23 августа работники госстатистики отмечают свой профессиональный праздник и 100-летие со дня ее создания

Общество

100 гадоў адказнай і патрэбнай работы

23 жніўня работнікі дзяржаўнай статыстыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята і 100-годдзе з дня яе стварэння. З гэтай нагоды карэспандэнт «ПК» завітала ў аддзел статыстыкі Пастаўскага раёна і распытала яго начальніка Ганну Бялевіч пра сённяшнюю дзейнасць калектыву.

Але спачатку — звесткі з гісторыі. 23 жніўня 1920 года пастановай Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР было створана Цэнтральнае статыстычнае бюро. Тым самым быў пакла­дзены пачатак існавання ў Беларусі адзінага рэспубліканскага статыстычнага органа.

Інспектура Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення СССР па Пастаўскім раёне была створана ў 1944 годзе. З цягам часу ў службе адбыўся шэраг пераўтварэнняў. Статыстычныя органы пастаянна рэарганізоўваліся, іх функцыі скасоўваліся і мяняліся.

Калі распаўся СССР і Беларусь стала самастойнай дзяржавай, спатрэбілася карэнная перабудова ўсёй сістэмы дзяржстатыстыкі. Была распрацавана спецыяльная рэспубліканская праграма пераходу на прынятую ў міжнароднай практыцы сістэму ўліку і статыстыкі. У выніку яна змянілася, стала ў большай ступені адпавядаць міжнародным стандартам. Апошняя сур’ёзная змена адбылася ў 2008 годзе, калі ранейшае Міністэрства статыстыкі і аналізу было пераўтворана ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.

Начальнік аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Ганна Бялевіч (трэцяя злева) з работнікамі Галінай Мацюшонак, Вольгай Галубоўскай, Аленай Зубковай, Кацярынай Будзіч, Эльвірай Палюлян

Але якія б змены ні адбываліся, ранейшымі застаюцца мэты і задачы, што стаяць перад работнікамі статыстыкі. Галоўная з іх — задавальняць патрэбы грамадства, дзяржавы і міжнароднага таварыства ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

— Наша работа вельмі адказная, — адзначыла начальнік аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Ганна Бялевіч. — Ад якасці статыстычных даных шмат у чым залежыць эфектыўнасць кіраўніцкіх рашэнняў па шэрагу самых розных пытанняў — эканамічных, дэмаграфічных, сацыяльных, экалагічных і іншых. А яны закранаюць інтарэсы кожнага грамадзяніна нашай краіны.

За 2019 год супрацоўнікамі аддзела выканана 245 статыстычных работ. Летась увесь калектыў быў актыўна задзейнічаны ў перапісе насельніцтва — ужо трэцім па ліку ў незалежнай Беларусі.

— У наш аддзел падаюць справаздачнасць больш за 330 юрыдычных асоб, — працягвала Ганна Зянонаўна. — Акрамя таго, работнікі выбарачна абследу­юць хатнія гаспадаркі па ўзроўні жыцця ў Паставах і сельскай мясцовасці, а таксама ўласныя падсобныя гаспадаркі грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці. Штоквартальна праводзім рэгістрацыю аб’ёмаў продажу і цэн на тавары на рынку «Гарызонт», вывучаем праблему занятасці ў г.п. Варапаева, выконваем іншыя работы.  Мы шчыра ўдзячны за актыўнае супрацоўніцтва ўсім нашым рэспандэнтам — грамадзянам і суб’ектам гаспадарання.

Ганна Бялевіч таксама заўва­жыла, што за апошнія гады сіс­тэма дзяржстатыстыкі значна ўдасканалілася. Ажыццёўлены пераход на пераважна электронны фармат падачы справаздач рэспандэнтамі. Выходзяць на новы ўзровень і каналы распаўсю­джання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Побач з друкаванай версіяй статыстычныя зборнікі і бюлетэні размяшчаюцца ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт на афіцыйных сайтах Белстата і тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі.

— Як бы ні камп’ютарызавалася сістэма, агульны вынік залежыць ад чалавека — яго ўважлівасці, адказнасці, дакладнасці ў выкананні сваіх абавязкаў, — пераканана Ганна Бялевіч. — У пастаўскім аддзеле заўжды працавалі прафесіяналы, якія задавалі высокую планку наступным пакаленням работнікаў. З цеплынёй і ўдзячнасцю сёння мы ўспамінаем нашых ветэранаў — Нэлі Кліменку, Людмілу Драбовіч, Ірыну Шамовіч, Марыю Ражко, Эму Ліпатаву, Марыю Бердзімырадаву, Вольгу Лаўнікоўскую. Самых добрых слоў заслугоўвае і цяперашні калектыў аддзела. Дзякуй кожнаму спецыялісту за адказнасць і працавітасць. Упэўнена: мы і надалей будзем выкарыстоўваць свае веды і вопыт на карысць агульнай справы.

Іна Сняжкова



Читайте также:
Продолжается ремонт моста через реку Лучайку возле д. Юньки
Станислав Коновальчик — водитель автокара завода «Белит» — работает на предприятии 14 лет
Чемпион вкуса-2020: 5 продуктов Поставского молочного завода удостоены дипломов I и II степеней



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.