Стваральная праца заўсёды ў цане
У сераду Пастаўшчыну з працоўным візітам наведаў сенатар, дэпутат Віцебскага аблсавета дэпутатаў, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў. У раёне ён правёў прамую тэлефонную лінію, прыём грамадзян, сустрэўся з працоўнымі калектывамі.

Каб пагутарыць з прадстаўнікамі ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі», дэпутат верхняй палаты Парламента прыехаў на адну з будпляцовак па вуліцы Зялёнай. На ёй «рассветаўцы» ўзводзяць вельмі патрэбны 6-му гарадку сацыяльны аб’ект — дзіцячы садок. На новабудоўлі паралельна вядуцца сталярныя, фасадныя, дахавыя, сантэхнічныя і аддзелачныя работы. На той жа вуліцы — праз паўкіламетра — завяршаецца будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома, а ў вёсцы Волахі на фінішную прамую выйшла будаўніцтва другой чаргі малочнатаварнага комплексу. А там, дзе ўзводзяць новыя аб’екты будаўнікі, заўсёды знойдзецца работа і дарожнікам. Зараз калектыў ДРБУ №132 укладвае асфальтабетоннае пакрыццё каля новай шматпавярхоўкі, бардзюры і тратуарную плітку — на вуліцах Зялёнай і Багдановіча-Міру ў райцэнтры, будуюць сянажныя ямы і добраўпарадкоўваюць тэрыторыю волахаўскага комплексу. Апроч гэтага, задзейнічаны на ўтрыманні мясцовых дарог.
— Я часта бываю ў розных раёнах вобласці і скажу вам, што такі размах будаўнічага руху назіраецца не ўсюды, — адзначыў, звяртаючыся да калектыву «Рассвета Пастаўскага» Уладзімір Мацвееў. — Хачу, каб так было і надалей як у вас, так і ў дарожнікаў. Бо ваша праца з’яўляецца стваральнай і яе вынікам будзе карыстацца не адно пакаленне.
Станоўча ацаніўшы дзейнасць пастаўскіх будаўнікоў і работнікаў падначаленай яму арганізацыі — ДРБУ №132, Уладзімір Сямёнавіч «прайшоўся» па эканамічным і палітычным жыцці краіны, прапанаваў не саромецца задаваць агульныя і прыватныя пытанні. І яны ўзніклі. Рабочыя арганізацыі закранулі набалелыя тэмы, а іх кіраўнік Альфрэд Малец — пытанне фарміравання заработнай платы ў будаўнічай галіне, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Пра рабочыя моманты таксама гаварылі намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш і начальнік ДРБУ №132 Станіслаў Рагіня.
Падсумоўваючы сказанае, старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто не шкадаваў добрых слоў у адрас будаўнікоў і дарожнікаў, іх кіраўнікоў. Запэўніў, што мясцовая ўлада заўсёды адкрытая да дыялогу.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Семья Зубко из д. Юньки победила в республиканском конкурсе «Властелин села»
Знать и решать насущные вопросы граждан — главная задача местной власти
Помощник Президента РБ Анатолий Линевич провёл телефонную линию и приём граждан в Поставах