80-летняя Людмила Копылова отдыхает душой и набирается сил в деревне Петраги

Общество

Дзякуе Богу за гады і сыноў жыхарка вёскі Пятрагі Юнькаўскага сельсавета Людміла Капылова.

Чацвёртага верасня жанчына адзначыла 80-годдзе. Цёпла павіншавалі з датай суседзі і далейшыя дачнікі. Пасядзелі за накрытым сталом, паўспаміналі былое. Але найдаражэйшым падарункам да юбілею стаў прыезд з Мінска сына Ігара. Калі я заглянула да Людмілы Фёдараўны, ён толькі што вярнуўся з лесу з поўным кошыкам баравікоў.

— Гэта ўжо другі. Зранку таксама набраў поўны, — пахваліла маці. — Не ўтрымаць дома. Вельмі прастуджаны, а ўсё роўна ў лес ідзе. І ўвогуле, ні хвіліны не пасядзіць без справы.

— Мама, але ж журналіст прыехаў да цябе, а не да мяне. Вось пра сябе і раскажы, — тактоўна перанакіроўвае гаворку Ігар.

— Што расказваць? Цяжкасцей хапіла. Нарадзілася перад вайной. Мне было ўсяго дзесяць месяцаў, як не стала таты. Загартавалася працай. З 10 гадоў няньчыла ў знаёмых і незнаёмых людзей малых. З 13-ці высільвалася на торфараспрацоўках. У 15 будавала ў Паставах РДК. А колькі работы было дома! Дзяўчынай хадзіла за плугам, касіла, нарыхтоўвала ў лесе дровы. 18 гадоў адпрацавала на ферме ў калгасе. Моцна скроенай была, мела сілы. Зараз іх з кожным годам усё менш і менш, падступаюць хваробы.

Людміла Фёдараўна Капылова з сынам Ігарам

— Але вы цудоўна выглядаеце, і парадак усюды. Вунь колькі кветак ля дома! Рознай агародніны навырошчвалі, — адзначаю.

— Гэта ўсё дзякуючы Ігару. Ён вельмі любіць кветкі. Сам іх сее, палівае. Я толькі праполваю. Тое ж самае і на градках. А вырошчванне бульбы — цалкам яго клопат. Такіх сыноў, як мой Ігар, адзін на тысячу. Добры і старэйшы, Вася. Але ў яго няма такіх магчымасцей, як у Ігара. Жыве ў Лявонавічах, мае вялікую сям’ю, уласны дом, гаспадарку, загадвае фермай. Не забывае і мяне, наведваецца. Вось і зараз узяліся з Ігарам перабудоўваць лазню.

Пытаюся ў маці, як выхоўвала сыноў.

— Калі мне было за працай іх выхоўваць? — адказвае. — Лічу, што ў кожным чалавеку аснова закладзена з нараджэння. Вось і абодва мае сыны мелі здольнасць да вучобы. Але Вася выбраў рабочую прафесію, закончыў СПТВ. А Ігара было не адарваць ад кніжак. У выніку стаў вучоным, шмат дзе бывае ў свеце, з’яўляецца дырэктарам Інстытута мовазнаўства (такі інстытут — адзіны ў Беларусі і выконвае вялізны аб’ём работы па фундаментальным даследаванні мовы і лінгвістычных экспертызах — аўт.). Калі вучыўся ва ўніверсітэце, я ўжо добра зарабляла на ферме і не шкадавала для студэнта грошай. Але траціў іх не на адзенне-абутак, а цэлымі чамаданамі прывозіў кнігі.

— Для мяне Пятрагі — найдаражэйшы куточак у свеце, — далучаецца да размовы Ігар Лявонавіч. — Як толькі выдаецца магчымасць, спяшаюся сюды. Адпачываю душой, набіраюся сіл. Вялікае шчасце, што чакае мама. Без яе было б самотна.

Але зімой іх пятрагскі дом, якому 90 гадоў, пустуе. Позняй восенню, калі выхалоджваюцца дні, цямнеюць і даўжэюць ночы, гаспадыня з’язджае ў Мінск, дзе яе чакае добраўпарадкаваная кватэра.

— Ігар мяне нават на канцэрты водзіць. Была ў Палацы Незалежнасці, філармоніі. Недалёка ад дома, у якім жыву, царква, — дзялілася Людміла Фёдараўна. — У Мінску мне добра. Але як толькі надыхо­дзіць вясна, цягне ў Пятрагі. Тут свая зямля, свае людзі, прывычны ўклад жыцця.

…Раскашуюць ля старэнькага дома кветкі, даспявае садавіна, наталяюцца малой радзімай Капыловы. Няхай жа яшчэ доўгія гады яна сілкуе іх сэрцы!

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Команда Поставского ЖКХ заняла 3-е место в конкурсе профмастерства «Рабочий зеленого строительства»
Посмотрите, как красиво на территории Лынтупского ОКП для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН
Какое счастье, что мы еще вдвоем! Ветеран труда Олег Павинич и его жена Наталья вместе 58 лет



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.