3 механизатора нашего района получили в подарок сертификаты от профсоюза работников «Белтелекома»

Сельское хозяйство

У падарунак – сертыфікаты атрымалі тры механізатары нашага раёна ад прафсаюза работнікаў «Белтэлекама».

Заахвочваць матэрыяльна найлепшых удзельнікаў уборкі — добрая традыцыя галіновых прафсаюзаў вобласці. Над нашым раёнам шэфствуе пярвічная прафсаюзная арганізацыя Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам». Для ўзнагароджання выбірае найбольш старанных і працавітых.

Сёлета падарункавых сертыфікатаў на 80 рублёў, якія можна атаварыць у магазіне «Купалінка», заслужылі Андрэй Галінскі, Генадзій Казакевіч і Віктар Чыпко з сельгаспрадпрыемстваў «Дунілавічы-­агра», «Ляхаўшчына-агра» і ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Прыехаць і асабіста ўручыць падарункі старшыня прафкама Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Мікалай Венікаў не змог, даверыў зрабіць гэта старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксею Філімонаву. Разам з ім да механізатараў адправілася карэспандэнт «ПК».

Аляксей Філімонаў уручае сертыфікат Генадзію Казакевічу

Першым на маршруце — сель­гаспрадпрыемства «Дуні­лавічы-агра». Сёлета тут не могуць пахваліцца высокім ураджаем збожжавых і зернебабовых, але тое, што вырасла, трэба было своечасова ўбраць. На жніве працавалі 7 экіпажаў. Больш за ўсіх намалаціў Андрэй Галінскі. Камбайнерскаму майстэрству ён вучыўся ў бацькі, калі быў у яго памочнікам. Разам яны пастаянна дабіваліся высокіх намалотаў. Ужо доўгі час працуе самастойна.

— Андрэй вызначаецца на любым участку работы, — хваліла механізатара старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Тэрэза Пайлак.— Кармы нарыхтоўвае хутка, якасна вядзе ворыва глебы, сяўбу, хімпраполку пасеваў.

Віктар Чыпко

Атрымаўшы падарункавы сертыфікат, Андрэй заспяшаўся ў поле за Янчукамі, дзе павінен уносіць гліфасаты пад азімыя культуры.

З Генадзіем Казакевічам з СП «Ляхаўшчына-агра» сустрэліся каля Сарок. На МТЗ-3022 з дыскатарам ён рыхтаваў глебу.

— Нечаканы падарунак! — усміхаўся. — Дзякуй, што ацанілі маю працу.

Механізатарскі стаж у Гена­дзія Мар’янавіча вялікі. У свой час яго прозвішча значылася сярод найлепшых камбайнераў раёна. Але падвяло здароўе, і быў вымушаны адмовіцца ад напружанай працы. Цяпер падчас уборкі збожжавых адвозіць зерне. Здараецца, зашчыміць сэрца, захочацца сесці за штурвал камбайна, урэзацца жняяркай у густую пшаніцу.

Андрэй Галінскі

— «Фішка» Мар’янавіча — падрыхтоўка глебы, — расказвала галоўны аграном СП «Ляхаўшчына-агра» Марына Галубёнак. — За змену апрацоўвае да 30 гектараў.

На тэрыторыі майстэрань, размешчаных у Шырках, падарункавы сертыфікат прымаў механізатар ААТ «Сцяг Перамогі-­агра» Віктар Чыпко.

— Ужо каторы год жніво ў гаспадарцы вядуць тры Віктары — Граблеўскі, Атрахімовіч і я, — гаварыў. — У гэтыя дні кожны заняты іншай работай. У мяне неадкладны рамонт камбайна, буду ўбіраць кукурузу. Праўда, яна сёлета на нашых палях — не царыца, сіласу шмат не атрымаецца. Але пакуль не задажджыла, трэба спяшацца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В ОАО «Новоселки-Лучай» картофель выращивали аж на 37 гектарах
Как на полях ОАО «Новоселки-Лучай» проходит сев озимых?
Александр Яночкин стал победителем областного соревнования и примет участие в «Дожинках»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.