Летнія народныя святы на Пастаўшчыне: Тройца і Купалле, Спас, Зажынкі і дажынкі

Культура

Сярод найбольш значных народных свят на Пастаўшчыне, якія адзначаюцца летам і ў пэўнай ступені захавалі свой абрадава-звычаёвы змест, трэба назваць Тройцу, Купалле, Спасы, а таксама зажынкі і дажынкі. Заўважым, што ўсе каляндарныя святы звязаны са зменай сезонаў, цыклаў гаспадарчай дзейнасці і, адпаведна, з пераменамі ў сямейна-бытавым ладзе.

Тройца

Тройца, альбо Сёмуха паходзіць ад старажытнага свята ўшаноўвання расліннасці і адзначаецца ў перыяд пераходу вясны да лета, калі дрэвы ўжо цалкам зялёныя і распусціліся кветкі. У ХІV ст. свята ўвайшло ў хрысціянскі каляндар як Сашэсце Духа Святога на апосталаў і з элементамі традыцыйнага ўпрыгожвання храмаў бярозкамі ладзіцца ў цэрквах і касцёлах і сёння. Дата яго святкавання — праз 7 тыдняў альбо 50 дзён ад Вяліка­ дня (Пяцідзясятніца). На Пастаўшчыне памятаюць такія элементы народнага святкавання Сёмухі, як памінанне продкаў, наведванне могілак, афармленне бярэзнікам увахода на панадворак ці ў хату. У Апідамах і наваколлі, дзе жывуць стараверы, на могілках ладзяцца «галосіны» — памінанне памерлых з рытуальнай ежай. Раней засцілалі аерам дарожкі на падворку, падлогу ў хаце (пах маладога аеру адпуджвае насякомых). У вёсцы Навінкі ў каталікоў бярозку прынята ставіць у «чырвоным куце» (за абразамі), а ў Асінагарадку — па ўсіх кутах. Праз тыдзень бярозкі адносілі ў пуню, дзе будзе захоўвацца сена, «каб яго мышы не псавалі». У Ярэве засоўвалі бярэзнік пад бэлькі столі для аховы жытла. У Лынтупах асвечанымі ў касцёле галінкамі бярозы з пэўным прыгаворам «хвасталі» чалавека, засцерагаючы ад бяды. Цяпер робяць букет з галінак бярозы, дадаючы ў яго  цюльпаны і нарцысы. У вёсцы Палессе, дзе таксама жывуць стараверы, дзяўчаты завівалі бярозкі, «нібыта радніліся» (куміліся). На Варапаеўшчыне было прынята хадзіць у гэты дзень у госці, спяваць, танцаваць.

Сярод вялікіх хрысціянскіх фэстаў, якія ладзяцца летам і ў наш час, адзначым Траецкі ў Ласіцы. А. У. Іваноўская ўспамінае, што гаспадары­прыхаджане сустракалі ўрачыстае шэсце праваслаўных з «франгенкамі» з Асінагарадка. Адбывалася сумесная служба ў царкве, потым была прыемная сустрэча з роднымі і сваякамі.

Купалле

Найярчэй святкуецца да гэтай пары на Беларусі Купалле (з 6 на 7 ліпеня ў праваслаўных, а ў каталікоў 24 чэрвеня — Нараджэнне Святога Яна Хрысціцеля) як старажытнае свята летняга сонцастаяння, найбольшага росквіту прыроды, ушаноўвання сонца, зямлі, вады, яднання шлюбных пар. На Пастаўшчыне запісаны традыцыйныя купальскія песні, прымаўкі, гульні моладзі, сярод якіх гісторыка­культурная каштоўнасць — народная гульня моладзі «Яшчар» («Яшчур») у Гуце. Усяго ў раёне зафіксаваны аж 22 варыянты гэтай гульні. У нашым краі былі асабліва распаўсюджаныя такія купальскія песні, як «Сягоння Купала, заўтра Ян», «Перад Пятром пятым днём» (Андроны і наваколле), «Ой, на Івана сонца грала» (Камаі і інш.), «Ой, рана на Івана» (Варапаева, Мягуны і інш.), «На святога Купала» (Кавалі і наваколле). «Перад Пятром за пятым днём разгуляўся Янаў конь…» — спяваецца ў песні, запісанай у Валках (конь мае дачыненне да Ярылы — аднаго з увасабленняў сонца альбо ўрадлівасці ў славян). У гэтай мясцовасці дзяўчаты ўпляталі ў вянкі 12 раслін, а гаспадыні гатавалі традыцыйныя купальскія стравы: бульбяныя піражкі, сырнікі, сыр з кменам. Гарэлку настойвалі на любільніку. Лічылася, што ў купальскую ноч лекавыя расліны набывалі найбольшую сілу.

