Тры тысячнікі з адной сям’і
У ААТ «Хацілы-агра» на жніве ў адзін дзень тысячнікамі сталі шэсць чалавек. Сярод іх камбайнер Андрэй Волк і два яго сыны— Мікалай і Ілья, якія адвозяць збожжа з поля на зернесушыльны комплекс.
Таццяна Волк вярнулася з фермы, дзе працуе аператарам па даглядзе цялят, управілася па гаспадарцы, прыгатавала вячэру і чакала мужа і сыноў са жніва. Першай іх убачыла 12-гадовая Ульянка.
— Мама, хадзі хутчэй да акна! — паклікала дачка. — Паглядзі, у якіх прыгожых футболках ідуць Коля і Ілья. Дзе яны іх у полі купілі? А які задаволены твар у таты!
Мужчыны пераступілі парог дома, і дзяўчынка падбегла да іх з пытаннямі.
— Пачакай, нецярплівая гарэза, — прытуліў да сябе дачушку Андрэй. — Сядзем вячэраць — тады і пагаворым.
А расказаць у той вечар сапраўды было пра што. Першым тысячу тон зерня намалаціў Мікалай Чашун, за ім — Андрэй Волк. Абодва сёлета атрымалі новыя камбайны. І тэхніка не падвяла. Дабавілі свайго старання — атрымалі цудоўны вынік. У кагорту тысячнікаў прыпісаўся і малады Аляксей Власаў. Сярод вадзіцеляў першынстваваў Аляксандр Валодзічаў, затым па тысячы набралі Мікалай і Ілья. З віншаваннямі да іх прама ў поле прыехалі з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Пераможцы атрымалі дыпломы, прэміі. Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская ўручыла футболкі, кепкі, каштоўныя падарункі.
На жніве ў той дзень Андрэй Волк быў з малодшым сынам Ільёй. Коля на бацькавым прэс-падборшчыку рулоніў сена. Да яго першы сакратар райкама БРСМ прыехала ў поле каля Заброддзя.
Сабраўшыся дома за вячэрай, мужчыны дзяліліся ўражаннямі, успаміналі, хто прыязджаў, чаго ім пажадаў. Маці з дачкой з гордасцю глядзелі на сваіх герояў і ўважліва слухалі. Таццяна трывожылася за малодшага: Іллі на днях споўніцца 18 гадоў, восенню прызавуць у армію. Старэйшы Коля ўжо пяць гадоў як адслужыў у пагранічных войсках у Брэсце, вярнуўся дадому. Так спакойна, калі ўся сям’я ў зборы. Але ж армію называюць школай жыцця, і яе павінен прайсці кожны мужчына.
Мікалай і Ілья пачыналі сваю працоўную дзейнасць, ідучы практычна адной і той жа жыццёвай дарогай. Цягу да тэхнікі, зямлі і нялёгкай сялянскай працы перанялі ад бацькі. Спачатку старэйшы, а затым малодшы былі ў яго памочнікамі на камбайне. Цяпер працуюць самастойна. Трымаюць хлебаробскую марку і гонар прозвішча.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
Павел Кевлич из ОАО «Камайский-агро» первый среди молодых водителей перевез 1000 тонн урожая
Словом и делом. В ОАО «Новоселки-Лучай» для комбайнеров устроили праздник в поле
Средняя урожайность в ОАО «Хотилы-агро» — 67 центнеров с гектара