Асабліва захапіўся гэтым гаспадар. Аднойчы ён наведаўся на Гродзеншчыну да свайго інстытуцкага сябра. А ў таго 25 сотак занята буякамі. Плантацыя ўразіла, а пра карысць гэтых ягад для здароўя Казімір ведаў і раней. Чаму б не паспрабаваць самому вырошчваць іх? Сябар падарыў два кусты. Пазней яшчэ некалькі купіў на спецыялізаваным рынку ў Мінску. З інтэрнэта даведаўся пра фермераў з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, якія вырошчваюць буякі ажно на 100 гектарах. Паехаў з жонкай да іх па саджанцы і кансультацыю.
Зараз на дачным участку Кішко 26 ягадных кустоў васьмі гатункаў. Пра тэхналогію вырошчвання буякоў Казімір Баляслававіч можа расказваць бясконца. Прызнаецца, што напачатку дапускаў памылкі:
— Рэкамендуецца высаджваць двухгадовы або трохгадовы куст. Пад яго трэба выкапаць яму метр на метр і глыбінёй паўметра. У ёй у роўных долях змяшаць верхавы торф, рачны пясок, сасновую ігліцу і апілкі дрэў хваёвых парод. Я так і зрабіў. Пасадзіў некалькі кустоў. Але яны зусім дрэнна раслі і слаба пладаносілі. Стаў аналізаваць чаму. І дадумаўся, што ў ямы трапіў няякасны торф. Я набраў яго ля аўтамабільнай дарогі, а на прыдарожную паласу трапляе ўся соль, якой зімой пасыпаецца асфальт. Прыйшлося перасадзіць кусты, напоўніўшы ямы новай сумессю. Торф купіў спецыяльны.
Цяпер у інтэрнэце можна знайсці ўсемагчымыя парады, у тым ліку і як вырошчваць буякі. Да многіх Казімір ставіцца скептычна. Больш давярае практыкам, з якімі мае зносіны. Таксама кіруецца артыкуламі вучонай з Ганцавіч Курловіч. Падкрэслівае, што кожны зямельны ўчастак мае свае асаблівасці, якія абавязкова трэба ўлічваць. З мінулага года стаў запісваць, калі праводзіць пасадку, падкормку, апрацоўку супраць шкоднікаў, паліў.
У народнай медыцыне ягады буякоў выкарыстоўваюцца як сродак для лячэння дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў, зніжэння артэрыяльнага ціску, паляпшэння зроку. Пры авітамінозе сок буякоў п’юць як агульнаўмацоўваючы сродак. Чайны напітак з пладоў і лісця здымае тэмпературу, тармозіць запаленчыя працэсы, выводзіць з арганізма радыенукліды.
З кожным годам Кішко атрымліваюць усё большы ўраджай ягад. Уся сям’я вітамінізуецца імі не толькі ў сезон, але і зімой — ягады замарожваюць вёдрамі. Дарэчы, на рынку ў Паставах за літровы слоік буякоў просяць 8 рублёў, і прадаюць іх адзінкі.
Нельга не сказаць і пра іншыя здабыткі дачнікаў. Кішко штогод вырошчваюць багаты ўраджай агародніны, збіраюць шмат клубніц, вішань, груш, яблыкаў, нават арэхаў і персікаў.
— Усё вырашчана сваімі рукамі і экалагічна чыстае, — гаварыла гаспадыня. — На ўвесь год забяспечваем сябе і дзяцей садавінай і агароднінай. Робім шмат нарыхтовак.
Але не толькі працай займаюцца Ганна і Казімір. Любяць яны і адпачыць, прыняць гасцей. Абое захапляюцца рыбалкай і ніколі не вяртаюцца з возера без улову. «Рыба ў розным выглядзе пастаянна прысутнічае на нашым стале. А якая смачная тушонка атрымліваецца з яе!» — дзялілася Ганна, прапануючы пакаштаваць. Як і іван-чай, умела нарыхтаваны і свежазавараны. Пацвярджаю: тушонка — смаката, чай — незвычайнай духмянасці!
Дзень за днём Ала і Казімір папаўняюць склеп слоікамі з нарыхтоўкамі. На гарышчы дома — россыпы цыбулі і часнаку, якія прасыхаюць перад тым, як гаспадыня спляце іх у вянкі. Галіны садовых дрэў прагінаюцца пад пладамі.
Паспелі яшчэ не ўсе буякі. А гаспадары ўжо засадзілі новы ўчастак клубніцамі, падрыхтавалі вялікую градку пад азімы часнок. «Папрацуеш — будзеш мець», — казалі. А я радавалася чарговай журналісцкай сустрэчы з сапраўднымі гаспадарамі.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара
Читайте также:
Почему арт-деревня Каптаруны стала местом притяжения для известных творческих людей?