Сезон заготовок. Поставчане собирают и сдают ягоды и грибы в приемные пункты города

Общество

Лясы адорваюць руплівых

Безумоўна, каб атрымаць лясныя дары, трэба пашчыраваць. І не кожнаму гэта дазваляе здароўе. Яшчэ больш тых, каго лес зусім не вабіць. Але шмат і такіх людзей, хто не толькі сябе забяспечвае грыбамі ды ягадамі, але і прадае іх, папаўняючы сямейны бюджэт.

Сёлета лясы Пастаўшчыны багатыя на чарніцы. Да таго ж Міністэрства прыроды дазволіла збіраць ягады так званымі камбайнамі. А гэта намнога паскарае працэс. Але ля нарыхтоўчага пункта, што працуе па вуліцы Гагарына ў райцэнтры, я пазнаёмілася з сямейнай парай, якая па-ранейшаму збірае чарніцы рукамі. Аліна і Міхаіл толькі што здалі 14 кілаграмаў ягад, атрымалі 48 рублёў і накіроўваліся да сваёй машыны. «Я — на пенсіі, муж узяў водпуск. Вось і вырашылі падзарабіць, — расказвала жанчына. — Ягад шмат. Каб не дужа стамляцца, у лес ездзім праз дзень». Яшчэ адна жанчына з вядром чарніц найперш спяшаецца да шыльдачкі з цэнамі. «Не знізілася цана на ягады? — непакоіцца ўслых, а потым тлумачыць мне: — Цяпер яна добрая. Збіраць чарніцы не цяжка. Цяжка іх вынесці з лесу».

Хапае работы ў прыёмшчыцы Святланы Міснік

Разгаварыліся. Любоў жыве ў вёсцы, паблізу якой няма лясоў. Таму прыязджае на прыгарадным поездзе ў Паставы і ідзе па ягады ў лес за танкавым мостам. Бывае, што вечарам дамоў не вяртаецца, а спыняецца на начлег у знаёмых з райцэнтра, каб назаўтра раней адправіцца ў чарніцы. У яе моцна хворы муж, сям’я мае патрэбу ў грашах. «А я нават не стамляюся, бо вельмі люблю лес, — прызнаецца яшчэ адзін здатчык ягад Андрэй. — Толькі летась выйшаў на пенсію і цяпер ахвотна хаджу на паляванне, лаўлю рыбу, збіраю грыбы і ягады. Забяспечваю дарамі прыроды сям’ю, а лішкі прадаю. На рынку не стаю. Усё здаю на нарыхтоўчы пункт».

Пастаянных зборшчыкаў я ўжо ведаю ў твар, — дзялілася прыёмшчыца Святлана Міснік. — Асабліва запомнілася адна пастаўская сям’я: маці, бацька і дачка-падлетак. Кожны раз яны здаюць ягад больш чым на 100 рублёў. Штодня прымаю па 560-600 кілаграмаў, у нядзелю — ажно 860.

Парадкуе лісічкі рабочая Тэрэза Баль

— Чарніцы і лісічкі закупліваюць усе магазіны Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства, а таксама тры нарыхтоўчыя пункты ў нашым раёне (у Паставах, Лынтупах і Варапаеве), — расказваў начальнік аддзела па нарыхтоўках, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці філіяла Аляксандр Жук. — Нарыхтоўваем дары прыроды і на Мядзельшчыне. За кілаграм чарніц плацім 3 рублі 30 капеек, лісічак — 5 рублёў. Сёлетні год ураджайны на ягады, таму спа­дзяёмся закупіць іх каля 60 тон пры плане 50 тон (летась нарыхтавалі 30). Лісічак павінны нарыхтаваць 2 тоны. На 16 ліпеня закупілі 20 тон чарніц і 300 кілаграмаў лісічак.

Ягады кааператары замарожваюць шокавай замарозкай, фасуюць па 25 кілаграмаў у трохслойныя крафт-мяшкі і змяшчаюць у маразільныя камеры. Далейшы іх шлях — на экспарт у Латвію. Лісічкі соляць у бочках з мэтай далейшай рэалізацыі. Попыт на іх заўсёды ёсць. Закупліваюць і садовыя ягады, запланавалі нарыхтаваць тысячу тон яблыкаў (заключаны дагаворы на іх пастаўку з перапрацоўчым прадпрыемствам). Пачынаецца сезон нарыхтоўкі агародніны на яе далейшае захоўванне. Адным словам, самы прыпар. Таму тэму будзем працягваць на старонках газеты.

Фаіна Касаткіна Фота аўтара



Читайте также:
На пруду на въезде в 6-й городок поселилась лебединая семья
Вы видели когда-нибудь кур, которые пасутся на деревьях? Нет? Показываем!
Читатели «ПК» уже открыли грибной сезон и поделились фото своих находок



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.