Найярчэйшая маляванка – у пастаўчанкі
Такі вердыкт вынесла журы міжнароднага конкурсу «Фарбы нябёсаў», прысудзіўшы Вользе Гукавай Гран-пры.
Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з’яўляецца творчай пляцоўкай не толькі для песеннага, але і для іншых відаў мастацтва. Пачэснае месца на ім займае народная творчасць. У прыватнасці, на «базары» ўжо атрымаў пастаянную прапіску адкрыты конкурс майстроў традыцыйнага і сучаснага роспісу «Фарбы нябёсаў». Сёлета Гран-пры творчага спаборніцтва прысуджана метадысту Дома рамёстваў «Стары млын» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Вользе Гукавай. Журы пакарыла яе маляванка «Вяселле», над якой майстрыха працавала на працягу месяца.
— Узровень конкурсных работ быў настолькі высокім, што журы доўга вагалася, перш чым вызначыць прызёраў, — дзялілася Вольга Гукава. — Спадабаліся яны і гледачам: ад жадаючых набыць работы не было адбою. Прычым людзі прапаноўвалі за іх унушальныя сумы. Я прывезла на «Фарбы нябёсаў» 7 вялікіх маляванак. Адну з работ — з букетам з каласоў, рамонкаў і васількоў у керамічным збане — завяршала непасрэдна ў фестывальныя дні. Дарэчы, яна дасталася ў падарунак міністру культуры Беларусі Юрыю Бондару. Ён абяцаў павесіць маляванку ў кабінеце, каб услаўляць гэты брэнд Віцебскай вобласці.

Росквіт маляванкі прыпаў на пачатак мінулага стагоддзя і цесна звязаны з імем вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, ураджэнца Глыбоцкага раёна. Другое жыццё роспіс па тканіне атрымаў гадоў 20 назад, калі народныя майстры фактычна з нуля ўзнавілі забытую тэхніку. Сама Вольга Гукава захапляецца гэтым відам народнай творчасці з 2014-га, пасля вучобы на курсах. Работы выконвае акрылавымі фарбамі на баваўнянай тканіне. На многіх з іх адлюстравана архітэктура і краявіды Пастаў. А пасля перамогі на конкурсе ёй прапанавалі распрацоўваць тэму легенд і міфаў нашага краю. Такімі сюжэтамі на сваіх маляванках і будзе здзіўляць на наступнай «славянцы».
Вераніка Філановіч
Фота з архіва Вольгі Гукавай
Читайте также:
Посмотрите, как в Поставах отпраздновали Купалье (фото и видео)
В Новоселковской СШ открылась выставка-музей вышивальщицы Лилии Зарецкой
В этот день 120 лет назад родился светоч национальной культуры Владимир Дубовка