6 сентября в Поставах прошла культурно-общественная акция «За безопасную Беларусь!»

Безопасность

Бяспека дзяцей – клопат дарослых

З 1 па 10 верасня ў Беларусі праводзіцца акцыя «Адзіны дзень бяспекі». У гэты перыяд па ўсёй краіне ладзіцца шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. У нядзелю, 6 верасня, адно з іх адбылося ў Паставах і мела назву «За бяспечную Беларусь!».

Культурна-грамадская акцыя распачалася апоўдні каля кінавідэазалы на плошчы Леніна. Яшчэ здалёк увагу прахожых прыцягвалі пажарная машына, роставыя лялькі, людзі на хадулях… Падышоўшы бліжэй, можна было ўбачыць, што тут арганізавана работа разнастайных тэматычных пляцовак.

На тэматычнай пляцоўцы РАНС

Найбольш шматлюдна было каля пастаўскіх ратаўнікоў. Асабліва цікавіліся пляцоўкай дзеці. Яны падыходзілі да стала і спрабавалі скласці тэматычны пазл. А калі паспяхова выконвалі заданне, атрымлівалі падарункі — «Азбуку бяспекі», размалёўкі, шаблоны для раскладу заняткаў, закладкі для кніг з карыснай інфармацыяй прафілактычнай накіраванасці.

Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава было паглядзець на спецвопратку ратаўнікоў, пажарныя вогнетушыцелі. Нямала даведаліся яны і пра аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

— Адна з галоўных задач акцыі — правесці адукацыйна-выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем. Таму пляцоўку мы разгарнулі найперш для дзяцей і праз гульню вучым іх асноўным правілам бяспекі, расказваем, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях. Ведаць гэту інфармацыю абавязаны кожны, бо пры пэўных абставінах яна можа выратаваць жыццё — расказаў першы намеснік начальніка РАНС Віталій Ожаль.

Тэматычную пляцоўку таксама арганізавалі супрацоўнікі Пастаўскай вадалазна-выратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах. Яе начальнік Дзмітрый Жураў паказваў дзецям вадалазны балон і маску (некаторыя хлопчыкі нават іх прымерылі!), ласты, выратавальныя круг, камі­зэльку… Аповед пра тое, як вадалазы пагружаюцца ў ваду, зацікавіў не толькі дзяцей, але і дарослых.

Памяткі па тэхніцы бяспекі падчас акцыі раздалі прадстаўнікі газавай службы. А супрацоўнікі раённай бібліятэкі зладзілі літаратурную выставу «Край родны ў вершах мы славім» і правялі для маленькіх удзельнікаў акцыі інтэлектуальна-забаўляльную гульню «Поле цудаў». Шмат усмешак і станоўчых эмоцый ім падарылі карагоды і танцы з роставымі лялькамі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі і прадстаўнікі райкама БРСМ.

— Менавіта сёння, 6 верасня, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі святкуе сваё 18-годдзе. Я віншую з гэтай падзеяй усіх цяперашніх і былых актывістаў, — гаварыла, выступаючы, першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Куракова. — Мы прапануем усім ахвотным далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Кропкі свету», арганізаванай у падтрымку міру, стабільнасці і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Кожны можа падысці да нашай пляцоўкі і атрымаць у падарунак памятныя сувеніры з нацыянальнай сімволікай роднай краіны.

Удзельнікі велапрабегу Данііл Мамаеў, Дзмітрый Дзергач, Вераніка Казлоўская, Аляксей Гамолка і Максім Чарапкоўскі

Два дзясяткі пастаўскіх актывістаў БРСМ у той дзень адправіліся ў велапрабег да месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны. Адным з яго арганізатараў і ­ўдзельнікаў стала дырэктар СШ №3, а да нядаўняга часу першы сакратар райкама Вераніка Казлоўская.

— Велапрабег прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі, — адзначыла яна. — Да ініцыятывы далучыліся БРСМаўцы з усіх пастаўскіх школ, у тым ліку навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа СШ №4. Ёсць і працоўная моладзь — работнікі ААТ «Паставымэбля», фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Наша мэта — наведаць пяць помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Паставах: на плошчы Леніна, па вуліцах Ленінскай, Чырвонаармейскай, Горкага і Савецкай. Там мы запалім лампадкі і такім чынам ушануем памяць загінулых землякоў.

У час гульні «Поле цудаў»

Акцыя «За бяспечную Беларусь!» завяршылася гульнявой і музычнай праграмамі. Іх падрыхтавалі калектыў Юнькаўскага СДК і салісты эстраднай вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Уражаннямі ад убачанага па­дзялілася пастаўчанка Алена Субач.

— На такое мерапрыемства мы з 7-гадовай дачкой прыйшлі ўпершыню. І засталіся вельмі задаволеныя, — гаварыла яна. — Праўда, я была пабочным назіральнікам, а вось дачка актыўна ўдзельнічала ў акцыі — разам з іншымі дзецьмі наведала кожную тэматычную пляцоўку. Калі раней яна магла заблытацца ў нумарах экстранных службаў, то цяпер, упэўненая, запомніла іх на ўсё жыццё. Акрамя гэтага, атрымала шмат новай карыснай інфармацыі. Калі такія акцыі будуць ладзіцца яшчэ, мы абавязкова паўдзельнічаем у іх.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Велосипедные прогулки. Залог успешных и безопасных поездок на велосипеде
Витебскоблводоканал проводит рейды для выявления незаконного водопотребления
На базе 1-го радиотехнического центра в/ч 25888 в Поставах прошли инструкторско-методические занятия



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.