Глава Поставского района Сергей Чепик встретился с недовольными горожанами

Выборы-2020 Главное

Неканструктыўны дыялог

Ужо каторы дзень у Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі і акцыі незадаволеных аб’яўленымі афіцыйнымі вынікамі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня. Пратэстуючыя выходзяць на вуліцы не толькі сталіцы, але і абласных цэнтраў, іншых гарадоў краіны з патрабаваннямі прызнаць выбары несапраўднымі і правесці новыя. Не абмінула гэта хваля і нашы Паставы. У панядзелак кіраўнік раёна Сяргей Чэпік сустрэўся з незадаволенымі гараджанамі.

Сустрэча была назначана на 18 гадзін у райвыканкаме. Да гэтага часу перад адміністрацыйным будынкам сабраліся каля сотні мужчын і жанчын (некаторыя прыйшлі з дзецьмі) з бел-чырвона-белымі флагамі і стужкамі. Ім прапанавалі выбраць некалькі чалавек, якія будуць весці дыялог з прадстаўнікамі ўлады, і запрасілі апошніх у вялікую залу пасяджэнняў. Там разам з кіраўніком раённай вертыкалі апанентаў чакалі яго намеснікі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Рудніцкая, старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто і начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Рыбакоў.

Адзін з лідараў пратэстуючых, Юрый Дзіковіч, зачытаў спіс патрабаванняў да раённай улады. Першым пунктам было: «прызнаць несапраўднымі афіцыйныя вынікі выбараў Прэзідэнта краіны на тэрыторыі Пастаўскага раёна».

— Вы абяцалі даць мне факты, дзе маюцца нейкія парушэнні на выбарах. Вы гатовыя гэта зрабіць? — пачаў размову Сяргей Чэпік.

— Так, тут прысутнічаюць назіральнікі, якія маюць адпаведныя факты, — адказаў Юрый Дзіковіч і перадаў слова Анатолію Астроўскаму.

Той адзначыў: падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў яго не пускалі на выбарчы ўчастак і члены камісіі наўмысна змяншалі ў пратаколах колькасць людзей, якія прыйшлі галасаваць за Святлану Ціханоўскую. Старшыня райвыканкама папрасіў пацвердзіць гэта дакументальна, выразіўшы гатоўнасць агучыць даныя галасавання, якія маюцца. Але апаненты запатрабавалі даць ім пратаколы, каб самім палічыць галасы.

— Вынікі выбараў вы можаце аспрэчыць у Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь і лічыць галасы будзеце па яе рашэнні, — канстатаваў Сяргей Васільевіч, на што другі бок заявіў: Цэнтрвыбаркама больш не існуе.

Другое патрабаванне — «асудзіць дзеянні сілавых структур у адносінах да мірных грама­дзян, у прыватнасці затрыманні, збіванне і забойства дэманстрантаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі».

— Я катэгарычна супраць насілля. Хто там вінаваты, будуць разбірацца. У Паставах ніхто не пацярпеў: нікога не згвалтавалі і не збілі. Так, былі затрыманыя, — сказаў кіраўнік раёна.

— Да майго 17-гадовага пляменніка вечарам уварваліся ў кватэру. Тэлефанавалі напярэдадні, абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, — прагучала з залы.

— Хлопец быў папярэджаны аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і аб адказнасці за іх арганізацыю, бо з яго старонкі ў інтэрнэце ішоў заклік да гэтага, — зазначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Рыбакоў. На што яму парыравалі: «Гэта быў не заклік, а проста рассылкі».

Наступнае патрабаванне пра­тэстуючых — «хадайнічаць перад вышэйшымі органамі ўлады аб вызваленні палітычных вязняў, а таксама грамадзян, якія былі затрыманы на мірных акцыях пратэсту і да гэтага часу застаюцца за кратамі, і прадастаўленні сапраўднай інфармацыі пра прапаўшых без вестак». Адзін з іх — жыхар вёскі Прусы Андрэй Новікаў.

— Наколькі мне вядома, ён знаходзіцца не ў Паставах. І чаму я павінен за яго хадайнічаць? Вы гэта рабіце! Вы лічыце, што ён палітвязень. Але ці з’яўляецца такім на самай справе? — агучыў сваё меркаванне галава раёна.

«Не перашкаджаць работнікам прадпрыемстваў раёна ў правядзенні бестэрміновай нацыянальнай забастоўкі» — такім быў чацвёрты пункт патрабаванняў.

— Ніхто ім не перашкаджае. Людзі знаходзяцца на рабочых месцах, працуюць, зарабляюць грошы для сваіх сем’яў, — адказаў Сяргей Чэпік.

— Некалькім работнікам пагражаюць звальненнем, — пачулася з залы.

— Хто і каму? — спытаў старшыня райвыканкама. — Сюды прыходзілі работнікі лясгаса, якія таксама падпісаліся пад пэўным тэкстам. Мы з імі спакойна пагаварылі і знайшлі паразуменне.

Пяты пункт патрабаванняў — «адмена пастановы ў адносінах да грамадзян, затрыманых на тэрыторыі Пастаўскага раёна па артыкуле 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за быццам бы ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і адмена назначанага ім пакарання».

— Адмяніць рашэнне суда не ў маёй кампетэнцыі. Ёсць адвакаты, вашы людзі, і калі яны лічаць, што некага пакаралі незаконна, калі ласка, апратэстоўвайце, — зазначыў кіраўнік раёна.

На гэтым незадаволеныя пачутымі адказамі пратэстуючыя са словамі «дыялога не атрымліваецца» пакінулі залу, так і не прад’явіўшы ўсе свае патрабаванні.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.