Хранитель старины. Житель деревни Прудники показал предметы столетней давности

История

Захавальнік даўніны

Рэдакцыйны спецпраект «Рэха Першай сусветнай» з’явіўся ў «Пастаўскім краі» ў лістападзе мінулага года. Менш чым за год на гэту тэму былі апублікаваны паўтара дзясятка артыкулаў. Пасля іх выхаду мне неаднойчы пісалі і тэлефанавалі чытачы і дзяліліся сваёй інфармацыяй пра Вялікую вайну на Пастаўшчыне.

Яна скончылася больш за сто гадоў назад, і любыя звесткі пра тыя забытыя падзеі сёння вельмі каштоўныя. Таму так зацікавіў і заінтрыгаваў званок жыхара вёскі Пруднікі Збігнева Коласа. Мужчына расказаў, што ў яго захоўваецца мамін пашпарт, выдадзены немцамі ў гады Першай сусветнай вайны, і фатаграфія тых часоў.

Што ж, трэба збірацца ў Пруднікі!

«Не гавары, што ведаеш, а ведай, што гаворыш», — гэтымі словамі прывітаў мяне ў сваёй хаце 85-гадовы гаспадар, ад якога ў той дзень пачула безліч трапных прымавак і жартаў.

Збігнеў Колас

Стоячы ў пакоі, аглядаюся. Куды ні кінеш вокам — усюды кнігі і даўнейшыя часопісы. Яны ляжаць на сталах, падаконніку, шафе…

— А колькі іх на гарышчы, у каморцы! Нам бы і сутак не хапіла ўсё перагледзець, бо гэта мая самая вялікая слабасць у жыцці, — прызнаўся Збігнеў Колас і працягнуў мне нумар нашай раённай газеты за 1986 год. — Хоць і кепска апошнім часам сябе адчуваю, усё роўна стараюся многа чытаць. Пагаварыць ужо асабліва няма з кім: мала прадстаўнікоў майго пакалення ў вёсках засталося. Мне пашчасціла — жонка мяне вельмі глядзіць, пра здароўе клапоціцца.У шлюбе з ёй жывём больш за 50 гадоў, а здаецца, што толькі ўчора ў адную школу разам хадзілі…

На стале заўважаю дзясяткі два кніжак мясцовых краязнаўцаў — Ігара Пракаповіча, Мікалая Арэха, Іосіфа Зямчонка, Франца Хоміча… Амаль кожная з подпісам аўтара. Гэту літаратуру Збігнеў Эдмундавіч чытае і перачытвае з асаблівым інтарэсам.

У адной з кніг паміж старонак «прыхаваны» фотаздымкі. Пачынаем іх пераглядаць.

— Гэта я сфатаграфаваўся ля нямецкіх бліндажоў непадалёк ад Рамелек, — прызнаўся суразмоўца. —А вось і здымак, які абяцаў вам паказаць. На ім мая мама, мясцовыя жанчыны і немцы-абознікі — яны ў вайну на конях падвозілі на фронт усё неабходнае. Фатаграфія зроблена ў Янкішках, каля Гадуцішак. Вёска гэта тады трапіла пад немцаў, а бліжэйшыя населеныя пункты былі занятыя рускімі.

Рэшткі нямецкага бліндажа каля вёскі Рамелькі
Здымак часоў Першай сусветнай вайны. У цэнтры — маці Збігнева Коласа

Маці Збігнева родам з Русакоў, нарадзілася ў 1897 годзе. Пра гэта даведваюся з яе пашпарта 1917 года. Такія дакументы немцы выдавалі ўсім жыхарам акупіраваных тэрыторый. Напрыклад, яны былі ўведзены на Лынтупшчыне (арыгінальны пашпарт з той мясцовасці ёсць у экспазіцыі раённага краязнаўчага музея) і на Камайшчыне (такі дакумент ад дзядулі захаваўся ў актывіста валанцёрскага руху «Заходні рубеж» Паўла Курто). Ва ўсіх пашпартах былі адбіткі пальцаў уладальнікаў. Жыхароў акупіраваных тэрыторый абавязвалі заўжды мець пры сабе гэты дакумент. У выпадку невыканання патрабавання немцы гразілі пакараць 10 гадамі арышту ці штрафам у 500 марак.

Пашпарт маці Збігнева Коласа

Пашпарт дзядулі Паўла Курто:

Такія пашпарты можна ўбачыць у экспазіцыі Пастаўскага раённага краязнаўчага музея:

Збігнеў Эдмундавіч таксама паказаў артыкул на тэму Першай сусветнай вайны, надрукаваны ў «Кур’еры Віленскім» 23 красавіка 1936 года. Самой газеты ў яго няма, затое ёсць некалькі сучасных кніг з перакладамі публікацый «Кур’ера» 20-30-х гг. Іх падрыхтаваў і выдаў пастаўскі краязнаўца Міхаіл Гіль.


У артыкуле пад назвай «Знікаюць бетонныя сховішчы часоў сусветнай вайны» чытаю:

«Ва ўсходняй частцы Гадуцішскай гміны знаходзіліся на працягу трох гадоў вайны нямецкія і расійскія франтавыя пазіцыі. З гэтых часоў засталося тут вельмі шмат бетонных сховішчаў. Відавочна, для немцаў са стратэгічнага погляду тут была вельмі важная тэрыторыя, таму яны пабудавалі вялікую колькасць цэментных умацаванняў, земляных акопаў, валоў і насыпаў.

