Андрей Смирнов и Александр Анкудович спасли селезня от неминуемой смерти

Экология

Выратавалі птушку

Гэта гісторыя адбылася яшчэ ў пачатку жніўня. Два сябры-пастаўчаніны Андрэй Смірноў і Аляксандр Анкудовіч ішлі ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі і побач з мастом праз рэчку Мядзелку заўважылі качара, які боўтаўся ў вадзе. Яшчэ здалёк было бачна, што ён трапіў у бяду: з усіх сіл махаў крыламі, матаў галавой, нібы спрабаваў ад чагосьці вызваліцца.

Калі хлопцы падышлі бліжэй, то ўбачылі ў дзюбе птушкі тоўстую капронавую нітку. Яна была прывязана да дрэва на беразе ракі. Андрэй Смірноў палез у ваду, каб вызваліць качара. Аднак самастойна зрабіць гэта не змог: дзюба была праткнута вялікім металічным кручком, які і перашкаджаў птушцы вырвацца на волю.

Андрэй і Ілля перарэзалі нітку і панеслі птушку ў РЦДМ. Па дапамогу звярнуліся да акампаніятара ўстановы Алега Жаўнова.

Андрэй Смірноў і Аляксандр Анкудовіч з выратаваным качарам

— Кручок з дапамогай пласкагубцаў дасталі не адразу — спатрэбілася хвіліны 3-4, — расказваў Алег Віктаравіч, прыйшоўшы да нас у рэдакцыю. —Ён быў унушальных памераў, на такія звычайна ловяць шчупака. Да таго ж качар зачапіў яго самай шырокай часткай дзюбы. Усё скончылася добра: кручок дасталі, напалоханую птушку аднеслі назад да ракі. Цікава, што на тым жа месцы, дзе яна боўталася яшчэ паўгадзіны назад, чакала качка з качанятамі. Мяне гэта так кранула… А хлопцы — малайцы. Яны правільна паступілі, што не прайшлі міма. Я ганаруся іх учынкам і лічу, што пра яго ўсе павінны ведаць. Тым больш што і Андрэй, і Саша, якія цяпер вучацца ў каледжах, у нас заўжды вызначаліся як актыўныя, ініцыятыўныя, дысцыплінаваныя хлопцы.

Алег Жаўноў перакананы, што на птушак з дапамогай нітак і кручкоў «палююць» асацыяльныя асобы, якія харчуюцца пярнатымі. Качак у тым месцы ракі заўсёды шмат, таму, калі апусціць у раку нажыўку, «ахвяру» чакаць доўга не трэба.

— Гэта сапраўднае браканьерства, — адзначыў начальнік Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Бабака, якога мы папрасілі пракаменціраваць здарэнне. — За такія дзеянні грамадзяне прыцягваюцца да адказнасці па артыкуле 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання) і караюцца штрафам у памеры да 50 базавых велічынь.

А я прыгадала, што ў тым жа месцы, каля мастка, у рэчцы не так даўно бачыла… абсмаленыя свіныя ногі. А колькі там вясной смецця! Прычым як у самой Мя­дзелцы, так і на берагах. Зноў узнікаюць спрадвечныя пытанні: «хто вінаваты?» і «што рабіць?». Адказ на іх знайсці можна. Але трэба шукаць…

Іна Сняжкова. Фота Алега Жаўнова



Читайте также:
Иван Кейзик из д. Кейзики ухаживает за аистом, выжившим после падения гнезда
На пруду на въезде в 6-й городок поселилась лебединая семья
В Трабутишках спасали аистенка по кличке Пушок. И спасли!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.