Л. М. Руткоўская з в. Навінкі паведаміла, што на святкаванне ў гэтай мясцовасці каля панскага фальварка збіралася шмат людзей з навакольных хутароў. Да вогнішча прыходзілі са сваімі пачастункамі, дзе гулялі і  спявалі. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз агонь, каб ачысціцца ад злой сілы. Таксама рабілі гэта парамі, узяўшыся за рукі, каб не разлучыцца. Пакуль маладыя шукалі папараць, старэйшыя прыглядвалі за агнём. Потым усе разам сустракалі ўсход сонца. У Груздаве, успамінае Галіна Танана, складалі вялікі лом на самым высокім пагорку. Наверх ускідвалі вянок як сімвал сонца, бо сэнс купальскага вогнішча — увасобіць свяціла на зямлі, калі дзень пачне скарачацца (таму і запальваюць агонь апоўначы). Падпальвалі непрыгодныя шыны і пускалі з горак, скачучы праз іх. Дзяўчаты варажылі — пускалі па вадзе вянкі. Дзеці вымазваліся чорнымі галавешкамі самі і мазалі дарослых. Для ахоўнай магіі ў Васілеўшчыне хлявы абкладвалі крапівой. Напярэдадні і ў купальскую ноч моладзь учыняла свавольствы (пусткі). У Васілінах «кралі» дровы, лесвіцы, пераносілі іх у іншае месца, падпіралі дзверы, выносілі на дарогу бярвенне, выцягвалі з дварышчаў вазы.

Спас

«Спас — усім работам час», «Спас яблычка прыпас», «Прыйшоў Спас — і лета ад нас», — гавораць на Пастаўшчыне. У жніўні беларусы, як і іншыя славяне, святкуюць тры Спасы. Назва паходзіць ад слова «спаситель», але, як пішуць этнографы, можа азначаць і выратаванне чалавека з дапамогай пладоў новага ўраджаю. 14 (1) жніўня адзначаецца Першы, альбо Мядовы Спас (Дзень Памяці 7 святых пакутнікаў Макавеяў). У царкве здаўна асвячалі мёд, мак, зёлкі, ваду, якія засцерагалі ад сурокаў, захоўвалі іх на працягу ўсяго года (Ясюкі). А. У. Іваноўская з Асінагарадка паведаміла, што такім макам пасыпалі галовы вучням, студэнтам, каб добра вучыліся і здалі экзамены. Частаваліся свежым мёдам, пяклі розныя прысмакі з макам. Вядомыя і звычаі сцябаць асвечанымі на Успенне Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня) кветкамі свойскую жывёлу, каб не хварэла, заты­каць іх пад бэльку, у навальніцы абкурваць імі жытло. Пчалярам, каб «мёд вадзіўся», трэба было пачаставаць ім як мага больш знаёмых, суседзяў. На Макавея асвячаюць таксама вадаёмы: крыніцы, азёры, студні (малое асвячэнне вады). На Пастаўшчыне ёсць такая прыкмета: калі на Макавея дождж — будзе многа грыбоў.

19 (6) жніўня адзначаецца ў нашым краі Вялікі, альбо Яблычны Спас (Праабражэнне Гасподняе) і першае свята ўраджаю. У гэты дзень не працавалі і асвячалі ў царкве зямныя плады — яблыкі, моркву, буракі… Гэты час лічыцца паваротам лета да восені. В. В. Пачкоўскі з Навінак паведаміў, што раней на свята ў касцёл з’язджалася шмат людзей. Пасля службы сустракаліся з раднёй, гулялі. Паўсюдна на Пастаўшчыне вядомае павер’е, што матулям, у якіх памерлі дзеці, нельга есці да Спаса яблыкі, бо на тым свеце іх дзеткам не дастанецца. У Хацілах і наваколлі да гэтай пары нясуць асвечаныя яблыкі на могілкі.

На Трэці, альбо Хлебны (Арэхавы) Спас (29/16 жніўня) (Перанясенне Нерукатворнага Вобраза Госпада Іісуса Хрыста) у царкве продкі асвячалі арэхі, азімае жыта, пшаніцу (каб зерне «было цвёрдае, як арэх») (в. Асінагарадок). Пяклі хлеб са збожжа новага ўраджаю, святкавалі заканчэнне жніва — дажынкі. Пасля 28 жніўня спяшаліся се­яць азімыя, каб паспець да 11 верасня. У гэты дзень, як і ў іншыя гадавыя святы, было прынята раздаваць міласціну пірагамі, дарыць абразы.

