку. Стукаю ў дзверы, а мне адчыняе маленькая дзяўчынка, у якой заўтра свята — цэлы годзік! Яна так захоплена пачала пляскаць у далоні і ўсміхацца! Відовішча было эмацыянальным — ледзьве не да слёз. Вось за такія шчырыя эмоцыі сваіх кліентаў больш за ўсё і люблю сваю работу.

Калі вы лічыце, што паветраныя шары дораць толькі дзецям, то памыляецеся. Насця расказала, што часта робіць падарункі і дарослым. І прыгадала, як на 8 Сакавіка заказалі букет для 80-гадовай бабулі. Яна потым усім паказвала, што за незвычайную прыгажосць ёй падарылі.

— Мае работы не паўтараюцца, кожны раз ствараю штосьці новае, — сказала дзяўчына. — Ідэі для іх магу падгледзець у інтэрнэце. Але толькі ідэі. Калі пачынаю ствараць букет, чалавечка ці штосьці яшчэ — уключаю ўласную фантазію. Яе палёт бязмежны, як і колькасць варыянтаў маіх работ.

Зрабіць абы з рук не дазваляе сумленне, таму заўжды выкладваюся на ўсе сто працэнтаў. Напэўна, таму ў мяне нямала пастаянных кліентаў, якія могуць патэлефанаваць і сказаць: «Мне праз гадзіну патрэбна тое і тое, зрабі што-небудзь на свой густ». А ты потым сядзіш і думаеш, чым у чарговы раз здзівіць заказчыка. Гэта падштурхоўвае да пастаяннага развіцця ў справе, якой займаешся.

Суразмоўца адзначыла, што раней працавала над заказамі ў сваім магазіне, цяпер шчыруе дома. Кліенты могуць да яе прыехаць і ў 6 раніцы, і ў 12 ночы, кожны раз кудысьці ездзіць з імі нязручна.

— Таму ў нас што ні дзень, то свята, — ўсміхалася Анастасія. — Праўда, гэта не зусім даспадобы нашаму сабаку — ён усё яшчэ баіцца шарыкаў. Напэўна, таму што ведае, як гучна яны могуць лопацца.

…Па жыцці Насця — чалавек аптымістычны і ўсмешлівы. І раіць кожнаму быць такім. Бо пазітыўныя думкі — як паветраныя шарыкі: нічога не важаць, але размалёўваюць жыццё ў яркія фарбы.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Анастасіі Макаед



Читайте также:
Любимое дело. Поставчанка Алла Жук создает полезные красивые вещи из газетной лозы
Семейная экоферма «Подоляндия» — место, где отдыхают душой
Юная поставчанка Виктория Дунец участвует в модных показах и фотосессиях в Милане, Париже, Сеуле
В Поставах открылся каяк-клуб «Маяк» для любителей активного отдыха (+видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.