Воропаевская дистанция пути уже более 80 лет обслуживает железную дорогу по трем направлениям

Важное Общество

Маставой справы майстры

Варапаеўская дыстанцыя пуці ўжо больш за 80 гадоў абслугоўвае чыгунку па трох кірунках: Полацк—Маладзечна (ад ст. Ветрына да ст. Параф’янава), Круляўшчызна—Лынтупы і Варапаева—Друя. За бяспеку руху цягнікоў адказвае ўчастак па абслугоўванні і рамонце штучных збудаванняў. На яго балансе 112 мастоў агульнай даўжынёй 2 083 метры і 275 водапрапускных труб працягласцю 3 511 метраў. Сёння ў калектыве ўчастка 11 чалавек.

Рабочы дзень маставікоў пачынаецца з планёркі і размеркавання абавязкаў. Затым — выезд брыгады непасрэдна на аб’ект. Яе задача — утрыманне ў належным стане штучных збудаванняў і прылеглай да іх тэрыторыі адпаведна сезону: вясной і летам гэта абкошванне расліннасці, афарбоўка парэнчаў і пралётных збудаванняў, зімой — ачышчэнне драўлянага маставога бруса ад снегу і наледзі. Важны складальнік работы рамонтнікаў — адвя­дзенне вады ад пуці і ўстаноўка ахоўных прыстасаванняў. Трываламу функцыянаванню мастоў і водапрапускных труб садзейнічае прымяненне сучасных матэрыялаў, абсталявання і тэхналогій.

Валерый Курачонак, Аляксандр Анкудовіч, Аляксандр Гаўрута, Аляксандр Кеда, Сяргей Брагін, Уладзімір Пісарык, Дзмітрый Мішута, Арцём Анкудовіч

У гэтыя дні нарошчваем агаловак трубы і адкосныя крылы моста на 523-м кіламетры перагону Зябкі—Баравое, — расказваў брыгадзір Сяргей Брагін. — А на 7-м кіламетры ўчастка Варапаева—Шаркаўшчына на мосце каля Белек заліваем конусы маналітным бетонам. Працуюць маставікі на вышыні. Гэта патрабуе ад іх пільнасці, акуратнасці.

Сяргей Брагін — малады, але ўжо дастаткова дасведчаны ў маставой справе спецыяліст. Прыйшоў у дыстанцыю ў 2008 годзе рамонтнікам, а калі закончыў Аршанскі каледж чыгуначнага транспарту, яго назначылі брыгадзірам. У мінулым годзе рады рамонтнікаў папоўнілі Арцём Анкудовіч і Павел Міхалевіч.

Прыкладам для іншых з’яўляецца ветэран участка Паісій Кузьміч Сарокін, які з 1978-га па 2013 год працаваў маставым майстрам. Пад яго кіраўніцтвам абноўлена каля 30 збудаванняў. Паісій Кузьміч неаднаразова адзначаўся як найлепшы работнік дыстанцыі, атрымліваў падзякі і граматы. І сёння былы маставік шчыра дзеліцца багатым вопытам з маладымі.

Святлана Шафаровіч
Фота Таццяны Насевіч



Читайте также:
Мини-музей в здании лынтупского вокзала расскажет о богатой истории станции
Канаш Канстанцін Георгіевіч — начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.