26 августа в райисполкоме прошел открытый диалог «Молодежь — будущее Беларуси»

Местная власть

Галоўнае – наладзіць дыялог

Што раённая ўлада павінна змяніць у рабоце з моладдзю? Якія новыя маладзёжныя праекты сёння можна рэалізаваць у сельскай мясцовасці? Як наПастаўшчыне вырашыць праблему замацавання маладых спецыялістаў? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі адкрытага дыялогу «Моладзь — будучыня Беларусі», які 26 жніўня прайшоў у раённым выканаўчым камітэце.

На мерапрыемства быў запрошаны актыў райкама БРСМ — працоўная моладзь, навучэнцы, байцы студэнцкіх атрадаў, валанцёры. Таксама прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Вячаслаў Хрол. Мадэратарам дыялогу выступіла другі сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Кацярына Куракова.

Сяргей Чэпік на сустрэчу прыйшоў без гальштука.

— Не хачу, каб ён «ціснуў» на прысутных, — пажартаваў ён. — Важна, каб сённяшняя размова была нефармальнай і нязмушанай.

Так і атрымалася. Галава раёна адказаў на розныя пытанні прадстаўнікоў маладога пакалення. У прыватнасці, яны пацікавіліся, наколькі наш горад перспектыўны для моладзі і што трэба рабіць для таго, каб яна вярталася сюды пасля заканчэння навучальных устаноў.

— Наш горад нічым не горшы за іншыя, а па многіх паказчыках нават і лепшы, — адказаў Сяргей Васільевіч. — Сёння ў нас актыўна будуецца жыллё, многае робіцца для развіцця спорту і турызму. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб працаваць і зарабляць — на тым жа Пастаўскім малочным заводзе сярэдняя зарплата складае 1300 рублёў. Рабочыя месцы і годную аплату працы сёння прапануюць такія моцныя ў раёне гаспадаркі, як «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай». Іншая справа, што далёка не кожны прадстаўнік маладога пакалення гатовы шчыраваць на зямлі.

Многія хочуць працаваць менш, а зарабляць больш. Але так не бывае! Трэба рэальна глядзець на рэчы. Паспяхова рэалізаваць сябе можна і на прадпрыемствах Пастаўшчыны, тым больш што сёння там назіраецца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў. Што да замацавання маладых спецыялістаў, то тут ключавое пытанне — жыллё. Калі арганізацыі, прадпрыемствы будуць будаваць яго за ўласныя сродкі, то гэта праблема стане менш значнай.

Старшыня райвыканкама таксама выказаў надзею, што такія сустрэчы моладзі з мясцовай уладай будуць праводзіцца часцей. Прагучала прапанова арганізоўваць іх у больш нязмушанай абстаноўцы — напрыклад, на турзлёце ці іншым мерапрыемстве на ўлонні прыроды.

­— Галоўнае — не замоўчваць праблемы, а размаўляць. Нельга дапусціць, каб вы былі самі па сабе і мы, улада, самі па сабе, — падкрэсліў Сяргей Чэпік.— Прыходзьце да мяне са сваімі ініцыятывамі, праблемамі. Так, не ўсё можна вырашыць у адзін момант — ёсць фінансавыя пытанні, цяжкасці іншага характару. Але калі будзе наладжаны дыялог, калі мы будзем чуць адно аднаго, рашэнне знойдзецца хутчэй.

Падчас адкрытага дыялогу прысутныя таксама абмяркоўвалі вартасці і недахопы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, гаварылі пра работу Маладзёжнай палаты пры Пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў, прапаноўвалі тэмы для новых творчых праектаў, дзяліліся цікавымі ініцыятывамі, у тым ліку па стварэнні на Пастаўшчыне саюза працоўнай моладзі. Адной з самых актыўных удзельніц дыялогу была дырэктар Юнькаўскага СДК Алена Зубко, якая з мужам і дзецьмі нядаўна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла».

Напрыканцы мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і першы сакратар абкама БРСМ Вячаслаў Хрол уручылі грамату і Падзячнае пісьмо Вераніцы Казлоўскай. Яна 6 гадоў прысвяціла рабоце ў Пастаўскім райкаме БРСМ, з 2018-га займала пасаду першага сакратара, аднак з 1 верасня мяняе месца працы. Маладзёжнаму лідару падзякавалі за актыўную работу і майстэрства аб’ядноўваць вакол сябе аднадумцаў.

Вынікі сустрэчы падвёў Вячаслаў Хрол:

— Важна, што гэта быў сапраўдны дыялог, у якім усе актыўна ўдзельнічалі, — сказаў ён. — Для сябе адзначыў, што больш увагі трэба звярнуць на работу з сельскай моладдзю. У яе ёсць цікавыя ідэі, і іх трэба абавязкова браць пад увагу.

Я перакананы, што ініцыятывы павінны зыходзіць ад саміх маладых людзей, а не навязвацца зверху. У кожнага рэгіёна свая спецыфіка, і толькі яго жыхары ведаюць, якія праекты можна паспяхова там рэалізаваць. Задача абкама БРСМ і мясцовай улады — падтрымаць гэтыя ініцыятывы і дапамагчы ўвасобіць іх у жыццё.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Знать и решать насущные вопросы граждан — главная задача местной власти
Владимир Матвеев провел прямую линию, прием граждан и встретился с трудовыми коллективами Поставщины
21 августа Поставы посетил министр экономики Республики Беларусь Александр Червяков



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.