«Любите жизнь, ведь она быстро проходит!» — советует молодым 90-летняя Олимпиада Ландышко из Новоселок

Общество

2 жніўня яна прачнулася на досвітку, узяла ў рукі ружанец і найперш падзякавала Усявышняму за новы дзень. Ад малітвы перыядычна адцягвалі ўспаміны: як кадры кіно, у галаве пракручвалася мінулае. Самой не верылася, што дажыла да 90 гадоў.

Уліма (так усе звалі дзяўчынку) была другі дзіцем у бацькоў. За ёй — яшчэ сямёра. Цяжка прыйшлося ў вайну: ад немцаў падчас блакады вялікай сям’ёй хаваліся ў маленькім акопе. Пасля Перамогі даймаў голад. Затым сям’я засталася без гаспадара. Страціўшы кармільца, старэйшыя дзеці адразу адчулі адказнасць за лёс малодшых, узялі на сябе большую частку абавязкаў па гаспадарцы, пры першай магчымасці ўладкаваліся на работу ў калгас.

Алімпіядзе Адольфаўне часта сніцца, як яна радасная ідзе са свайго Ярыжана за 7 кіламетраў на работу ў Мосар на льнозавод, вечарам стомленая, але задаволеная, што атрымае зарплату, вяртаецца дадому. Іншай ноччу «ўкладвае» шпалы на чыгунцы, дзе працавала пасля завода, і яе будзіць стук колаў цягніка. Падчас работы на чыгунцы давялося пабываць у многіх гарадах былога Савецкага Саюза, куды адпраўлялі ў камандзіроўкі. Для паездкі патрэбны быў пашпарт. Рабіла яго тэрмінова і толькі калі прыехала ў Карэлафінск, заўважыла, што дату нараджэння ёй напісалі 20 жніўня.

— Згодна з данымі пашпарта і прыйшлі да вас на дзень нараджэння, — гаварылі, уручаючы юбілярцы падарункі, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель і старшыня прафкамітэта Антаніна Рагавец.

— З-за памылкі пашпартыстаў вунь на колькі часу расцягнулася маё свята! — усміхалася задаволеная гаспадыня. — Першымі віншавалі дзеці і ўнукі. Які прыгожы торт спяклі! Цяпер вы завіталі. Дзякуй за памяць. Калі тое было, як я ў гаспадарцы працавала. Удзячна лёсу, што ён прывёў менавіта ў Навасёлкі.

Замуж Уліма выйшла ў суседнія з яе вёскай Кеўлічы. Працавала на ферме ў Шчотках. У сям’і падрасталі трое дзетак, і калі ім прыйшоў час ісці ў школу, яе ў Барэйках закрылі. Вырашылі прасіцца ў былы калгас імя Суворава. Атрымалі кватэру, Алімпіяда Адольфаўна ўладкавалася на свінаферму. Каб выхаваць траіх дзяцей, трэба было шмат працаваць не толькі на ферме, але і дома.

— Мінула больш за 40 гадоў, як мы на новым месцы, — расказвала жанчына. — На першым часе вельмі сумавалі па Кеўлічах. А цяпер і тут усё стала родным. Муж і старэйшы сын Лёнік спачываюць на мясцовых могілках. Побач жывуць дачка Марына і сын Славамір, разам са мной — унук з жонкай і дваімі дзеткамі, якія мяне весяляць.

Алімпіяда Адольфаўна мае ясны розум, выдатны зрок, не страціла цікавасці да таго, што адбываецца ў свеце.

— Колькі ўсяго мне перажыць давялося! — не стрымлівае слёз юбілярка. — Розныя сітуацыі здараліся. Але заўсёды старалася быць справядлівай, паважала людзей, калі трэба было, шукала кампрамісы, каб не выклікаць канфлікт. А паслухаю, што цяпер робіцца ў краіне, — жах ахоплівае. Не хапае людзям вытрымкі, мудрасці, разважлівасці, дабрыні. Вельмі рада, што кожную першую пятніцу месяца да мяне і суседкі прыязджае пробашч лучайскага касцёла ксёндз Яўген, што ў нас ёсць магчымасць паяднацца з Богам. Родным сваім звычайна раю: «Цаніце маладосць, любіце жыццё, бо яно хутка праходзіць».

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
ИП из Воропаева Александр Галяш за свои средства установил в Гуте памятник жертвам войны
Семья Зубко из д. Юньки победила в республиканском конкурсе «Властелин села»
Очень дорожим друг другом! Семье Надежды и Ивана Ладукас уже 8 лет



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.