Чем агроусадьба «Ля Блакітных азёр» в д. Войшкуны привлекает многочисленных туристов?

Общество

Адпачынак – на 10 балаў

Кожны год турыстычны партал Holiday.by складае рэйтынг беларускіх аграсядзіб. Пад увагу бяруцца водзывы, якія карыстальнікі пакідаюць пасля адпачынку ў самых розных рэгіёнах краіны. Аграсядзіба «Ля Блакітных азёр», што размяшчаецца ў вёсцы Вайшкуны на Лынтупшчыне, другі год запар мае рэйтынг 10 з 10. Карэспандэнт «ПК» накіравалася туды, каб зразумець, чым гэта месца заваёўвае сэрцы шматлікіх турыстаў.

…Прасторна, зелена, дагледжана.Гэта мае першыя ўражанні ад добраўпарадкаванай тэрыторыі сядзібы. Звяртаюць на сябе ўвагу сцежкі, выкладзеныя кавалкамі жорнаў, невялікія сажалкі з сапраўднымі лілеямі, стракатыя клумбы, вінаграднік, які распаўзаецца па сценах пабудоў… Сярод усёй гэтай прыгажосці ўзвышаецца драўляны трохпавярховы гасцявы дом, непадалёк — яшчэ адзін дом з утульнай тэрасай, лазня, альтанкі, дзіцячая пляцоўка…

— Калі мы набылі гэты ўчастак, ён быў зарослы кустамі. Месцамі наогул стаяла непраходнае балота, — успамінала гаспадыня сядзібы пастаўчанка Іна Дрозд. — Найперш дзякуючы сілам і энтузіязму майго мужа Алега Мікалаевіча, змаглі стварыць тут усе ўмовы для камфортнага адпачынку турыстаў. Актыўна прымаць іх мы пачалі з 2012 года. Разам з беларусамі неаднойчы прыязджалі немцы, японцы, кітайцы, іранцы… Нават з Сейшэльскіх астравоў быў мужчына. Ён, можа, і таго возера ніколі ў жыцці не бачыў — толькі акіян. Сказаў, што рыбалка ў яго на радзіме больш «ураджайная», а ў астатнім застаўся вельмі задаволены (смяецца — аўт.).

Сёлетняя пандэмія каранавіруса ніяк не паўплывала на сямейны бізнес пастаўчан. Як і ў мінулыя гады, ахвотных адпачыць у сядзібе «Ля Блакітных азёр» шмат: з красавіка па верасень турыстамі забраніраваны амаль усе даты. Некаторыя спыняліся надоўга.

— Вясной сядзібу на паўтара месяца здымалі дзве сям’і мінскіх праграмістаў, якія працавалі «на ўдалёнцы», — працягвала расказваць Іна Міхайлаўна. — Многіх у нас прываблівае блізкасць да шмат у чым унікальнага заказніка «Блакітныя азёры», крокавая даступнасць да найчысцейшага ляснога возера Балдук, на беразе якога размяшчаюцца Вайшкуны. Аднак скажу, што адной прыроднай прыгажосцю сучасных турыстаў не прывабіш. Ім патрэбны камфорт. Максімальны камфорт. Добра ўсведамляючы гэта, мы пастаянна паляпшаем умовы пражывання. Прычым амаль усё робім з мужам самастойна — пастаянных памочнікаў у нас няма.

Год за годам на тэрыторыі ся­дзібы з’яўляецца штосьці новае, незвычайнае. Напрыклад, не так даўно ў адпачывальнікаў з’явілася магчымасць адчуць плюсы японскай купелі Фурако, якая мае пагружную печку на дровах. Гаспадары ўстанавілі яе ў памяшканні з акном ад падлогі да столі. Асаблівы «кайф» сядзець у такой цёплай купелі, калі на дварэ холадна і снежна.

На тэрыторыі сядзібы, у гасцявых дамах можна ўбачыць шмат старадаўніх рэчаў: жорны, самавар, стары гадзіннік… Асабіста мяне найбольш уразіла калекцыя жалезных прасаў — іх ажно некалькі дзясяткаў! Арыгінальна выглядаюць мангалы і мэбля, аснаваннем якіх з’яўляюцца станіны швейных машын «Зінгер». Звярнула ўвагу і на флюгеры на дахах — яны на пабудовах у выглядзе катоў.

Уся прыгажосць у аграсядзібе створана рукамі гаспадара Алега Дразда. Ён — ваенны пенсіянер, раней служыў у Паставах у ракетных войсках стратэгічнага назначэння. Цяпер займаецца прадпрымальніцтвам.

— Пасля выхаду на заслужаны адпачынак мой муж цалкам раскрыў свае шматлікія таленты, — гаварыла Іна Дрозд.— Ён не толькі выдатны будаўнік, але і цудоўны кветкавод. Гэта чалавек, які «гарыць» сваёй справай, пастаянна нешта прыдумвае, удасканальвае. Госці адчуваюць, што ўсё ў сядзібе зроблена з любоўю, з душой. Напэўна, таму і хочуць сюды вяртацца…

Шмат сіл — душэўных і фізічных — укладвае ў сямейную справу і сама гаспадыня. Па адукацыі Іна Міхайлаўна педагог, больш за тры дзесяцігоддзі адпрацавала настаўніцай англійскай мовы ў СШ №4. Калі заканчваецца гарачы турыстычны сезон, яна з задавальненнем вяртаецца ў прафесію, займаючыся рэпетытарствам.

Планаў па развіцці аграсядзібы ў гаспадароў шмат. На яшчэ адным выкупленым імі ўчастку ёсць задума абуладкаваць Camping Village — невялікую стаянку, дзе турысты маглі б паставіць палаткі ці прычэпы-дачы. Попыт на такую паслугу ёсць ужо сёння.

«Ля Блакітных азёр» — не адзі­нае месца ў Вайшкунах і ваколіцах, гатовае прыняць аматараў «зялёнага» адпачынку. Вакол ландшафтнага заказніка пабудавана нямала іншых аграсядзіб і гасцявых домікаў, дзе прапануюць камфортнае размяшчэнне з усімі выгодамі. Аднак з вёскі я ад’язджала з перакананнем, што канкурэнцыя сям’і Дрозд нястрашная, бо ўмовы для адпачынку тут сапраўды на 10 з 10.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Семейная экоферма «Подоляндия» — место, где отдыхают душой
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!
В Трабутишках спасали аистенка по кличке Пушок. И спасли!

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.