Каранцін застаецца, з’явіцца платнае тэсціраванне
Сітуацыя па каранавіруснай інфекцыі ў раёне стабілізавалася, зменшылася колькасць хворых на пнеўманію. А гэта значыць, надышоў час для адваротнага перапрафілявання Пастаўскай ЦРБ. Як яна будзе працаваць зараз, даведалася карэспандэнт «ПК» Вераніка Філановіч.
Тэрыторыя, свабодная ад COVID-19
Пік захваральнасці на «ковід» і пнеўманію ў раёне прыйшоўся на май—чэрвень. Каб рацыянальна выкарыстаць рэзервы, 105 ложкаў стацыянара ЦРБ перапрафілявалі ў інфекцыйныя. У самы крытычны момант свабоднымі з іх заставаліся сем. У барацьбе з каранавірусам былі задзейнічаны аддзяленні тэрапіі, неўралагічнае, наркалагічнае, рэанімацыйнае, радзільнае і, зразумела, інфекцыйнае. Пры неабходнасці для абследавання і лячэння пацыентаў накіроўвалі ў Віцебск.
Падчас пандэміі калектыў бальніцы пераарыентаваўся зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, падстроіўся пад новыя, дагэтуль невядомыя, схемы лячэння. Напрацоўкамі па тактыцы абследавання, лячэння, назірання за хворымі з пастаўскімі медыкамі дзяліліся калегі з вобласці і рэспублікі. Вялікую матэрыяльную падтрымку аказалі спонсары і валанцёры.
— Зараз на лячэнні ў стацыянары з дыягназам «пнеўманія» знаходзіцца 10 пацыентаў, у чатырох з іх пацверджана каранавірусная інфекцыя, — паведаміў галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы. — Цяжкахворых няма, да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх ніхто не падключаны. (Для параўнання: летась на сярэдзіну лета ў нас было 8 пнеўманій.) Бальніца паступова вяртаецца да звычайнага рэжыму працы, узнаўляецца планавая шпіталізацыя, хірургічныя ўмяшанні, работа дзённага стацыянара і стаматалогіі. Хворыя на каранавірус цяпер будуць лячыцца выключна ў інфекцыйным аддзяленні. Пры гэтым ЦРБ застаецца працаваць ва ўмовах каранціна грыпозных інфекцый: захоўваецца масачны рэжым, абмежавана наведванне стацыянарных хворых.
Першым ад небяспечнай інфекцыі вызвалілася перапрафіляванае наркалагічнае аддзяленне, затым — тэрапеўтычнае. Зараз у ім узнавілі шпіталізацыю пацыентаў свайго, а таксама кардыялагічнага і неўралагічнага профіляў. А днямі правялі канчатковую дэзынфекцыю неўралагічнага аддзялення. Яго работнікі адправіліся ў водпускі, а ў структурнай адзінцы запланаваны касметычны рамонт. Пасля гэтага аддзяленне зарэзервуюць, і яно будзе знаходзіцца ў рэжыме чакання — на выпадак другой хвалі каранавіруснай інфекцыі.
Экспрэс-тэст – у неўралогіі
З 21 ліпеня ў ЦРБ пачнуць праводзіць платную экспрэс-дыягностыку на COVID-19. Забор крыві з вены будзе ажыццяўляцца ў неўралагічным аддзяленні стацыянара. Каб запісацца туды, неабходна патэлефанаваць у рэгістратуру па нумары 4-11-57 і паведаміць запланаваную дату візіту. Медыцынскі работнік запіша вас і скажа, на які час назначана працэдура. Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць чаргі ля працэдурнага кабінета.
Экспрэс-тэсціраванне будзе праводзіцца з 8 да 12 гадзін штодня альбо праз дзень у залежнасці ад попыту. Яго кошт складзе каля 20 рублёў, а вынік будзе гатовы праз паўтары гадзіны. Калі тэст акажацца станоўчым, то паўторны вам зробяць бясплатна.
— Аднак майце на ўвазе, што дадзеная экспрэс-дыягностыка не ўлічваецца пры выездзе за мяжу, — тлумачыць галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева. — Для перасячэння граніцы неабходна зрабіць больш грунтоўны аналіз — ПЛР (палімеразная ланцуговая рэакцыя). Ён праводзіцца па папярэднім запісе ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Адрас цэнтра і нумары тэлефонаў можна знайсці на сайце ўстановы. Аналіз платны.
У сталіцы ПЛР-даследаванне робяць Рэспубліканскі, Мінскі абласны і Мінскі гарадскі цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.
Читайте также:
COVID-19. Жители Поставщины поделились своими историями выздоровления
Выявить и обезвредить — это задача работников отдела эпидемиологии Поставского РайЦГЭ
Как не поддаться панике во время пандемии СОVID-19? Советы психолога