12 сентября — День работника органов предварительного следствия. Следователь Юлия Свирбутович

Безопасность

Следства вядзе маёр Свірбутовіч

Старшы следчы Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юлія Свірбутовіч вярнулася з ізалятара часовага ўтрымання аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, дзе вяла допыт падазронага ў здзяйсненні злачынства, і перад сустрэчай са мной папрасіла некалькі хвілін, каб абдумаць пачутае. Колькі за 8 гадоў работы яна падрыхтавала тамоў крымінальных і іншых спраў, немагчыма злічыць.

— Простых спраў не бывае, — расказвала Юлія. — У кожнай — свае нюансы. Заўсёды прысутнічае канфлікт інтарэсаў пацярпелага і падазронага. Каб ацаніць тыя ці іншыя супрацьпраўныя дзеянні, неабходна дэталёва вывучыць і прааналізаваць вялікую колькасць рознай дакументацыі (пратаколы апытання сведкаў, вынікі экспертыз, доказы). А гэта вельмі карпатлівая работа. Уяўленне пра нашу прафесію ў многіх грама­дзян сфарміравалася па кінафільмах і тэлеперадачах. Насамрэч рамантыкі значна менш, а адказнасць вялікая.

Юлія ў 2012 годзе закончыла юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава і прыехала ў Паставы. Сваім настаўнікам лічыць былога начальніка аддзела Уладзіміра Фаміна. Менавіта ён, дзелячыся ўласным багатым вопытам, расказваў і паказваў, як трэба праводзіць следчыя дзеянні, будаваць работу з падазронымі і сведкамі, рабіць запыты, праца­ваць з рэчавымі доказамі, прыладамі злачынстваў. Цяпер у любы момант можа параіцца з новым начальнікам аддзела Аляксандрам Чатовічам, яго намеснікам Яўгеніем Сінілам.

— Задача следчага — вызна­чыць кваліфікацыю і даць дакладнае азначэнне здзейсненаму злачынству, — працягвала апавядаць пра сваю прафесію маёр юстыцыі Юлія Свірбутовіч. — Таму вывучэнне нарматыўна-прававых актаў, чытанне публіцыстыкі па той ці іншай праблематыцы стала для мяне звыклай справай. У адзін дзень можна расследаваць крадзеж, на другі — службовае злачынства. За гады работы былі справы, якія датычылі забойстваў, замахаў на жыццё. Найперш трэба выявіць прычыны, з-за якіх злачынства стала магчымым.

Следчаму прыходзіцца шмат аналізаваць, ведаць псіхалогію чалавека, разбірацца ў многіх сферах. Расследуючы злачынствы, ён кіруецца не толькі Крымінальным кодэксам, але часам вывучае і банкаўскае, адміністрацыйнае, іншыя заканадаўствы. Часта даводзіцца выязджаць на месцы здарэнняў, прычым як на працягу рабочага дня, так і ноччу. І гэта не толькі фізічная нагрузка, але і маральная. Кожны раз, па словах Юліі, сутыкаешся з чужым горам, бывае, што і з агрэсіўнасцю падазроных.

— Юліі Свірбутовіч уласцівы скрупулёзнасць, уважлівасць, аналітычнасць мыслення, эрудыраванасць, — характарызаваў калегу начальнік Пастаўскага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Чатовіч. — Яна ўмее супастаўляць факты і рабіць правільныя высновы, імгненна прымаць рашэнні.

Юлія — шаркаўшчанка. У Паставах не толькі рэалізавала сябе ў прафесіі, але і знайшла каханне і сямейнае шчасце. Муж Павел — намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Агульных інтарэсаў шмат, у тым ліку і па рабоце.

Сёння ў супрацоўнікаў Следчага камітэта прафесійнае свята. Але і ў гэты дзень яны не могуць дазволіць сабе расслабіцца, бо не выключана, што давядзецца выязджаць на месца здарэння, збіраць доказы, прапрацоўваць версію злачынства…

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Витебскоблводоканал проводит рейды для выявления незаконного водопотребления
На базе 1-го радиотехнического центра в/ч 25888 в Поставах прошли инструкторско-методические занятия
6 сентября в Поставах прошла культурно-общественная акция «За безопасную Беларусь!»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.