9 августа — День строителя. Актуальное интервью с директором «Рассвета Поставского» Альфредом Мальцем

Важное Общество

Стабільны калектыў – салідныя паказчыкі

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць каля 180 работнікаў ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі». Усе яны шчыруюць з поўнай самааддачай, і менавіта ў гэтым крыецца сакрэт паспяховай працы ўсяго прадпрыемства.

За першае паўгоддзе 2020 года «Рассвет Пастаўскі» выканаў найбольшы аб’ём падрадных работ сярод усіх 8 арганізацый, якія ўваходзяць у структуру «Полацксельбуда». І гэты вынік — не выпадковасць, а заканамернасць. На працягу многіх гадоў пастаўскія будаўнікі — адны з найлепшых у вобласці. Заўважаюць іх работу і на ўзроўні рэспублікі: дырэктар «Рассвета Пастаўскага» Альфрэд Малец нядаўна стаў лаўрэатам конкурсу на найлепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2019 год у намінацыі «Кіраўнік года». Карэспандэнт «ПК» пагутарыла з ім напярэдадні свята.

Завяршаецца ўзвядзенне будынка дзіцячага сада ў мікрараёне 6 гарадка

— Альфрэд Іосіфавіч, ці забяспечана сёлета ваша прадпрыемства патрэбным аб’ёмам работ?

— Цалкам. Таму працуем выключна на тэрыторыі нашага раёна. Наогул, за апошнія два гады нашы будаўнікі толькі аднойчы выязджалі на работу за межы Пастаўшчыны — летась восем аддзелачніц на працягу 20 дзён былі на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. У нашым калектыве спецыялісты ў асноўным мясцовыя, ім зручней працаваць у межах свайго раёна, а не ездзіць у іншыя, як гэта было раней.

— На якіх аб’ектах цяпер занятыя будаўнікі?

— Тры ключавыя аб’екты гэтага года — 40-кватэрны дом па вуліцы Зялёнай (у ліпені работы там ужо скончаны), дзіцячы сад у мікрараёне 6-га гарадка і малочнатаварная ферма «Волахі». Сад і ферму плануем здаць у кастрычніку. Далей па плане будаўніцтва 60-кватэрнага дома па вуліцы Зялёнай, шэрага іншых аб’ектаў.

Аддзелачніцы Анастасія Данілава, Вольга Цярпілка, Марыя Больбат, Вера Турла, Таццяна Літвінава, Наталля Камсюк

— З якімі працоўнымі паказчыкамі скончылі першае паўгоддзе?

— Усе яны выкананы і перавыкананы. У параўнанні з мінулым годам на 28,1% павялічыўся аб’ём работ, выкананы ўласнымі сіламі. Асвоена 104 тысячы рублёў інвестыцый (для параўнання: па ўсім «Полацксельбудзе» гэта лічба складае 152 тысячы). Грошы накіраваны на закупку тэхнікі, сродкаў малой механізацыі і іншыя мэты.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) за 6 месяцаў склала 4,1 млн рублёў, рост да ўзроўню 2019-га года — 140,5%. Прыбытак прадпрыемства за першае паўгоддзе 2020 года — 347 тысяч рублёў, і гэта ў два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Чыстага прыбытку атрымана 206 тысяч рублёў. Сярэднямесячная зарплата за год вырасла на 11,5% і ў чэрвені склала больш за тысячу рублёў.

Плітачнік Андрэй Варанец

— Ці існуюць праблемы з кадрамі?

— Не. Касцяк калектыву як працаваў, так і працуе. У нас нямала людзей, якія шчыруюць на прадпрыемстве 10 гадоў і больш. Дзякуючы стабільнасці калектыву і ўдаецца выконваць такія салідныя аб’ёмы работ.

Назваць найлепшых складана. Напярэдадні Дня будаўніка граматамі прадпрыемства адзначаны больш за 60 чалавек, і кожны з іх вызначыўся пэўнымі дасягненнямі ў рабоце. Гэтыя і іншыя ўзнагароды (ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і «Полацксельбуда») былі ўручаны ў пятніцу на традыцыйным перадсвяточным мерапрыемстве, на якое быў запрошаны ўвесь калектыў «Рассвета Пастаўскага».

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Ваш след на зямлі бачны і важны

Паважаныя работнікі і ветэраны будаўнічай сферы! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам — Днём будаўніка!

Будаўнікі — людзі асаблівай загартоўкі, здольныя працаваць плённа і стваральна нават у самых неспрыяльных умовах. Невыпадкова гавораць, што на прадстаўніках гэтай прафесіі трымаецца зямля:  менавіта вы робіце наша жыццё ўладкаваным, несяце людзям шчасце і дабро. Дзякуючы вашай нястомнасці і высокаму прафесіяналізму горад, населеныя пункты Пастаўшчыны пераўтвараюцца, становяцца яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі.

У строй дзеючых актыўна ўводзяцца новыя аб’екты сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэння. Дзясяткі сем’яў пастаўчан кожны год спраўляюць наваселлі. Няхай жа нашымі сумеснымі намаганнямі Пастаўшчына становіцца яшчэ больш прыцягальнай і прыгожай. Жадаем вам і вашым сем’ям здароўя, дабрабыту, аптымізму, поспехаў ва ўсіх пачынаннях!

Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Пётр Курто, старшыня раённага Савета дэпутатаў

***

Паважаныя работнікі і ветэраны Міжкалгасбуда і даччынага камунальнага ўнітарнага аграбудаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі»!

 Ад усёй душы віншую вас з прафесійным святам — Днём будаўніка! Дзякуй за вернасць прафесіі і прызванню будаўніка, вялізную плённую працу на карысць нашага горада і раёна. Няхай усё, што вы ствараеце сваімі залатымі рукамі, стаіць стагоддзі і радуе людзей сваёй прыгажосцю і трываласцю. Шчыра жадаю новых перамог і дасягненняў, настойлівасці ў рэалізацыі пастаўленых задач, поспехаў у рабоце, аптымізму, здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям!

Альфрэд Малец, дырэктар ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі»



Читайте также:
Уже 7 лет в Поставах по улице Пушкина, 44 «А» работает пункт приема вторсырья
Интервью с директором Поставского молочного завода Константином Гайлевским
На ОАО «Поставымебель» работает студотряд для учащихся колледжа и школ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.