Долгожительница Елена Урбанович из г.п. Лынтупы отметила 100-летний юбилей

Общество

23 верасня Алене Урбановіч з Лынтуп споўнілася сто гадоў. Гэты самы круглы з усіх магчымых юбілей імянінніца адзначыла ў кампаніі блізкіх людзей. Аднак не абышлося і без сюрпрызаў…

Павіншаваць юбілярку ў той дзень прыехалі старшыні раённага савета ветэранаў — Ганна Літвіновіч, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу — Аляксей Філімонаў, Лынтупскага сельскага Савета — Аляксандр Макаранка, работнікі мясцовай сацыяльнай службы. А пасля наведаліся прадстаўнікі мясцовага Дома культуры, якія таксама падарылі доўгажыхарцы свае віншаванні. Алена Іванаўна крыху разгубілася ад такой увагі, але яна, несумненна, была прыемнай.

У соты па ліку дзень нараджэння гучала не толькі шмат пажаданняў, але і ўспамінаў. Найперш — трох дачок, якія жывуць у Лынтупах, Наваполацку і Паставах. Ды і сама доўгажыхарка мае выключную памяць — да дробязей можа расказаць пра шматлікія падзеі свайго доўгага жыцця.

А нарадзілася яна ў Рамашкавічах на Камайшчыне. У Лынтупы пераехала ў 1960 го­дзе. Муж працаваў на спіртзаводзе, сама — на ферме, даглядала цялят на адкорме. Ужо на пенсіі перанесла інсульт, але не страціла жыццялюбства, у многім дзякуючы веры.

— Мама — вельмі набожны чалавек. І цяпер пастаянна моліцца. А ў касцёл кожны дзень ха­дзіла б, калі б была магчымасць, — расказвала дачка Уладзіслава Хлявінская. — І летась яе ў храм падвозілі, і ў гэтым годзе — яшчэ мае сілы на святой Імшы прысутнічаць. Ды што там казаць на Імшы — сёлета бульбу з намі капала! Не можа яна проста ся­дзець і назіраць, як іншыя працуюць. Спрачайся-не спрачайся, а ўсё роўна не пераканаеш, што без яе дапамогі абыдземся.

А які дзень нараджэння без торта і запаленых на ім свечак? Юбілярка задзьмула іх з усмешкай.

— Пакуль жывая мама, ты адчуваеш сябе дзіцем, — гаварыла старэйшая дачка Ганна Казначэева. — І не важна, што табе самой ужо 68. Заўсёды ведаеш: за спінай ёсць анёл-­ахоўнік. І ў такім паважаным узросце мама дасць параду, маральна падтрымае. Апошнія год і восем месяцаў яна жыла ў мяне ў Наваполацку, мы нярэдка ўспаміналі былое. Нямала цяжкасцей было на яе жыццёвым шляху. Рана памёр ад хваробы муж, адной давялося вельмі шмат працаваць, каб падняць трох дачок. Нягледзячы на пастаянны недахоп сродкаў, кожная з нас атрымала адукацыю, знайшла сваё месца ў жыцці. Я, напрыклад, скончыла медвучылішча і сёння яшчэ працую аперацыйнай медсястрой.

На юбілей да доўгажыхаркі прыехалі і два яе пляменнікі. У час Вялікай Айчыннай вайны Алена Іванаўна хавала іх, зусім маленькіх хлопчыкаў, у бульбе — каб не трапілі пад варожыя кулі. Прайшоў час. «Хлопчыкам» хутка споўніцца па 80 гадоў, і яны па-ранейшаму шчыра любяць родную цётку. І гэта пачуццё ўзаемнае.

Наогул, сям’я ў Алены Урбановіч вялікая. Яна мае 5 унукаў, 8 праўнукаў. Хутка павінна з’явіцца на свет першая прапраўнучка. Жадаем дачакацца яшчэ іншых!

На Лынтупшчыне жывуць тры чалавекі, якія перасягнулі стогадовы рубеж. Жыхарцы гарпасёлка Валянціне Рыбцовай сёлета споўніўся 101 год. А Генавэфа Шчучка з вёскі Дуброўшчына ў маі 2020-га адзначыла 102-і дзень нараджэння.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
6 сентября Белорусскому республиканскому союзу молодежи исполнилось 18 лет
Каждый год поставчане отправляются в 145-километровое путешествие на плотах
Натуральные продукты. В микрорайоне строителей открылся новый магазин ОАО «Новоселки-Лучай»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.