207 юношей и девушек стали первокурсниками Поставского государственного колледжа

Важное Образование

З Мінска, Ельска і Смаргоні – у наш каледж

20 жніўня завяршылася ўступная кампанія ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Па яе выніках першакурснікамі сталі 207 юнакоў і дзяўчат. Ці ўдалося сёлета сфарміраваць усе вучэбныя групы? Якія рамонтныя работы праведзены летам? Што ў планах на новы навучальны год? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «ПК» адказаў дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка.

— Сяргей Мікалаевіч, як ахарактарызуеце гэту ўступную кампанію?

— У цэлым мы правялі яе паспяхова. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўсе групы сфарміраваны на 100 працэнтаў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай не ўдалося набраць адну групу — тэхнікаў-механікаў. Аднак на гэта былі свае прычыны, звязаныя з сёлетнімі зменамі ў тэрмінах залічэння ў ВНУ. З наборам на іншыя спецыяльнасці цяжкасцей не ўзнікла. Напрыклад, на повара падалі дакументы 36 чалавек, а набіралі толькі 25. Дарэчы, чатыры дзяўчыны, якія не паступілі на жаданыя спецыяльнасці, вырашылі ісці вучыцца на трактарыста-машыніста. Упэўнены, што ў іх усё атрымаецца.

— Лічбы прыёму не зменшыліся?

— Не. На дзённую форму навучання залічаны 152 чалавекі — амаль столькі ж, як і ў мінулым годзе. Сярод іх не толькі выпускнікі школ Пастаўшчыны. Каля дзясятка чалавек прыехалі з Мядзельшчыны, ёсць навучэнцы з Мінска, Ельска, Смаргоні, адзін нават з Расіі — з Пскоўскай вобласці.

Усе, хто меў патрэбу ў інтэрнаце, ім забяспечаны. Удалося засяліць нават навучэнцаў з бліжэйшых ад Пастаў вёсак.

— Як у гэтым годзе праводзілі прафарыентацыйную работу?

— З-за каранавіруса ў школах было забаронена правядзенне масавых прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Вялікі дзякуй аддзелу па адукацыі райвыканкама, які дапамог вырашыць гэта пытанне. Мне была дадзена магчымасць выступіць перад дырэктарамі школ і класнымі кіраўнікамі, а яны ўжо даносілі інфармацыю да вучняў і іх бацькоў. Нашы буклеты былі размешчаны на сайтах школ, настаўнікі дзяліліся імі ў групах у Viber. Педагогі-праф­арыентатары працавалі асабіста з вучнямі 9—11 класаў і іх бацькамі. Гэта вельмі дапамагло паспяхова правесці ўступную кампанію.

Кропка ў ёй не пастаўлена. З 1 па 10 кастрычніка яшчэ будзем прымаць дакументы на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «Сацыяльны работнік». На вучобу найперш запрашаем тых, хто ўжо працуе ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прычым не толькі ў Пастаўскім раёне, але і ў суседніх. Напрыклад, летась нашы выкладчыкі ездзілі вучыць браслаўчан. Тыя пасля атрымання дыпломаў засталіся вельмі задаволеныя — тэарэтычныя веды спатрэбіліся ім на практыцы.

— Раскажыце, якія рамонтныя работы ўдалося правесці падчас канікул.

— У пачатку лета з ліку навучэнцаў былі сфарміраваны два працоўныя атрады па 20 чалавек. Хлопцы і дзяўчаты займаліся касметычным рамонтам аўдыторый і пакояў у інтэрнаце: фарбавалі падлогу, клеілі шпалеры, выконвалі іншыя работы. На гэтыя мэты ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама былі выдаткаваны 20 тысяч рублёў. За бюджэтныя сродкі таксама была заменена частка вокнаў ва аўдыторыях і сталовай. Зыходзячы з патрабаванняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у інтэрнаце ўстаноўлены супраць­дымныя дзверы. Нямала зроблена і ў плане добраўпарадкавання тэрыторыі: напрыклад, мы самі вырабілі плітку і паклалі яе каля інтэрната.

— Якія планы на новы навучальны год?

— Па традыцыі ён пачнецца з сельскагаспадарчых работ. З 7 верасня на працягу месяца нашы навучэнцы будуць працаваць на ўборцы бульбы ў Навасёлках, Хацілах і Камаях.

Што да адукацыйнага працэсу, планаў шмат. Найперш будзем старацца выконваць задачы, пастаўленыя на сёлетняй абласной педагагічнай канферэнцыі (яна ў відэафармаце прайшла напрыканцы жніўня). Асноўныя патрабаванні да кіраўнікоў навучальных устаноў — палепшыць якасць адукацыі і выхаваўчай работы, павысіць педагагічную кампетэнцыю выкладчыкаў, павялічыць пазабюджэтныя даходы. Спа­дзяюся, што, дзякуючы плённай працы ўсяго калектыву, гэта атрымаецца зрабіць.

Іна Сняжкова



Читайте также:
Кішко Ірына Рычардаўна – дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Дунілавіцкая яслі-сад–сярэдняя школа»
Казлоўская Вераніка Леанідаўна – дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г. Паставы»
Праздник улыбок и встречи со школой. День знаний прошел в школах Поставщины



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.