Распавядаюць, што сховішчы былі камфортна абсталяваныя; у акопах існавала электрычнасць, у некаторых сховішчах немцы пакінулі мяккую мэблю, фартэпіяна, дарагі посуд і т.п. (гэта былі рэчы, нарабаваныя ў навакольных маёнтках).

У апошнія часы гэтыя сховішчы вельмі хутка знікаюць. Іх разбіраюць навакольныя жыхары і ўжываюць на падмуркі, склепы і т.п., таму што большасць гаспадароў зараз перабудоўваюцца ў сувязі з камасацыяй зямлі. Акрамя таго, сховішчы разбураюць людзі, якія шукаюць жалезныя пруты і бляху. Большасць сховішчаў пераўтвараюцца зараз у кучу друзу».


Пры будаўніцтве склепа Збігнеў Эдмандавіч таксама выкарыстоўваў матэрыялы ад разабраных бліндажоў…
… з іх зроблена столь. Гэтыя матэрыялы былі куплены ў вёсцы Вялікая Олься

Пакуль учытваюся ў іншыя артыкулы «Кур’ера», мой суразмоўца прыносіць невялікі стос дакументаў. Я і ў музеях такіх не бачыла! Асабліва цікавы «экспанат» — пашпарт бацькі Збігнева Коласа, з якім той у 1930-я гады ездзіў на заробкі ў Аргенціну. Каб сабраць грошы на пакупку зямлі, ён працаваў на будаўніц­тве стадыёна ў Буэнас-Айрасе.

Збігнеў Колас

Пашпарт бацькі Збігнева Коласа

Іншыя дакументы, якія належалі родным Коласа, датаваны 20-30-мі гадамі XX стагоддзя: захаваліся медыцынскія і іншыя даведкі, ваенны білет, ­атэстаты братоў, атрыманыя пасля заканчэння польскамоўнай школы…

Дарэчы, ёсць у гаспадарцы Збігнева Эдмундавіча і такі «экспанат»:

Ну а найбольшае ўражанне ў той дзень на мяне аказала падшыўка літаратурнага, мастацкага і навуковага часопіса «Пробужденіе», якую Збігневу перадаў з Аўстраліі родны брат. Большасць нумароў датуюцца 1907 (!) годам. Згадзіцеся, такія рарытэты ў хатніх бібліятэках сустракаюцца нячаста…

Расказваючы пра свае маладыя гады, Збігнеў Эдмундавіч асабліва часта ўспамінаў Карэлію — там у 60-я гады працаваў бульдазерыстам на лесанарыхтоўках. Але заўжды цікавіўся гісторыяй, шмат вандраваў па Расіі. Напрыклад, прыгадваў, што пешшу прайшоў усю 135-кіламетровую лінію Манергейма (так называецца комплекс абарончых збудаванняў паміж Фінскім залівам і Ладагай, створаны ў 1920-1930-х гадах на Карэльскім перашыйку).

На Пастаўшчыне Збігнеў працаваў у Варапаеўскай МТС, пазней — камбайнерам і, як бацька, кавалём. Разрад меў самы высокі — шосты. Аднак майстраваў не толькі ў кузні…

— У саўгасе было цяжка дапрасіцца каня, таму сваімі рукамі зрабіў першы ў ваколіцах трохколавы трактар, — расказваў ён. — Людзі з мяне смяяліся, таму хаваўся ад іх, стараўся, каб ніхто за гэтай работай не бачыў. А як змайстраваў «жалезнага каня», вяскоўцы пачалі самі звяртацца па дапамогу. Дарэчы, трактар у рабочым стане і сёння, праз 52 гады актыўнага выкарыстання.

Фота з архіва Збігнева Коласа

Пад канец размовы жыхар Пруднікаў паказаў кубачкі, якія сам вытачыў з дрэва. І прызнаўся: цяга да творчасці ў яго са школьных гадоў.

— Усім вучням тады маляваў партрэты, вельмі падабалася гэта рабіць, — гаварыў ён. — І атрымлівалася. Неяк па радыё пачуў інфармацыю, што ў Ленінградзе ідзе набор на вучобу на мастацкім факультэце. Адправіў па пошце свае работы. Даслалі адказ: прыязджайце, мы вас залічваем. У сямейным «бюджэце», як сёння памятаю, 12 рублёў было. Куды ж я паеду? Так і засталася мара марай.

…Не на адну гадзіну расцягнулася мая камандзіроўка ў Пруднікі. Падчас гутаркі Збігнеў Колас цытаваў Някрасава, чытаў на памяць вершы на беларускай мове, прыгадваў польскія жартоўныя прыпеўкі, пераказваў успаміны старажылаў, расказваў, адкуль пайшлі назвы асобных вёсак і незвычайныя мянушкі іх жыхароў. Тут не артыкул — цэлую кнігу напісаць можна! І штосьці падказвае, што не адну…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В 30-х годах ХХ века на Поставщине также были популярны сплавы на каяках
История одного экспоната. Знаете ли вы, что в Поставах еще в XVІІІ веке был кафенгауз?
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.