Зажынкі і дажынкі

Спакон вякоў на Пастаўшчыне вядомы зажынкі. Гэта свята канца ліпеня—пачатку жніўня, калі выспявае збажына. Па словах Б. Б. Скрыдлеўскай з Хаціл, зажынаць яе найчасцей пачыналі ў «шчаслівыя дні» — аўторак, чацвер або суботу — пасля абеду з разлікам нажаць 10 снапоў на бабку. Гаспадыня пачынала працу са словамі: «Стаўлю сноп на сто коп і на тысячу мерак!» Першы сноп, які называлі «дзедам», жнеі ўпрыгожвалі кветкамі, чырвонымі ніткамі ці стужкамі і прыносілі гаспадару з вянком. «Сноп ставіўся на покуці, а вянок вешалі на абразы», — паведамляла знаўца фальклору У. К. Нямірская з Юнек. Там «дзед» стаяў да таго часу, пакуль не закончыцца жніво. Абмалочанае зерне першага снапа рассявалі ў наступную сяўбу. А ў Сакунах «дзеда» ставілі ў кут, куды ссыпалі зерне, «каб вартаваў яго».

На дажынкі ў вёсках Лодасі і Мягуны пакінутыя нязжатыя саломіны завязвалі вузельчыкам («у спарню»), увязаўшы туды свянцоны хлеб, каб быў ура­джай на наступнае лета. Маглі ўпрыгожыць «спарню» кветкамі і стужкамі. Зрабіўшы гэта, жнеі крычалі, каб далёка чувалася: «Спарня, гу-гу!» На іншых нівах адгукаліся. Так магічна клікалі добры ўраджай, карыстаючыся адваротнай магіяй, бо спарыння вядома як хвароба злакавых культур. Потым неслі гаспадарам вянок з каласоў і палявых кветак і гаварылі: «Засцілай, гаспадар, сталы і лавы, ідзе да цябе гасцей небывала!» Калі везлі снапы ў гумно, найперш заносілі «гаспадара» (першы сноп), каб ураджай захоўваўся да канца абмалоту. У Фалевічах, калі заканчвалася жніво, пакідалі нязжаты лапік — «бараду», куды таксама клалі хлеб, а апошні сноп дажыналі ў напрамку да гэтай «спарні» з прамовай. Завязаўшы пучок над хлебам, адломлівалі ад яго кавалачак і закопвалі ў зямлю носікам сярпа. У Кураполлі палівалі 3 разы. Астатні хлеб дзялілі на ўсіх і з’ядалі, сеўшы на апошні сноп (народная магія для здароўя). Усе стараліся на ім пасядзець, асабліва калі жалі сваёй сям’ёй. У Чорным потым плялі вянок з каласоў і кветак для гаспадыні, а гаспадара падпярэзвалі поясам, звітым з жыта, спяваючы: «Канец ніўцы, канец, упляцём гаспадару вянец!» У Варапаеве, пакінуўшы на карані 10-12 каласкоў, перавязаўшы іх і ўпрыгожыўшы, спявалі песню: «Дый павей, ветрык, павей, ды на чысценькім полі!» У Гуце жнеі ладзілі «бараду» з апошніх каласкоў на ніве, паклаўшы іх крыж-накрыж.

Сёння традыцыя святкавання зажынак і дажынак у раёне захавалася. Найстарэйшая жняя, як і даўней, у святочнай вопратцы жне сярпом першы сноп, які ставіць на хлеб з соллю, прыкрытыя ручніком, прамаўляючы традыцыйныя словы. Пад жніўныя песні ў выкананні фальклорнага калектыву сноп упрыгожваюць. Віншуючы камбайнераў у полі з пачаткам жніва, удзельнікі мастацкай самадзейнасці дораць ім букеты кветак, вяночкі з уплеценымі каласкамі альбо павязваюць ім стужкі цераз плячо. Уруча­юць сувеніры, частуюць квасам. А першы ўрачысты сноп па праву належыць гаспадару — кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства. А калі падносіцца каравай, што ўласціва для дажынак, гучыць пажаданне, каб новы ўраджай быў не горшы за мінулы (вербальная магія). Спява­юць і сучасныя песні, услаўляючы хлеб, лю­дзей працы. Мастацкія калектывы выязджаюць з канцэртамі ў поле, на мехдвары.

Новымі летнімі народнымі святамі на Пастаўшчыне можна лічыць святы вёсак, якія право­дзяцца менавіта гэтай парой, калі ў бацькоўскія хаты з’яз­джаюцца дзеці, унукі, збіраюцца цяперашнія і былыя вяскоўцы. Успамінаюць мінулае, аддаюць даніну павагі сваёй малой радзіме, ушаноўваюць ветэранаў, вітаюць маладое пакаленне. У 2015 годзе Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна арганізаваў конкурс такіх мерапрыемстваў, а штогод іх праводзіцца каля 50. І такія сустрэчы вельмі запатрабаваныя, бо падтрымліваюць сувязь часоў, пакаленняў, спрыяюць еднасці землякоў, умацаванню любові да роднага краю.

Людміла Чатовіч, метадыст ЦКіНТ раёна



Читайте также:
В этот день 120 лет назад родился светоч национальной культуры Владимир Дубовка
Работа Ольги Гуковой удостоена Гран-при международного конкурса «Фарбы нябёсаў»
Почему арт-деревня Каптаруны стала местом притяжения для известных творческих людей?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.