«Очень дорожим друг другом!» Семье Надежды и Ивана Ладукас уже 8 лет

Общество

Каханнем даражыць умеюць

Сёлета да 8 Сакавіка я атрымала ў падарунак букет не з жывых кветак, а спечаны з цеста. Яркі, прыгожы, духмяны, незвычайны. І, вядома, не магла не зацікавіцца, чыіх рук выраб. Так  пазнаёмілася з гутчанкай Надзеяй Ладукас.

— Ніколі не думала, што захаплюся кулінарыяй. Выпякала булачкі, пірагі, і не больш, — прызналася Надзея. — Але калі пайшла ў дэкрэтны водпуск перад нараджэннем другога дзіцяці і з’явілася больш вольнага часу, стала цікавіцца тэмай у інтэрнэце. Пачэрпнула шмат карыснага. Зараз люблю пафантазіраваць над тортамі, букетамі з пранікаў. Людзям падабаюцца мае вырабы, і гэта прыемна.

Але я хачу расказаць чытачам не столькі пра кулінарныя здольнасці маладой жанчыны, колькі пра сямейныя каштоўнасці. Такія звычайныя, як згода, узаемаразуменне, каханне. І якімі, на жаль, даражаць не ўсе.

Пазнаёміўшыся, Надзея Пушкель і Іван Ладукас сустракаліся ўсяго тры месяцы і згулялі вяселле.

— Хіба мы маглі за такі кароткі тэрмін пазнаць характары? — прызнаецца Надзея. — Кінуліся ў каханне, як у вір з галавой. На шчасце, не памыліліся ў выбары. Нашай сям’і ўжо восем гадоў. Вельмі даражым адно адным. А якое шчасце нашы сыночкі!

Іх у сям’і двое. У абодвух сёлетні год адметны: сямігадовы Улад пойдзе ў першы клас, Ягорка, якому два з паловай, стаў наведваць дзіцячы садок. У бацькоў, адпаведна, прыбавіцца клопатаў, якія датычаць садаўскіх і школьных спраў. За Улада хвалююцца менш. Ён баявы, актыўны, таварыскі. Ніколькі не разгубіўся нават на раённым конкурсе «Уладар сяла», уякім удзельнічала сям‘я. Разам з мамай і татам праявіў сябе вельмі ярка. Ягорку ў той час было толькі паўгода, і ён заставаўся ў бабулі. Прайшло яшчэ паўгода — і раён дэлегаваў Ладукасаў на аналагічны конкурс у Рэзэкне (Латвія).

— Туды разам з намі паехаў і Ягорка, — расказвала Надзея. — Праўда, у суправаджэнні бабулі, якая глядзела яго, пакуль мы ўдзельнічалі ў конкурсах. Але ў фінале быў разам з намі на сцэне. Уражанні ад конкурсу незабыўныя. Галоўнае — не саперніцтва, а знаёмства і зносіны з іншымі маладымі сем‘ямі. Цікава было пабачыць замежжа. Дарэчы, мой муж нарадзіўся ў Рызе, у яго беларуска-літоўскія карані. НаПастаўшчыну сям’я пераехала пасля развалу СССР. А сустрэліся мы з ім у Варапаеве. Я тады працавала аператарам у аддзяленні паштовай сувязі, ён — у «Белтэлекаме».

Іван надзвычай клапатліва ставіцца да сваіх сыноў. Чым бы ні зай­маўся ў доме ці ля дома — Улад і Ягорка побач, старэйшы стараецца дапамагчы. А як весела з татам зай­мацца спортам або паплаваць на каяках! Сям’я лёгкая на пад’ём. Для Ладукасаў зусім не праблема сесці ў машыну і адправіцца ў блізкую ці далёкую паездку. На гэта лета планавалі грунтоўна павандраваць па Беларусі, ды перашкодзіла пандэмія каранавіруса.

Хапае гаспадарчых спраў. Некалькі гадоў назад купілі ў Гуце дом. Шмат сіл і сродкаў патрацілі на яго рамонт, які рабілі сваімі рукамі. Стварылі даволі камфортныя ўмовы. Ля дома — кветнік і градкі з агароднінай, якія патрабуюць пастаяннага догляду. Акрамя таго, Надзя з Ванем дапамагаюць у сельгасработах яе бацькам, якія жывуць у Кейзіках. Калі ўзнікае неадкладная патрэба, а муж знахо­дзіцца на рабоце (ён працуе электрамеханікам у Варапаеўскай дыстанцыі пуці), Надзея можа пасадзіць у каляску Ягорку, узяць за руку Ула­дзіка і з лёгкасцю адправіцца пехатой за некалькі кіламетраў да бацькоў. Хаця яна ўжо смела садзіцца за руль сямейнага «Рэно», мае тры гады вадзіцельскага стажу. Пакуль яшчэ знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, да якога працавала аператарам у магазіне «Родны кут». І вучыцца на завочным аддзяленні Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Гэтым летам перайшла надругі курс. Экзамены па ўсіх прадметах здала на выдатна.

28 жніўня Надзея і Іван Ладукасы адзначаць чарговую, восьмую, гадавіну ўступлення ў шлюб. Несумненна, што жонка прыгатуе да святочнага стала эксклюзіўны торт, а муж парадуе любую кветкамі і падарункам. І вочы абаіх будуць свяціцца радасцю, а ў яе промнях — песціцца працяг іх кахання — сыночкі Улад і Ягорка.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Ладукасаў



Читайте также:
Семья Зубко из д. Юньки победила в республиканском конкурсе «Властелин села»
В Поставах открылись бар «Юла-паб» и «Галактика». Скоро в 6-м городке откроется мини-кафе «Феникс»
Сначала помогал папе, а потом втянулся… 19-летний Валерий Чернявский создает кованые шедевры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.