С ранней весны до поздней осени семья Данилевич много времени проводит на даче в Логовинцах

Общество

Вочы баяцца, а рукі робяць

Таццяна і Аляксандр Данілевічы мелі свой дом у Паставах, але 15 гадоў таму прадалі яго і купілі чатырохпакаёвую кватэру. І вось па якой прычыне. Сашавы бацькі жылі ў вёсцы, апрацоўвалі нямала зямлі, трымалі жыўнасць. Таніны хоць і гараджане, але ўсё лета знаходзіліся на дачы ў Барэйках. Кожныя выхадныя дзецям даводзілася ездзіць за паўсотню кіламетраў і да адных, і да другіх, дапамагаць у працы. На свой дом часу катастрафічна не хапала. Таму і вырашылі, што з кватэрай будзе менш клопатаў.

Сям’я і зараз жыве ў ёй. Але з ранняй вясны да позняй восені Данілевічы шмат часу право­дзяць на дачы ў Логавінцах, якую купілі 6 гадоў назад.

Бацькі пастарэлі, збылі скаціну, і патрэба ў нашай пастаяннай дапамозе адпала, — расказваў Аляксандр. — А я і Таня, нашы дзеці змалку прывучаныя да працы на зямлі. Вось і вырашылі набыць дом пад дачу. Па падказцы тагачаснага старшыні Юнькаўскага сельскага Савета Валянціны Філімонавай знайшлі ўсяго за 3 кіламетры ад пятага гарадка і купілі за 2 тысячы долараў.

Дык вам пашанцавала! Я лічыла, што жыллё ў прыгарадзе каштуе намнога даражэй, — кажу Данілевічам, абгледзеўшы дом як звонку, так і знутры, налюбаваўшыся прасторным «выбрытым» газонам і астраўкамі кветак на ім, вялікім дагледжаным агародам.

Вы, напэўна, думаеце, што ўсё тут так і было, як цяпер, — заўважаюць маё захапленне гаспадары. — Не, зусім інакш. Дом  стары, адзін з нямногіх, які ўцалеў у Вялікую Айчынную вайну. Звонку пакінулі яго ранейшым, а ўнутры перарабілі па-свойму. Замест старэнькай лазенькі, пакрытай саломай, паставілі іншую. Таксама не новую. Купілі ў іншай вёсцы за 200 долараў, памянялі два ніжнія вянцы, накрылі дах, устанавілі кацёл, сцены абшылі вагонкай. А колькі папрацавалі на ўчастку, які шмат гадоў увогуле не апрацоўваўся! Касілі бур’ян, выкарчоўвалі старыя хворыя яблыні, слівы, садзілі маладыя пладовыя дрэўцы, узорвалі пад агарод дзірван і ператрасалі яго рукамі.

Як жа буяе цяпер на ім агародніна! Не толькі ў дзвюх цяпліцах, але і ў адкрытым грунце. Бульба, буракі, капуста, агуркі, морква, памідоры, кабачкі, перцы, цыбуля, часнок — усё сваё. На градках і ў кветніках у асноўным завіхаецца Таццяна з дачкой Дашай. У Аляксандра з сынам Багданам хапае іншых клопатаў. Хлопчык расце сапраўдным гаспадаром. Не толькі тата, але і дзядуля Лёня, які жыве ў Навінках, ахвотна перадаюць яму свой вопыт. Багдан як губка ўбірае яго ў сябе. Ведае прызначэнне шматлікага інструменту, многім умее карыстацца. Калі я прыехала на дачу, бацька з сынам абкошвалі газон: адзін — трымерам, другі— газонакасілкай. А як вы думаеце: што родныя падарылі летась Багдану на яго юбілейны, дзясяты, дзень нараджэння? Нізашто не здагадаецеся! Пчаліны домік з сям’ёй пародзістых насельнікаў, камбінезон і поўны набор для пчалавода. Радасць імянінніка была бязмежнай. Цікавасць да пчалярства хлопчыку прывіў дзядуля Ананій, які трымаў у Барэйках пасеку. На жаль, летась яго жыццёвы шлях завяршыўся. Што да пчалярства, то зараз на дачы стаяць ужо чатыры домікі — па адным для кожнага члена сям’і. Праўда, гаспадараць ля іх у асноўным толькі бацька з сынам. Але іншы раз да іх далучаецца і Даша, для якой ужо набылі патрэбную амуніцыю.

Вяртаючыся да тэмы добраўпарадкавання (а яно тут ідэальнае), Аляксандр адзначыў: «Па-іншаму і быць не можа. Па-першае, мне і Тані працавітасць і акуратнасць прывілі нашы бацькі, а мы ў сваю чаргу — сваім дзецям. Па-другое, паглядзіце, якія гаспадарлівыя ў нас суседзі, які ў іх усюды парадак! Ёсць на каго раўняцца. З імі вельмі пашанцавала: у нашу адсутнасць адкрыюць і закрыюць парнікі, выключаць электрасвятло або замкнуць дзверы, калі мы забыліся гэта зрабіць, дадуць слушную параду. Адным летам мы ўсёй сям’ёй нават на мора ездзілі адпачываць, а дача заставалася пад наглядам суседзяў».

Для адных людзей дача служыць выключна месцам адпачынку, для іншых — працы. Данілевічы з кагорты апошніх. Таццяна і Аляксандр лічаць, што найлепшы адпачынак — гэта змена віду дзейнасці. Яна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы СШ №4, ён — спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці малочнага завода. Пасля пастаянных разумовых нагрузак і нярэдкіх стрэсавых сітуацый ад стомы і негатыву пазбаўляюцца, абуладкоўваючы сваё вясковае жыллё, упрыгожваючы тэрыторыю вакол яго, даглядаючы пчол і вырошчваючы ўраджай. Але могуць і гасцей прыняць, пасмажыць шашлыкі, правесці час у прыемнай кампаніі. Або папарыцца ў лазні ці палавіць у сажалцы рыбу. Усе сямейныя святы стараюцца адзначаць менавіта тут. І мараць пра тое, каб ад Пастаў да Юнек пралягла веласіпедная дарожка і на дачу можна было дабірацца не толькі на машыне.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Сначала помогал папе, а потом втянулся… 19-летний Валерий Чернявский создает кованые шедевры
Посмотрите, какую красоту создали Марина Скридлевская и ее семья возле дома в аг. Хотилы
«В этом году у мамы особенно много петуний, а папа держит фазанов». Семья Васильевых из д. Голбея



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.