Постельное, посуда, массажёры… Мошенники зовут людей на презентации и заставляют оформить кредит

Безопасность Важное

Лапшу навешаюць на вушы – мы за цаной не пастаім?

Павел Мікалаевіч — ваенны пенсіянер. Дбайны гаспадар, эканомны распарадчык сямейнага бюджэту: ніводнага рубля на неабгрунтаваныя пакупкі не патраціць. Але ў той раз ледзьве не паддаўся спакусе.

На днях яму пазванілі на мабільны тэлефон і запрасілі на прэзентацыю артапедычных матрацаў, якая праводзілася ў Паставах. «Прыходзьце не адзін, а з жонкай, ды яшчэ суседзяў паклічце», — міла шчабятала ў трубку дзяўчына. «Чаму б не паўдзельнічаць, а можа, і купіць, калі тавар якасны?» — вырашыў.

Людзей на мерапрыемства сабралася няшмат — чалавек 25. Але яго арганізатары не шкадавалі ні свайго часу, ні энергіі. Размясцілі на агляд матрацы і падушкі, прадэманстравалі відэафільм пра іх вытворчасць. А як умела пераконвалі прысутных, што без такіх матрацаў і жыццё не жыццё! Хто з пенсіянераў не ведае на сабе, што такое астэахандроз? Каму не ба­ліць спіна? Ратуюцца лякарствамі ды фізіяпрацэдурамі, ходзяць на масаж. «Без усяго гэтага можна абысціся, набыўшы артапедычны матрац. Ён жа будзе служыць і масажорам. Спаць на такім матрацы — адно задавальненне і для здароўя карысна, — даво­дзілі прысутным арганізатары прэзентацыі. — А ў дадатак да пакупкі — падарунак».

Фота носіць ілюстрацыйны характар (з адкрытых крыніц)

Мікалаевіч так заслухаўся, што нават уявіў, як соладка яму спіцца на такім матрацы. Як кажуць, кліент выспеў! Трэба замацаваць кантакт. І пайшоў маналог. «О, у вас пенсія больш за 500 рублёў! Служылі ў танкавых войсках? Як прыемна! Мой бацька таксама быў танкістам. Вось бы вас пазнаёміць — мелі б пра што пагаварыць». Малады імпазантны апрануты па дрэс-кодзе малады чалавек атуляў увагай патэнцыяльнага пакупніка. Заставалася «дробязь» — аформіць крэдыт. На два гады на суму 1 920 рублёў. Каб заплаціць за адзін матрац.

— Толькі жонцы пазваню, і паедзем у банк, — рашыўся Павел Мікалаевіч.

— Не-не, не званіце! Няхай ваша пакупка стане для яе сюрпрызам, — адгаворваў прэзентант.

— Але ж у мяне няма з сабой грошай, каб заплаціць першы ўзнос. Папрашу, каб прывезла.

— Не патрэбны грошы. Аформім без першага ўзносу.

Тым не менш Мікалаевіч усё ж такі пазваніў сваёй Ганне і паведаміў, што будзе афармляць крэдыт і купляць матрац. Тая не на жарт усхадзілася: «Ты што, з глузду з’ехаў?! За што плаціць такія грошы? Можа, забыўся, што на кватэру ўнучцы збіраем?»

Нібыта ад сну абудзілі жончыны словы, і Мікалаевіч адмовіўся набываць матрац. У тую ж хвіліну гаваркі субяседнік страціў да яго цікавасць. А каб той не перашкаджаў агітаваць астатніх прысутных на прэзентацыі, культурна, але настойліва выправадзіў з залы.

Я не расказвала б гэту гісторыю так падрабязна, калі б не ведала іншых фактаў, як чалавек, паддаўшыся эйфарыі (а яе вельмі прафесійна ствараюць арганізатары прэзентацый), купляў тую ці іншую рэч, а потым спахопліваўся, што і грошай пераплаціў, і рэч не такая патрэбная.

Зіна атрымлівае пенсію па інваліднасці і можа купіць за яе толькі самае неабходнае. Але, пабываўшы на прэзентацыі посуду, трапіла ў замануху і, аформіўшы крэдыт, купіла для замужняй дачкі набор каструль. Аднак замест радасці выйшла засмучэнне. «Што ты нарабіла, мама? Чаму не параілася са мной? — выгаворвала дачка. — Столькі пераплаціла! Ды яшчэ крэдыт узяла». І настаяла на тым, каб вярнуць пакупку прадаўцам. Што і было зроблена, хаця і каштавала нерваў. Такі ж посуд набыла і яшчэ адна мая знаёмая — Святлана. «Як насланнё якое найшло на мяне на той прэзентацыі, — расказвала. — Толькі дома спахапілася, што і цана завоблачная, і якасць не тая, як рэкламавалася».

Фота носіць ілюстрацыйны характар (з адкрытых крыніц)

Думаеце, на прэзентацыі, якія час ад часу праводзяцца ў нашым горадзе, прыходзяць толькі пенсіянеры? Не, цікаўнасць прыво­дзіць на іх і некаторых маладзейшых людзей. Знаёмая расказвала: «Мой муж-інтэлігент на адной з такіх прэзентацый купіў артапедычны матрац. Безумоўна, пераплаціў, да таго ж узяў крэдыт. «Працверазеў» праз месяц, калі заплаціў банку першы ўзнос у суме 90 рублёў. Але назад пакупку не вернеш, бо ўжо спаў на матрацы».

Рыхтуючы да друку гэты матэрыял, прачытала ў інтэрнэце, у групе «Падслухана Паставы», інфармацыю пра тое, што ў наш горад на днях прыязджалі лахатроншчыкі і на прэзентацыі «втюхали» пенсіянерам нікому не патрэбнае барахло ў крэдыт па цане аўтамабіля, і ў працяг яе — абуральныя каментарыі. Я не была б настолькі катэгарычнай і не гаварыла б пра лахатроншчыкаў і барахло, бо на прэзентацыях выстаўляецца ўсё ж такі нядрэнны тавар. А вось цэны на яго сапраўды завышаныя. Але хіба арганізатары прэзентацый прымушаюць нас набываць матрацы, падушкі, посуд, бытавую тэхніку, іншы тавар? Не, проста выдатна ўмеюць разрэкламаваць яго і абаяць патэнцыяльных пакупнікоў падкрэсленай ветлівасцю і ўвагай, загаварыць іх салодкімі прамовамі. Да таго ж завабліваюць падарункамі. Але на тое і галава на плячах у кожнага, каб думаць і вырашаць, як паступіць у тым ці іншым выпадку. А яшчэ памятаць, што бясплатным сыр бывае толькі ў мышалоўцы (гэта я адносна падарункаў).

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
В Поставах появились еще две безопасные зоны для движения пешеходов
Внимание, мошенники! Предупредите своих родных и близких
Как защитить велосипед от кражи? Советы правоохранителей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.