Актуальное интервью с начальником отдела по образованию райисполкома Павлом Трава

Образование

Усе дарогі вядуць у школу

Напярэдадні новага навучальнага года і Дня ведаў карэспандэнт «Пастаўскага краю» гутарыць з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Паўлам Трава.

— Павел Юр’евіч, колькі школ на Пастаўшчыне расчыняць 1 верасня свае дзверы?

— У 2020/2021 навучальным го­дзе ў раёне будзе дзейнічаць 31 установа адукацыі. Гэта 16 школ, 12 дзіцячых садоў, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр. Аптымізацыя закранула Курапольскі дзіцячы сад. Ён зачынены, дзеці пераведзены ў базавую школу, якая рэарганізавана ў школу-сад. У ёй для дзетсадаўскай групы абсталяваны неабходныя памяшканні, якія адпавядаюць санітарным нормам. На гэта з раённага бюджэту затрачана 5,2 тысячы рублёў. З сярэдняй у базавую рэарганізавана Гуцкая школа. За школьныя парты сядуць 3 550 вучняў, у тым ліку 376 першакласнікаў.

— Што можаце сказаць пра настаўніцкі корпус? Ці папаўняецца педагагічная суполка новымі кадрамі?

— Папаўняецца. Але найперш хачу падзякаваць за нялёгкую, плённую працу тым, хто ўжо многія гады аддаў і працягвае аддаваць справе выхавання падрастаючага пакалення. У раёне працуюць 663 педагагічныя работнікі, у тым ліку 449 — у школах і гімназіі. 419 маюць вышэйшую адукацыю, 351 — першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. Што да абнаўлення кадравага складу, то яно ідзе пастаянна. Вось і сёлета ў раён прыбылі 10 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных педагагічных навучальных устаноў. Адбыліся змены ў дырэктарскім корпусе. Новыя кіраўнікі ўзначалілі педкалектывы СШ №1 і Юнькаўскай яслі-сад—базавай школы. Узгадняюцца кандыдатуры дырэктараў Дунілавіцкай сярэдняй школы-сада і СШ №3.

— Установы адукацыі раёна гатовы да новага навучальнага года?

— Безумоўна! Паўтарацца не буду, паколькі я не так даўно расказваў на старонках «Пастаўскага краю» пра тое, як праходзіў іх рамонт. Адзначу толькі, што найбольшы аб’ём работ выкананы ў БШ №5, Юнькаўскай яслі-сад—базавай школе, СШ №2 і №3, Навасёлкаўскай СШ, Хацілаўскім яслі-садзе. Набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне для чатырох харчблокаў устаноў адукацыі. Ва ўсіх школах зроблены касметычны рамонт, і яны ў абноўленым выглядзе сустрэнуць навучэнцаў.

— А з падвозам вучняў у школы праблем не ўзнікне?

— Як і ў папярэднія гады, падвоз будзе ажыццяўляцца грамадскім транспартам і школьнымі аўтобусамі, якіх маем 15. На днях павінны атрымаць яшчэ адзін коштам 90 тысяч рублёў для Навасёлкаўскай СШ. Усяго ў раёне будуць падвозіцца 593 навучэнцы, з іх 531 — школьнымі аўтобусамі.

— Думаецца, дарэчы ўзгадаць у гэтым інтэрв’ю і пра дзіцячыя сады.

— У раёне функцыянуюць 12 устаноў дашкольнай адукацыі і 6 комплексаў яслі-сад—сярэдняя школа і яслі-сад—базавая школа. У іх выхоўваюцца 1280 дзяцей. Да канца года будзе здадзены ў эксплуатацыю яслі-сад на 94 месцы ў мікрараёне вуліцы Зялёнай у райцэнтры. Прычым самы сучасны, які, безумоўна, парадуе бацькоў, выхавальнікаў, дзяцей. У ім будуць басейн, музычная і спартыўная залы, кабінеты для індывідуальных заняткаў, гульнёвае абсталяванне. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй складае 98,9 працэнта. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуюць 158 педагогаў.

— Крышку вернемся да прайшоўшага навучальнага года. Ці задаволены вы вынікамі паступлення сёлетніх выпускнікоў сярэдніх школ?

— Яны парадавалі. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 115 выпускнікоў 11-х класаў, або 60,2 працэнта ад іх агульнай колькасці. Гэта найлепшы вынік за апошнія пяць гадоў. (У 2017 годзе ў ВНУ паступіла 47,6% выпускнікоў, 2018-м —52,4%, у 2019-м — 50,3%.) Асобна хачу сказаць пра нашых медалістаў. Сёлета іх было ў раёне ажно 23. 22 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым 15 — на бюджэт. Значная частка выпускнікоў выбрала самыя запатрабаваныя ў краіне спецыяльнасці ў медыцыне, педагогіцы, інжынерыі.

— Вашы пажаданні педагогам і навучэнцам напярэдадні новага навучальнага года? І што асабіста для вас зна­чыць Дзень ведаў?

— Педагогам жадаю найперш моцнага здароўя, каб на ўсё хапіла сіл, згоды і дабрабыту ў сем’ях, мудрасці і разважлівасці, поспехаў у працы, навучэнцам — адпаведна поспехаў у вучобе і актыўнасці ў грамадска карысных справах. Для мяне Дзень ведаў — асаблівае свята. Я вырас у сям’і настаўнікаў і таксама выбраў такую ж прафесію. Кожнае 1 верасня агортваюць радасць і лёгкае хваляванне. Таму што ў гэты дзень і ва ўсе наступныя кожнага навучальнага года ўсе дарогі вядуць у школы. А школа — гэта планета ведаў. Няхай жа жыццё на ёй будзе напоўненым і шчаслівым для кожнага педагога і кожнага навучэнца!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Алены Шапавалавай



Читайте также:
Учащийся Новополоцкого музыкального колледжа Вадим Казаровец мечтает играть в большом оркестре
С 1 августа по 15 сентября возле универмага «Омега» в Поставах работает школьный базар
Поставский молочный завод оказал спонсорскую помощь Лынтупской ЯССШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.